“Важна адрозніваць і падзяляць беларускі рэжым і беларускае грамадства”

“Важна адрозніваць і падзяляць беларускі рэжым і беларускае грамадства”

Старшынька БНМС “РАДА” Маргарыта Ворыхава прыняла ўдзел у штогадовай Генеральнай Асамблеі нямецкага нацыянальнага моладзевага савета ў Берліне, дзе прадставіла позву беларускай моладзі ў кантэксце поўнамаштабнага нападу на Украіну.

Нямецкі нацыянальны моладзевы савет DBJR прадстаўляе інтарэсы дзяцей і моладзі у грамадстве, а таксама ва ўрадавых і парламенцкіх справах. DBJR працуе ў камітэтах і працоўных групах і выдае заявы па законах і даклады для моладзі. Ён прасоўвае і выносіць позву моладзі ў палітычную дыскусію.

Падчас мерапрыемства таксама абмяркоўваліся актуальныя тэмы для нацыянальных моладзевых саветаў Малдовы, Літвы, Украіны і Паўночнай Македоніі, як на іх і нашу працу паўплывала зменлівая сітуацыя.

У рамках удзелу ў мерапрыемстве, Маргарыта ўзняла актуальныя для беларускай моладзі і беларускіх моладзевых арганізацый тэмы:

  • звужаючаяся прастора
  • выклікі студэнцкай супольнасці
  • праблемы адаптацыі моладзі ў эміграцыі
  • легальныя рамкі для існавання грамадзянскага сектара ў Беларусі
  • нарастаючая тэндэнцыя дыскрымінацыі беларусаў і беларусак

На панэльнай дыскусіі мы расказалі пра тое, як важна адрозніваць і падзяляць беларускі рэжым і беларускае грамадства, да якіх наступстваў прыводзіць мова варожасці і дыскрымінацыйныя практыкі ў дзяржаўных установах.

Маргарыта Ворыхава

Нагадаем, што сёлета РАДА распрацавала рэзалюцыю аб недыскрымінацыі беларусаў і беларусак, прынятую абсалютнай большасцю галасоў на генеральнай асамблеі Еўрапейскага моладзевага форуму ў Бруселі.