Пра візуал блогу

Пра візуал блогу

Візуальная стужка – гэта першае, з чым сутыкаецца аўдыторыя, калі пераходзіць на ваш профіль. Візуал дапамагае данесці ўсю інфармацыю аб вашых інтарэсах, вашай дзейнасці. Як гэтага дамагчыся – шукайце ў матэрыяле.

Цяпер аўдыторыя стала больш занятая, у яе няма часу гартаць старонку, разбірацца. А візуал здольны за секунду перадаць увесь аб’ём інфармацыі, калі яго правільна зрабіць. Гэта датычыцца і пастоў, і рылзаў, і сторыз. Калі ў першую секунду аўдыторыю не зачапіла – мы яе губляем. Таму важна будаваць працу з візуалам на ўсіх этапах такім чынам, каб адразу ўсё было зразумела.

Праз візуал мы можам пратрансляваць свой імідж, лад жыцця, філасофію, характар, настрой, і вядома, канцэпцыю брэнда. Асноўная задача візуала – данесці ўсю інфармацыю аб вашых інтарэсах, вашай дзейнасці. Зрабіць так, каб чалавек, калі трапіў на вашую старонку, разумеў, што за яна і для каго створаная.

Другая задача – раскрыць спецыфіку або філасофію асобы. Гэта дапаможа вам вылучыцца, адрознівацца ад людзей, якія вядуць падобны да вашага блог.

З асабістымі блогамі ўсё не так катэгарычна, як з камерцыйнымі. Бо калі мы гаворым пра камерцыю, вядзем акаунт, які прадае паслугі, там усё павінна быць ідэальна. А ў асабістым блогу ўсё больш проста, гэта трансляцыя жыцця, справы тут і цяпер. Таму не так важна, каб было ўсё дасканала. Але пры гэтым павінна быць якасна. 

Канцэпцыя блогу

У першую чаргу, яна павінна быць адлюстраваннем вашай асобы. Часам пры стварэнні візуальнай канцэпцыі профілю мы ствараем і новы вобраз. Напрыклад, крутое luxury-жыццё ў профілі, недасягальнасць, а ў рэальнасці – сціплы лад жыцця. Гэтага не павінна быць. Трэба быць тым_той, кім вы з’яўляецеся, і трансляваць гэта ў візуал. Абапірайцеся на свой уласны стыль вопраткі, свой настрой, дзейнасць. Іншымі словамі, мы сваю асобу павінны распакаваць у digital-прасторы з візуальнага боку. Нашая задача – прымусіць аўдыторыю прасякнуцца вашай асобай праз профіль.

Стварэнне візуальнай канцэпцыі – гэта творчы працэс. Вам трэба скласці асацыяцыі, стыль, колеры, якія сустракаюцца ў вашай працы. Калі ў вас яшчэ  непрапрацаваная канцэпцыя, няма пэўнасці бачання візуальнага коду, не ведаеце з чаго пачаць – першае, пра што трэба падумаць, – што вам наогул падабаецца візуальна, якія колеры. Калі яркія – то ваш акаўнт павінен быць яскравым. Паціху будуйце канцэпцыю. Планаваць стужку інстаграма трэба загадзя, каб яна была канцэптуальна чыстай. Калі аўтар_ка профілю не прадумвае гэты момант, стужка выглядае размытай, і глядач_ка не разумее, за што зачапіцца воку.

Дзе можна планаваць стужку 

UNUM. З яго дапамогай можна рабіць кантэнт для Instagram, TikTok. Можна ствараць дошкі, куды вы закідваеце фатаздымкі і плануеце стужку. Можна падганяць фоткі па колеры, напрыклад, адзін фатаздымак халодны, а астатнія – цёплыя. Прылада платная.

InPreview. Бясплатная прылада, пасуе для асабістых профіляў, можна прывязаць свой акаунт і фота з яго аўтаматычна падгрузяцца. Вам застанецца толькі дадаць новыя кадры, скампанаваць і спланаваць стужку.

Хтосьці кажа, што не хапае часу посціць, не тое, што планаваць. Гэтую праблему можна вырашыць. Калі ёсць план – выкладаць пасты лягчэй. А калі плану няма, тады пост адкладаецца на нявызначаны тэрмін.

Правілы стужкі

Лаканічнасць і разнапланавасць – асноўныя правілы, каб зрабіць кантэнт разнастайным.

Планы

Чаргуйце планы: буйны, сярэдні, далёкі. Планы трэба чаргаваць у стужцы не толькі па гарызанталі, але і па вертыкалі. Тое ж самае тычыцца яркіх фота, можна змяшчаць іх у розныя месцы стужкі, каб быў акцэнт. Калі яны будуць сканцэнтраваныя ў адным месцы, у вас будзе правал за кошт таго, што чалавек адкрые профіль і пабачыць толькі гэтую яскравую пляму. Астатняе застанецца без увагі. Пажадана гэта размяркоўваць раўнамерна з астатнімі, менш яркімі выявамі. У яскравыя выявы добра змяшчаць важную інфармацыю, якую трэба прачытаць у першую чаргу. Такім чынам можна кіраваць увагай аўдыторыі.

www.instagram.com/juli.summer22

Улічваючы пералічанае, усе фота не павінны быць зроблены ў адной і той жа лакацыі і ў адзін час. Некаторыя ладзяць адну фотасэсію і робяць з яе цэлы акаўнт. Нават калі там будуць розныя планы, цікавыя ракурсы, аўдыторыя будзе успрымаць такі кантэнт як аднастайны. Калі няма магчымасці праводзіць добрыя фотасэсіі ці проста часта ставіць якасныя фатаграфіі, зробленыя на тэлефон – усё роўна намагайцеся рабіць кантэнт разнастайным. Чаргуйце ў кантэнце жыццё і прафесію.

У TikTok важна, каб само відэа было яскравым і дынамічным. На стужку там можна не звяртаць увагу. TikTok – гэта перш за ўсё змест, рэлакс, пазітыўныя эмоцыі. Агульная візуальная канцэпцыя грае ўжо другасную ролю.

Адзіны стыль

Але так ці інакш, незалежна ад таго, які гэта рэсурс, Instagram, TikTok ці Youtube, паўсюль трэба прытрымлівацца аднаго стылю. Агульны набор шрыфтоў, колераў і агульны стыль здымкаў.

www.instagram.com/hodnaby

Сацсеткі павінны дапаўняць адна адну. Бо нашая задача – стаць пазнавальнымі, каб чалавеку не прыйшлося напружвацца і ўзгадваць, ці бачыў_ла ён_яна раней гэта недзе яшчэ, чый гэта кантэнт, нават не бачыўшы нік і аватарку.

Яшчэ важна “трэніраваць вока” праглядаючы якасны візуал  і праз гэта выпрацоўваць уласны стыль. Мы робім візуал усё лепшай і лепшай якасці, бо пастаянна сочым за крутымі аўтарамі. На падсвядомым узроўні гэта дапамагае развіваць візуальнае ўспрыняцце, і хутчэй прыходзіць разуменне, якія кадры рабіць і якія посціць. Глядзіце Pinterest, арт-акаунты Instagram, натхняйцеся добрым кіно, мастацтвам.

Калі вы будзеце сачыць за добрымі працамі, вы ў выніку будзеце больш цвяроза ацэньваць якасць уласных прац.

Хайлайты

Звяртайце увагу на хайлайты,  добра, калі  яны ў адным стылі са стужкай. І каб выява асацыявалася з назвай хайлайту. Лепш за ўсё ставіць буйныя кадры, якія добра бачныя і добра чытаюцца.

Галоўнае, каб хайлайты былі працягам вашай стужкі, каб яны стылістычна пасавалі ёй. Пасаваць яны могуць праз колер альбо нейкія фірмовыя візуальныя элементы.

Існуе зручны рэсурс для вызначэння фірмовых колераў. Туды можна загрузіць фатаздымкі са сваёй стужкі і сістэма вылічыць колеры, якія найбольш часта трапляюцца на выявах. Гэтыя колеры можна паставіць на хайлайты, і стужка будзе выглядаць стылёва.

Palette

Аватарка

Бярыце такі кадр, які будзе пазнавальны ў самай маленькай мініятуры. Калі гэта ваш твар,  абірайце кантрастны партрэт.

Часта здараецца так, што пад вельмі прыгожай выявай напісаны важны вялікі тэкст, тады падпісанты_кі паставяць вам лайкі за прыгожую фотку, а не за пост. Каб рэакцыя атрымалася такой, як вы запланавалі, звяжыце важны тэкст з менш яскравай карцінкай, якая сама па сабе не з’яўляецца каштоўнай, а хутчэй фонавай. Таксама не варта выкладаць вялікі тэкст адначасова з відэа. Людзі не хочуць шмат часу траціць на прагляд стужкі. Яны абяруць адно з двух і пойдуць далей гартаць пасты.

Калі інфармацыя важная не толькі цяпер, але і на перспектыву, калі гэта нейкі карысны мастхэв, да якога можна звяртацца пастаянна, варта зрабіць так, каб пост лёгка шукаўся ў стужцы. У гэтым выпадку выстаўляйце фота, якое выклікае прамую асацыяцыю з тэкстам альбо накладзіце тэкст, указальнік, шыльду на фота. Таксама зараз можна замацаваць публікацыі, яны будут фіксавацца ў самым пачатку стужкі.

Важныя парады

Калі замаўляеце ці робіце фотасэты для сябе, будзе лепш, калі яны будуць у розных лакацыях. Адна сэсія на вуліцы, іншая ў студыя, трэцяя на прыродзе.

Наконт рылз – цяпер усе відэа ў інстаграме сталі рылзамі, нават вашыя старыя відэа. Таму ўсе відэа для цяпер рабіце пад фармат 9х16 у добрай якасці. 

Калі ў вас з’яўляюцца нейкія добрыя, прыгожыя фота – стварыце сабе тэчку “Лепшае”. Каб вы маглі ў любы зручны момант іх выцягнуць і не марнаваць час на доўгія пошукі.

Апошняя парада

Не карыстайцеся на сваім асноўным акаунце ўскоснымі неафіцыйнымі прыладамі, якія збіраюць дадатковую нестандартную статыстыку, вызначаюць, хто наведаў вашыя старонку, хто ад вас адпісаўся і інш. Instagram не ўхваляе такія прылады і можа забаніць ваш профіль. Таму для такіх эксперыментаў стварыце сабе дадатковы тэставы акаунт.