Заява БНМС “РАДА” па пытанню змен у Крымінальны кодэкс, якія ўводзяць смяротнае пакаранне за “замах на тэрарыстычны акт”

Заява БНМС “РАДА” па пытанню змен у Крымінальны кодэкс, якія ўводзяць смяротнае пакаранне за “замах на тэрарыстычны акт”

Мы, саюз трыццаці двух дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам — Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай: 

28 красавіка Палата Прадстаўнікоў Беларусі прыняла ў двух чытаннях змены у Крымінальны кодэкс, якія ўводзяць смяротнае пакаранне за “замах на тэрарыстычны акт”. 4 траўня Савет Рэспублікі ўхваліў змену і прыняў праўкі. 

Мы прытрымліваемся пазіцыі, што смяротнае пакаранне парушае неад’емнае права чалавека на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і з’яўляецца найвышэйшай, жорсткай, бесчалавечай і прыніжаючай годнасць мерай пакарання. Дадзеная праўка дае існуючаму палітычнаму рэжыму ў Беларусі магчымасць выкарыстоўваць пагрозу легалізаваным забойствам, як метад запужвання і ўтрымання грамадзянскай супольнасці ў зручным для ўлады фармаце. 

Нагадваем, што пасля масавых пратэстаў 2020 года, прад’яўляліся абвінавачанні ў тэрарызме за злачынствы, якія раней маглі лічыцца хуліганствам; таксама абвінавачанні выносіліся журналістам, праваабаронцам і грамадскім актывістам. На дадзены момант 36 палітвязням былі прад’яўленыя абвінавачванні ці ўжо вынесены прысуд да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення ў адпаведнасці з палажэннямі Кодэкса аб “тэрарызме”. Многія прадстаўнікі дэмакратычных сіл і палітычныя актывісты знаходзяцца ў вышуку па абвінавачанні ў “тэрарызме”. Цяпер ім таксама пагражае вынясенне смяротнага прысуду.

Больш за тое, мы занепакоеныя магчымасцю шырокай трактоўкі паняцця “тэрарызм” пры вынясенні прысудаў. У Крымінальным кодэксе пад гэтае паняцце трапляюць “іншыя дзеянні, якія ствараюць небяспеку наступлення іншых цяжкіх наступстваў у мэтах запалохвання насельніцтва або дэстабілізацыі грамадскага парадку”, што ставіць пад пагрозу шырокае кола асоб.

Цяперашні палітычны кантэкст робіць такое развіццё падзеяў яшчэ больш трывожным. Падтрымка беларускім палітычным рэжымам расейскай вайсковай агрэсіі шляхам прадстаўлення тэрыторыі Беларусі для нападу на Украіну асуджаецца намі і ўсёй грамадзянскай супольнасцю Беларусі.


У сувязі з гэтым мы:

  1. Ізноў заяўляем аб сваім патрабаванні неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
  2. Нагадваем, што ў Беларусі працягваецца барацьба за дэмакратычныя каштоўнасці і заклікаем улады краін свету да ўсебаковай адкрытай падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі.
  3. Заклікаем улады краін свету да ўзмацнення санкцыйных мер у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і разгляду іншых варыянтаў палітычнага ціску.
  4. Падтрымліваем рашэнне Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) прыпыніць кантакты з рэжымам і змясціць фокус камунікацыі на грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы Беларусі.