Як кіраваць праектамі і камандай? Адукацыйны курс для пачаткоўцаў
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава абвяшчае набор удзельнікаў і ўдзельніц на адукацыйны курс па асновах мэнэджмента арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Калі: лістапад 2022 – сакавік 2023.
Гэты курс аб тым, як кіраваць грамадскімі арганізацыямі і ініцыятывамі, – вызначаць мэты, планаваць праекты, матываваць каманду і забяспечыць яе эфектыўную працу, ацэньваць эфектыўнасць дзейнасці і падвышаць устойлівасць.
Курс будзе складацца з:
- самастойнага вывучэння ўдзельнікамі/-цамі матэрыялаў на анлайн-платформе;
- групавых анлайн-заняткаў з экспертамі і эксперткамі курса;
- выканання практычных заданняў з атрыманнем зваротнай сувязі;
- двух афлайн 3-дзённых трэнінгаў у снежні 2022 (Грузія) і сакавіку 2023 (Літва).
Удзельнікі/-цы курса падвысяць свае веды і ўменні па наступных тэмах:
- роля і функцыі арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС);
- падыход, заснаваны на правах чалавека, і скразныя каштоўнасці ў дзейнасці АГС;
- планаванне ў АГС, распрацоўка праектаў;
- лідэрства ў АГС; матывацыя, праца каманды, вырашэнне канфліктаў;
- ацэнка патрэбаў мэтавых груп;
- маніторынг і ацэнка эфектыўнасці дзейнасці;
- прынцыпы добрасумленнага кіравання (good governance), забеспячэнне ўстойлівасці арганізацыі.
Для каго:
прадстаўнікі/-цы беларускіх грамскіх арганізацый і ініцыятыў, якія працуюць з тэмамі правоў чалавека. Магчымы ўдзел 2 чалавек ад арганізацыі. Пры адборы перавага будзе наддавацца:
- арганізацыям/ініцыятывам, якія пачалі сваю працу пасля жніўня 2020;
- заяўнікам, якія далучыліся да больш дасведчаных арганізацый за апошнія 2 гады і маюць недастатковыя кіраўнічыя кампетэнцыі.
Ахвочым далучыцца на адукацыйны курс трэба запоўніць заяўку не пазней за 12:00 31 кастрычніка (па беларускім часе). Вынікі адбору будуць вядомыя да 4 лістапада.
Даведацца больш можна на сайце БДПЧ.