У Беларусі хочуць увесці абавязковае размеркаванне пасля ВНУ для ўсіх

У Беларусі хочуць увесці абавязковае размеркаванне пасля ВНУ для ўсіх

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава 16 лістапада заявіла, што Мінадукацыі атрымала распараджэнне размяркоўваць не толькі выпускнікоў_ніц, якія атрымалі адукацыю на бюджэтнай аснове, але “ўсіх”. Г.зн. і так званых платнікаў.

“Міністэрству адукацыі, ВНУ пастаўлена задача — размяркоўваць не толькі тых, хто вучыўся на бюджэтнай аснове, а размяркоўваць усіх”, — заявіла Наталля Качанава.

Ці могуць паводле законаў Беларусі размяркоўваць платнікаў?

Згодна з артыкулам 72 Кодэкса Аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, размеркаванне — гэта працэдура вызначэння месца працы выпускніка_цы, якая ажыццяўляецца дзяржаўнай установай адукацыі або ў выпадках, устаноўленых урадам, дзяржаўным органам, «у мэтах падтрымкі выпускнікоў, задавальнення патрэб галін эканомікі і сацыяльнай сферы ў спецыялістах, рабочых, служачых».

Як бачым, у самой фармулёўцы размеркавання не гаворыцца аб аплаце навучання. Мала таго, паводле артыкула ад размеркавання вызваляюцца некаторыя катэгорыі студэнтаў_ак, і ў спісе няма тых, хто аплаціў сваё навучанне:

  • члены нацыянальных спартыўных каманд Беларусі,
  • тыя, хто прайшлі навучанне ў месцах зняволення,
  • выпускнікі_цы спецыяльных навучальна-выхаваўчых устаноў і спецыяльных лячэбна-выхаваўчых устаноў,
  • тыя, хто прайшлі навучанне па воінскіх спецыяльнасцях,
  • замежнікі.

Атрымліваецца, што студэнты_кі, якія прайшлі навучанне на платнай аснове, тэарэтычна могуць быць размеркаваны?

Пакуль не. У тым жа артыкуле 72 Кодэкса аб адукацыі ў пунктах 4 і 5 устанаўліваюцца тэрміны размеркавання для выпускнікоў_ніц сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ВНУ. І вось там ужо прысутнічае фармулёўка, што адпрацаваць нейкую колькасць гадоў абавязаны тыя, хто навучаўся “за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту”.

Варта памятаць, што ў артыкуле 72 Кодэкса аб размеркаванні выпускнікоў_ніц за свой кошт увогуле не згадваюць. Але гэта не гарантыя, што размяркоўваць не будуць. Бо там жа ў Кодэксе ёсць вось такая агаворка:

“Парадак размеркавання, а таксама працаўладкавання выпускнікоў дзяржаўных устаноў адукацыі ў частцы, не ўрэгуляванай гэтым Кодэксам, вызначаецца ўрадам Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь”.

Так што парадак размеркавання студэнтаў_ак-платнікаў могуць урэгуляваць пастановай Саўміна або ўказам прэзідэнта, і для гэтага нават не спатрэбіцца выпраўляць Кодэкс аб адукацыі.

Размеркаванне як «узнагарода»

Раней паведамлялася, што размовы аб размеркаванні студэнтаў_ак-платнікаў ва ўладных колах ходзяць даўно. Яшчэ ў траўні 2021 года, Ігар Карпенка, будучы міністрам адукацыі, расказаў аб тым, што ў Беларусі прадугледжана магчымасць прадастаўляць першае працоўнае месца і статус маладога_ой спецыяліста_кі і платнікам, якія звярнуліся ў камісію па размеркаванні. Паводле яго слоў, такіх спецыялістаў_ак набіраецца каля 1 тысячы чалавек за год.

«Але калі рабіць абавязковым размеркаванне для гэтай катэгорыі, незразумелы механізм пакрыцця сродкаў, калі чалавек не паедзе на месца адпрацоўкі, механізм стымулявання туды ехаць. Мусіць, гэта замоўцам кадраў трэба паклапаціцца, як замацоўваць у сябе кадры. Прафарыентацыйная праца павінна ажыццяўляцца па-новаму», – завіяў ён тады.

А намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка выказаў тады думку аб тым, што размеркаванне на першае працоўнае месца ў дзяржаве павінна разглядацца як узнагарода для тых, хто атрымлівае адукацыю на бюджэтнай аснове.

Чаму размяркоўваць платнікаў – дрэнная ідэя?

Ліза Даўгулевіч, сяброўка Савета “РАДА“, сакратарка знешніх сувязяў ЗБС

Беларускае студэнцтва і на сённяшні дзень сутыкаецца з неідэальнасцю інстытута размеркавання. Некаторыя шукаюць пэўных кансультантаў_ак, каб атрымаць лепшае месца адпрацоўкі. Магчыма, пасля узгаднення новаўвядзення Качанавай, каб размеркавацца ў жадаемы горад, у Беларусі павялічыцца колькасць фіктыўных шлюбаў і ліпавых месцаў працаўладкавання. 

Адзіным легальным спосабам пазбегнуць размеркавання для бюджэтніка з’яўляецца выплата дзяржаве грошай, якія былі патрачаны на навучанне студэнта_кі. Але ці значыць гэта, што і платнікам будзе патрэбна знову аддаваць грошы, каб не адпрацоўваць вучобу? 

Як вынік, з Беларусі можа з’ехаць усё больш і больш выпускнікоў_ніц школ, каб пазбегнуць абавязковай працы пасля сканчэння ўніверсітэту, таму што кошты за навучанне на некаторых спецыяльнасцях застаюцца аднолькавымі з краінамі захада. 


Крыніца: telegraf.news