Тры кіты асабістага брэнду

Тры кіты асабістага брэнду

Асабісты брэнд – гэта не тое, што можна адчуць навобмацак. Гэта набор ментальных аспектаў, кшталту ментальнай канструкцыі, якая знаходзіцца і жыве ў свядомасці іншых людзей.

Напрыклад, вы маеце набор нейкіх якасцяў, экспертызы, ідэй, перакананняў. Вы гэта нейкім чынам транслюеце. Людзі з вамі сутыкаюцца, сыходзячы з гэтага яны фармуюць пра вас нейкае меркаванне, нейкія ўражанні, асацыяцыі. Набор гэтых асацыяцыяў і ўяўляе з сябе асабісты брэнд як ментальную канструкцыю, якая жыве не ў вашай галаве, а ў галовах іншых людзей.

Асабісты брэнд ёсць у кожнага чалавека. У кагосьці ён моцны і эфектыўны. Калі ж чалавек не займаецца кіраваннем уражаннямі пра сябе, яго_яе брэнд як бы застаецца без гаспадара_кі. Чалавек аддае поспех свайго брэнду сваёй аўдыторыі. 

Наша інфармацыйная прастора цяпер вельмі змянілася ў параўнанні з тым, што было яшчэ 5-10 гадоў таму. У які бок?

Па-першае, сёння інфармацыя ўжо не дэфіцыт, а прафіцыт.

Блогеры_кі, якія толькі пачынаюць, павінны гэта разумець. Сёння агромністая колькасць інфармацыйных плыняў выліваецца на нас штодзённа. Чалавецтва не знаходзіцца ў пошуку інфармацыі, яно знаходзіцца ў пазбяганні інфармацыі. Людзі не ў стане ўсё гэта апрацоўваць, таму яны пачынаюць іх фільтраваць.

Па-другое, да агромністай колькасці інфармацыйных каналаў страчваецца давер.

Гэта адбываецца альбо з-за ангажаванасці, альбо яшчэ з нейкіх прычын. Але тое, што працавала яшчэ некалькі гадоў таму, сёння ўжо не працуе, і, больш верагодна, што чалавек паверыць нейкай парадзе свайго знаёмага_ай, чым нейкай рэкламе альбо камунікацыі ад імя нейкага карпаратыўнага брэнда.

У цэлым давер да рэкламы вельмі моцна зніжаецца, бо аўдыторыя разумее, што за рэкламай стаіць патрэба нейкай кампаніі ў падвышэнні свайго прыбытку. А чалавек хоча зрабіць выбар на карысць нейкага тавару, прадукту, паслугі альбо эксперта_кі і не памыліцца. Але ён_яна разумее, што рэкламы вельмі шмат, і схаванай, і натыўнай.

Людзі аддаюць перавагу рэкамендацыям тых, каму яны давяраюць. Каму давяраць, а каму не, чалавек абірае па прынцыпу блізкасці каштоўнасцяў.

Напрыклад, у мяне ёсць нейкая знаёмая. Я разумею, што мы з ёй вельмі падобныя па каштоўнасцях. Калі яна мне скажа: “Слухай, я схадзіла да вось гэтага_ай спецыяліста_кі, ён_яна вельмі кампетэнтны_на!” – я абавязкова прыслухаюся да гэтага. Але калі гэтую ж інфармацыю мне скажа чалавек, каштоўнасці якога я не падзяляю, то і да меркавання, а, значыць, і рэкамендацыі гэтага чалавека я не прыслухаюся.

Калі ў вашым блогу не будзе праяўлена ваша асоба, калі вы будзеце хавацца толькі за нейкімі матэрыяламі, але не будзе зразумела, кім вы з з’яўляецеся, які вы чалавек, чым вы кіруецеся, у што вы верыце, дзеля чаго вы ўсё гэта робіце – вашай аўдыторыі будзе проста нецікава. Таму вы павінны разумець: у блогу ключавым з’яўляецца менавіта асоба самога_ой блогера_кі.

Формула асабістага брэнду

Выглядае яна вельмі проста: асоба + экспертыза + камунікацыя.

Калі выпадае хаця б адзін з гэтых элементаў, тады пра асабісты брэнд не можа быць і гутаркі. 

Для таго, каб быць экспертам_кай, вы павінны разумець, якая галіна вас цікавіць. Кожны_ая з вас павінен_а выразна для сябе зразумець, у якой сферы вы хочаце стаць экспертам_кай. Пасля гэтага вы пачынаеце ў гэтай сферы вельмі глыбока і сур’ёзна разбірацца. Без гэтага брэнда ў блогу ў вас не будзе.

Сіндром самазванца_кі

Для таго, каб сіндром самазванца_кі не замінаў нам выходзіць у свет і смела дэманстраваць сябе: “Я файны_ая і круты_ая, са мной варта ўзаемадзейнічаць” – нам неабходна з ім змагацца толькі адным чынам. Гэты спосаб завецца “факты”. Сіндром самазванца_кі абсалютна бездапаможны перад фактамі.

Вы выпісваеце са свайго свядомага жыцця ўсё, што ў вас аб’ектыўна атрымлівалася. Вы выпісваеце свае перамогі і дасягненні. Гэта можа быць што заўгодна: “Пачаў_ла пісаць у 4 гады”, “Скончыў_ла школу з залатым медалём”, “Паступіў_ла без экзаменаў”, “Атрымаў_ла працу”, “Зарабіў_ла пэўную суму грошай”, “Зрабіў_ла нейкі праект”, “Захацеў_ла пазнаёміцца з нейкім чалавекам”. Усё, што ўяўляе для вас каштоўнасць. Выпісваеце гэта і потым насупраць кожнага дасягнення распішыце падрабязна вынік і самі сабе спрабуйце патлумачыць: дзякуючы якой асабістай якасці вы гэта зрабілі. 

Страх публічнасці

Другі страх, самы распаўсюджаны – гэта страх публічнасці. Большасць людзей баяцца публічнасці, бо гэта ненатуральны для нас стан. Калі глядзець на гэта на першабытным узроўні, то гэта як бы супрацьпастаўленне зграі. Вось стаю я на трыбуне, а вось зграя сядзіць і глядзіць на мяне. І я адзін_адна супраць усіх. На падставовым узроўні наш мозг успрымае гэта, як пагрозу, небяспеку. 

Публічнасць можна таксама ў сабе легалізаваць. Калі вы падыходзіце да пытання стварэння свайго брэнда, свайго блога, праяўлення сябе як чалавека:

  1. напішыце сабе 5-15 аргументаў на карысць публічнасці, колькі атрымаецца. Пералічце, чым публічнасць будзе карысная для вас; 
  2. напішыце тыя перашкоды, з якімі вы можаце сутыкнуцца, калі вы станеце на шлях да публічнасці, той публічнасці, ад якой вы захочаце атрымліваць задавальненне. Падумайце, што вы можаце зрабіць з гэтым. Дзесьці можа дапамагчы псіхолаг_іня, дзесьці эксперт_ка, кансультацыя, кніга.

Страх публічнасці стаіць у адным шэрагу са старахам смерці, гэта вельмі распаўсюджаныя страхі. Калі вы яшчэ не выступаеце публічна, не маеце досведу працы ў эфіры, вы павінны разумець, што гэта складана пераадолець менавіта напачатку.

Але варта памятаць, што канчатковая смеласць прыходзіць з практыкай. Калі маеце магчымасць выступаць і праяўляцца – практыкуйце. Нават пасля самага правальнага выступу вашае жыццё не скончыцца.

Піраміда асабістага брэнд

Асабісты брэнд палягае на трох складніках.

Першы ўзровень – гэта падмурак, узровень прапрацоўкі вашай асобы.

Мы даследуем, хто я ёсць, чаго я хочу, у якой кропцы я знаходжуся, куды я па-сапраўднаму хачу прыйсці, якія мае каштоўнасці, якое маё бачанне, якая мая місія.

Місія адказвае на пытанне, дзеля чаго большага я раблю тое, што я раблю. Большасць людзей працуюць дзеля грошай, гэта не місія, гэта проста таварна-грашовы абмен. Місія – гэта калі вы робіце нешта такое, што можа змяніць свет, прынесці карысць.

Трэба вызначыцца, у чым ваша вялікая ідэя. Калі яна прысутнічае ў вашай дзейнасці, то чаму яна важна для вас. Гэта падобна да місіі. На гэтым узроўні самае галоўнае – зразумець, куды вы хочаце прыйсці, якая вашая мэта, якія каштоўнасці, каб прыцягнуць толькі сваіх людзей, якая місія, хто вы наогул і якія вашыя моцныя якасці. Веданне сваіх моцных якасцяў нейтралізуе сіндром самазванца_кі.

Для таго, каб зразумець, што вы вартыя быць вядомымі, не бойцеся спытаць іншых людзей, як яны вас бачаць. Паверце, іх погляд больш станоўчы, чым вам падаецца. 

Калі мы прапрацавалі ўзровень падмурку, мы пераходзім на ўзровень маркетынгу.

І да ўсяго, пра што мы даведадіся на папярэднім узроўні, дадаем сваю экспертызу. Экспертыза – гэта тое, дзе вы развіваецеся як эксперт_ка – вашыя прафесіянальныя напрацоўкі, навыкі, вынікі. На гэтым узроўні адбываецца вывучэнне мэтавай аўдыторыі.

Калі размова вядзецца пра блогінг, мы глядзім, хто з блогераў_ак займаецца падобнай тэмай. Варта падумаць, як мы будзем адрознівацца, бо перайманне – гэта заўсёды нецікава і сумна. Мы хочам зрабіць нешта ўнікальнае.

Далей мы вызначаем гэтак званыя грані брэнду. Чым больш рэльефнай і выпуклай будзе персона ў вашым блогу, тым яна будзе больш цікавай для вашай аўдыторыі. Трэба вызначыцца, з якіх ракурсаў вас паказваць, які спектр тэмаў вы хочаце адлюстраваць у вашым блогу. Калі вы будзеце казаць толькі пра палітыку – гэта вельмі аднабаковая трансляцыя вашай асобы. Можна адлюстраваць вашыя захапленні, прафесійныя напрацоўкі. Трэба вызначыць для сябе дыяпазон тэмаў – топ 3 тэмы, якія вы будзеце асвятляць. І з часам вы пачнеце асацыявацца ў людзей з гэтай тэмай, яны пачнуць вам давяраць.

Апошняе на гэтым узроўні: вызначыцца з візуалам. Як будзеце выглядаць вы і як будзе выглядаць блог. Праз візуал людзі атрымліваюць больш інфармацыі, чым праз словы, таму візуальны складнік для блогера_кі важны.

На трэцім узроўні пачынаецца прасоўванне.

У прасоўванні вельмі важны інструмент – гэта рэкамендацыі. Блог будзе расці, калі яго будуць рэкамендаваць. Каб аўдыторыя вас рэкамендавала, яна павінна захацець гэта рабіць. Каб яна захацела вас рэкамендаваць, тое што вы даеце, павінна пераўзыходзіць іх чаканні.

Вы павінны даваць аўдыторыі нешта, што яе альбо здзівіць, альбо закране, альбо парадуе. Вы не павінны пакідаць людзей абыякавымі. У чалавека павінна ўзнікаць нейкая эмоцыя, каб гэта пабудзіла яго_яе да дзеяння, а менавіта на рэкамендацыю – зрабіць рэпост, перадаслаць знаёмаму_ай, адзначыць вас у сторыз.

Узнікае лагічнае пытанне: “А што, калі я пачатковец? Што мне рабіць без крутой экспертызы і досведу?”.

Рашэнне ёсць. Калі вы толькі пачынаеце, то ў асабістым брэндынгу ёсць такі ключык пад назвай “шлях візіянера”. Калі вы сваёй аўдыторыі шчыра заяўляеце свой намер, які будзе гучаць прыкладна так: “Сябры і сяброўкі! Я збіраюся весці блог на пэўную тэму. У гэтай тэме я планую развівацца. Праз пэўны час я планую дасягнуць пэўных мэтаў. Не пераключайцеся!”. Па сутнасці пачынаецца рэаліці-шоў з вашым удзелам у галоўнай ролі. І вы паказваеце, як вы даходзіце да ўзроўня эксперта_кі. Вакол сябе вы збіраеце людзей, кажаце ім, што вам патрэбна падтрымка. І калі вы будзеце выдаваць годны кантэнт – аўдыторыя будзе дапамагаць вам.

У сярэднім праз паўгады пры ўмове рэгулярнага дыялога з аўдыторыяй у людзей фармуецца цвёрдая асацыяцыя вас з вашай тэмай. Праз паўгады яны забываюць, што вы пачатковец. 

 Для каго мець асабісты брэнд не абавязкова?

–  Хто не плануе стаць прафесіяналам_кай. Не знясільвайце сябе і аўдыторыю.

– Хто мае вельмі высокі страх перад аўдыторыяй і не хоча нічога рабіць з гэтым.

– Хто панічна баіцца крытыкі, не ведае, як з гэтым быць, і не гатовы_а ніяк працаваць.

– Хто чакае імгненнага выніку тут і цяпер. Каб стаць блогерам_ай-экспертам_кай, трэба 6-12 месяцаў руплівай працы.