Голас беларускай моладзі будзе гучаць у Радзе Еўропы: удзел у Кантактнай групе
7 лістапада старшынька Савета БНМС “РАДА” Марго Ворыхава прыняла ўдзел у першым паседжанні Кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Еўропы разам з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі беларускіх НДА, дэмакратычнай апазіцыі і Святланай Ціханоўскай.
Што такое Рада Еўропы
Рада Еўропы – міжнародная арганізацыя (аб’ядноўвае 46 дэмакратычных краін Еўропы), створаная з мэтай прасоўвання дэмакратыі, абароны правоў чалавека і ўмацавання вяршэнства права ў Еўропе. Дзейнасць Рады Еўропы накіраваная на садзейнічанне супрацоўніцтву паміж краінамі Еўропы ў галіне стандартаў права, правоў чалавека, дэмакратычнага развіцця і законнасці. Усе краіны-сябры падпісалі Еўрапейскую канвенцыю аб правах чалавека – міжнародную дамову па абароне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права.
Рада Еўропы таксама сочыць за тым, як дзяржавы выконваюць міжнародна-прававыя дакументы, якія яны падпісалі, і аказвае ў гэтым неабходнае тэхнічнае садзейнічанне.
Чаму гэта важна?
У Кантактнай групе па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам 10 чалавек. З боку Рады Еўропы ў яе ўвайшлі прадстаўнікі і прадстаўніцы ключавых арганізацый Рады, у тым ліку ПАРЕ і Офіса камісара па правах чалавека.
Як удакладніў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, стварэнне падобнай структуры пры Радзе Еўропы – гэта прэцэдэнт, паколькі Беларусь фармальна не ўваходзіць у гэтую структуру. Да таго ж Рада Еўропы працуе з урадамі, але не з асобнымі грамадзянамі. На яго думку, гэта можна лічыць прызнаннем ролі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.
На сустрэчы 7 лістапада абмяркоўваліся прыярытэты групы па супрацоўніцтве паміж Радай Еўропы, беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю.
Асноўнымі тэмаміі, пазначанымі “РАДА”, сталі:
- абарона правоў моладзі і распрацоўка канцэптуальнага падыходу да іх прасоўвання
- садзейнічанне ўдзелу моладзі
- нарошчванне патэнцыялу моладзі
“Мы гатовы супрацоўнічаць і будаваць разам новую Беларусь. Новую краіну, дзе моладзь больш не сядзіць у турмах. Дзе моладзь удзельнічае ў працэсе прыняцця рашэнняў, атрымлівае якасную адукацыю, разумее і мае магчымасць абараняць свае правы” – адзначыла Старшынька БНМС “РАДА”.
Супрацоўніцтва з беларускай уладай Рада Еўропы прыпыніла ў сакавіку 2022 года ў сувязі з удзелам Беларусі ў вайсковай агрэсіі супраць Украіны. У той жа час камітэт вырашыў падтрымліваць і ўмацоўваць адносіны з беларускай грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.