Што думае беларуская моладзь?
Моладзевы блок сумесна з блогам “Нізкая тэорыя” правялі сацыялагічнае даследаванне палітычных поглядаў і каштоўнасцей беларускай моладзі.
Апытанне праводзілася праз інтэрнэт з 16 красавіка па 5 траўня 2022 года. У апытанні прынялі ўдзел маладыя людзі 18-35 гадоў з розным узроўнем адукацыі і з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Рэспандэнтаў і рэспандэнтак спыталі аб іх стаўленні да беларускай улады, вайны ва Украіне, даверы да беларускіх і міжнародных інстытутаў, а таксама даведаліся, што хвалюе беларускую моладзь (ад знешнасці і кар’еры да нацыянальнай культуры і эканомікі).
СТАЎЛЕННЕ ДА ІНСТЫТУТАЎ І ПРАБЛЕМЫ МОЛАДЗІ
- Сярод беларускай моладзі 17% адзначаюць, што падтрымліваюць дзеючую ўладу, а 82% – што пратэстны рух.
- У якасці актуальных праблем большасць адзначае невыкананне правоў чалавека, несумленныя выбары і палітычны пераслед. Гэтыя праблемы на першым месцы сярод тых, хто не падтрымлівае дзейную уладу, а сярод прыхільнікаў і прыхільніц – эканамічныя.
ПАЛІТЫЧНАЯ СВЯДОМАСЦЬ І ЎЦЯГНУТАСЦЬ У ПАЛІТЫКУ
- Найбольш вядомыя лідэры – Аляксандр Лукашэнка, Святлана Ціханоўская, Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. Найбольш вядомыя арганізацыі – БРСМ, Офіс Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйная рада.
- Амаль усе (90%) удзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах 2020. У выбарах ніжэйшага ўзроўню – да траціны і на іх прыхільнікі і прыхільніцы ўлады былі больш актыўнымі за праціўнікаў і праціўніц. Каля 30% моладзі былі актывістамі і актывісткамі, валанцёрамі і валанцёркамі грамадскіх арганізацый.
- 69% моладзі дэкларуюць гатоўнасць удзельнічаць у палітыцы і з’яўляюцца супернікамі ўлады. У якасці прымальнага спосабу ўдзелу яны часцей за ўсё называюць дэманстрацыі і пікеты. Менш актыўныя і прыхільнікі і прыхільніцы ўлады – часцей за петыцыі.
КАШТОЎНАСНА-ІДЭАЛАГІЧНЫЯ ЎСТАНОЎКІ
- У каштоўнасным профілі пераважаюць спецыфічна моладзевыя атрыбуты: фінансавая незалежнасць, адносіны з партнёрам ці партнёркай, адукацыя, адказнасць. Прыхільнікі і прыхільніцы ўлады часцей адзначаюць важнасць сямейных каштоўнасцей, радзей – грамадзянскіх.
- У ідэалагічным профілі моладзі пераважаюць дэмакратычныя погляды, аднак сярод прыхільнікаў і прыхільніц улады – аўтарытарныя.
МІЖНАРОДНАЯ ПАЛІТЫКА
- Найбольшая доля моладзі (42%) лічыць Балта-Чарнаморскі саюз больш прывабным для Беларусі. Найбольшы ўзровень негатыву і недаверу – да Расіі і звязаных з ёю міжнародных арганізацыях.
- У адносінах да бягучай вайны пераважае ўстаноўка на ваенны і палітычны нейтралітэт.
Атрыманыя адказы таксама былі прааналізаваны ў залежнасці ад адукацыі і палітычнай пазіцыі апытаных. Большасць прыхільнікаў і прыхільніц дзеючай улады не адзначаюць у краіне праблем з несумленнымі выбарамі і палітычным крызісам, аднак эканамічныя праблемы (такія як маленькі заробак і высокія кошты на прадукты) адзначаюць на тым жа ўзроўні або часцей, чым праціўнікі і праціўніцы. Пры гэтым сярод прыхільнікаў і прыхільніц улады 61% лічыць, што беларуская дзяржава добра спраўляецца з размеркаваннем сацыяльных даброт сярод насельніцтва.