І зноў пра SMM

SMM ужо даўно не толькі мемы, коцікі і лайкі, але і рэальны інструмент для павелічэння продажаў, пабудовы іміджу брэнда і прыцягнення новых кліентаў_ак. Пра тое, як правільна скласці SMM-стратэгію, які кантэнт публікаваць, якія інструменты выкарыстоўваць, як працаваць з каментарамі і водгукамі, а таксама як павялічыць аўдыторыю супольнасцяў, – чытайце ніжэй.
Сама абрэвіятура SMM расшыфроўваецца як Social Media Marketing, то бок маркетынг у сацыяльных сетках.
Калі казаць пра значэнне тэрміна, то SMM – гэта адзін з відаў інтэрнэт-маркетынгу, накіраваны на ўзаемадзеянне з патэнцыйнымі кліентамі з дапамогай сацсетак і месэнджараў.
SMM-прасоўванне дазваляе:
• падвысіць пазнавальнасць брэнда;
• прыцягнуць новых кліентаў_ак;
• павялічыць продажы;
• падвысіць лаяльнасць аўдыторыі;
• выбудаваць імідж брэнда;
• даведацца больш пра сваю мэтавую аўдыторыю.
Мэты SMM-прасоўвання кожная кампанія вызначае самастойна ў залежнасці ад задач.
Гэта могуць быць:
• рост пазнавальнасці брэнда (увага на колькасць падпісчыкаў_чыц і ахоп);
• стварэнне супольнасці вакол брэнда і павышэнне ўцягнутасці (аналіз рэакцыі аўдыторыі і ўзаемадзеяння з кантэнтам);
• збор лідаў і павелічэнне продажаў (улічваюцца пераходы на сайт, замовы з прамакодамі);
• аналіз сваёй мэтавай аўдыторыі (апытанні, аналіз згадак, рэакцый на кантэнт і інш.).
Задач можа быць некалькі. І для рашэння кожнай з іх варта старанна прадумаць тактыку вядзення старонак, то бок непастрэдна SMM-стратэгію.

SMM-стратэгія і спосабы яе распрацоўкі
Прапрацаваная стратэгія выратуе ад хаатычнага вядзення старонак у сацсетках, дапаможа вызначыць мэты прысутнасці ў сацыяльных медыя, спосабы і інструменты дасягнення гэтых мэтаў, расставіць прыярытэты, і, самае галоўнае, – спрагназаваць патэнцыйны эфект ад SMM-прасоўвання.
Перад тым, як пачаць распрацоўку стратэгіі, неабходна:
• вызначыць мэты, якія павінен вырашыць SMM. Яны павінны быць дакладна акрэсленымі (павялічыць групу VK на 500 падпісчыкаў_чыц) і абмежаванымі па часе (цягам 2 месяцаў). Зразумела, што мэты павінны быць дасягальнымі і рэальнымі (так-так, гэта ўсё пра SMART);
• ацаніць бягучае становішча брэнда ў сацыяльных сетках: колькасць падпісчыкаў_чыц і іх актыўнасць, кантэнт старонак, яго перыядычнасць, віды і рэакцыі аўдыторыі на розныя фарматы пастоў;
• знайсці згадкі брэнда ў сацсетках, ацаніць танальнасць гэтых згадак;
• правесці аналіз старонак канкурэнтаў_ак;
• скласці партрэт вашай мэтавай аўдыторыі ў сацсетках;
• сфармуляваць унікальную гандлёвую прапанову, прапісаць магчымыя моцныя і слабыя бакі прадукта;
• вызначыць фармат прысутнасці ў сацыяльных сетках (якія менавіта сацсеткі будуць задзейнічаныя, якія фарматы, перыядычнасць публікацый і інш.);
• вызначыць бюджэт на SMM-прасоўванне.
Умоўна ўсе сацсеткі можна падзяліць на некалькі груп:
• універсальныя сацсеткі – Facebook, Instagram, Вконтакте, Аднакласнікі, Twitter;
• відэасацсеткі – YouTube, TikTok, Vimeo;
• месэнджары – Telegram, Viber, WhatsApp;
• фотасацсеткі – Pinterest;
• бізнес-сацсеткі – LinkedIn;
• нішавыя сацсеткі – Reddit, Habr.

Пры выбары сацыяльных сетак для SMM-прасоўвання важна ўлічваць наступныя моманты:
• бізнес-мэты – гэта тое, чаго вы хочаце дасягнуць з дапамогай SMM (павялічыць продажы, выбудаваць імідж, павысіць пазнавальнасць брэнда);
• інтарэсы і сацыяльна-дэмаграфічныя дадзеныя вашай мэтавай аўдыторыі;
• тыпы кантэнту, якія вы збіраецеся выкарыстоўваць найбольш часта.
Напрыклад, калі вас цікавіць аўдыторыя маладых мам, то хутчэй за ўсё вы знойдзеце яе ў Instagram. Калі вы хочаце прыцягнуць з дапамогай кароткіх відэа аўдыторыю малодшую за 18 гадоў, то знайсці яе можна ў TikTok.
Стварэнне кантэнту для сацсетак
Існуе «залатая формула кантэнту»: 40% матэрыялаў у сацсетцы павінны быць забаўляльнага і камунікацыйнага характару, 30% – брэндавага і рэпутацыйнага, 25% – адукацыйнага і экспертнага, і толькі 5% – рэкламны кантэнт.
Забаўляльны кантэнт прыцягвае і ўтрымлівае аўдыторыю.
Ён здольны ажывіць суполку, далучыць новых падпісантаў_ак. Акрамя таго, калі ў супольнасці ёсць свой выразны стыль тэкстаў і афармлення, то пазнаць такія пасты ў стужцы будзе прасцей. Да забаўляльнага і камунікацыйнага кантэнту можна аднесці мемы, гульні, коміксы, цытаты, кароткія відэа, падборкі (відэа, кніг, сэрвісаў, месцаў), рэйтынгі, навіны, апытанні, чаты, конкурсы і розыгрышы.
Адукацыйны кантэнт дапаможа сфармаваць у сетцы статус эксперта_кі ў сваёй галіне і вырашыць праблемы або задачы карыстальнікаў_ніц.
Гэта могуць быць інструкцыі, даследаванні, гайды, кіраўніцтва, парады, агляды, інтэрв’ю, адказы на пытанні падпісчыкаў_чыц, падборкі артыкулаў блога, аб’яднаныя якой-небудзь тэматыкай.
Звычайна такі кантэнт з’яўляецца нават больш вірусным, чым, напрыклад, забаўляльны. Падборкі карысных парад, ідэй, рэцэптаў, лайфхакаў матывуюць чытачоў_чак паставіць лайк і зрабіць рэпост.
Рэпутацыйны кантэнт стварае давер да вас, працуе з сумневамі падпісчыкаў_чыц.
Можна публікаваць кейсы, водгукі кліентаў_ак, навіны кампаніі, справаздачы пра дасягненні, фота і навіны «ўнутранай кухні».
Не варта забываць пра tone of voice. Стыль пастоў не павінен моцна адрознівацца, нават калі вашай старонкай адначасова займаецца 5 спецыялістаў_ак SMM-аддзелу.
Як павялічыць аўдыторыю сацсетак. Метады SMM-прасоўвання
Універсальных рэцэптаў, на жаль, яшчэ ніхто не прыдумаў. І без метаду спробаў і памылак не абысціся. Матываваць карыстальнікаў_ніц падпісацца на старонку можна платнымі і бясплатнымі спосабамі.
Сярод платных спосабаў:
• таргетаваная рэклама;
• рэклама ў лідэраў_ак меркаванняў.
Бясплатныя спосабы прасоўвання ў сацсетках:
• бартэр з блогерамі_камі – вы прапануеце свой прадукт у абмен на публікацыю ў сацсетках;
• узаемны піяр з іншымі блогерамі_камі падобнай тэматыкі;
• віральны кантэнт (кантэнт, які падабаецца карыстальнікам_цам настолькі, што яны самі дзеляцца ім у сябе на старонцы. Тут добра працуюць карысныя падборкі, цікавыя відэаролікі, карткі-інструкцыі);
• тэматычныя хэштэгі (важна дадаваць толькі сапраўды рэлевантныя хэштэгі і, вядома, не перастарацца з іх колькасцю).
Усе пералічаныя спосабы з’яўляюцца “белымі” метадамі прасоўвання. Апроч іх ёсць «шэрыя» метады, напрыклад, масфолавінг, спам у каментарах і ў прыватных паведамленях. Таксама ёсць і «чорныя» метады: узлом акаунтаў, накрутка з дапамогай робатаў. За выкарыстанне такіх метадаў вашую старонку могуць назаўжды заблакаваць, таму лепш не рызыкаваць.