Конкурс праектных прапаноў Belarus Beehive
Праграма Belarus Beehive адкрывае прыём праектных заявак на стварэнне або падтрыманне дзейнасці кааліцый грамадзянскай супольнасці, якія працуюць у сферах адукацыі, культуры, мясцовага самакіравання.
Хто можа падаць заяўку
Арганізацыі грамадзянскай супольнасці, як зарэгістраваныя (у Беларусі, суседніх краінах ці краінах – чальцах ЕЗ), так і незарэгістраваныя ініцыятывы. Асобы, якія дзейнічаюць ад імя нефармальнай групы ці ініцыятывы, таксама могуць падаць заяўку.
Атрымальнікі павінны мець адпаведную сістэму фінансавага кіравання дзеля забеспячэння адэкватнай справаздачнасці і кантролю, магчымасць падаць неабходную дакументацыю, якая пацвярджае выдаткi, ці быць гатовымi прайсці курс навучання ў галіне фінансавага кіравання.
Прэтэндэнты могуць дзейнічаць індывідуальна або ў партнёрстве. У выпадку партнёрства адна фізічная або юрыдычная асоба павінна выступаць як вядучая арганізацыя. Вядучаму заяўніку дазваляецца выступаць як партнёру ў іншых праектах.
Тэматычныя кірункі праграмы
Праграма фінансава падтрымлівае грамадзянскія ініцыятывы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці наступных тэматычных кірункаў:
- адукацыя
- культура
- мясцовае самакіраванне
- прафсаюзы і працоўныя дачыненні
- журналістыка раследаванняў
- падтрыманне кааліцыяў
Іншыя сферы дзейнасцi таксама могуць быць уключаныя, калі гэта апраўдана і адпавядае мэтам праграмы Belarus Beehive.
Тыпы праектаў
У сферы адукацыі
Падтрыманне ініцыятываў у галіне грамадзянскай адукацыі, дапамога прыватным школам, супольнасцям і асацыяцыям настаўнікаў, супольнасцям бацькоў ды інш., каб забяспечыць якасную, сучасную і свабодную ад прапаганды адукацыю або асобныя навучальныя курсы; укараненне інавацыяў у адукацыйнае асяроддзе (у тым ліку «edtech»); падтрыманне аўтаноміі адукацыйных установаў і практык удзелу ў кіраванні, і інш.
У сферы мясцовага самакіравання і развіцця мясцовых супольнасцяў
Падтрыманне дзеянняў мясцовых дваровых ініцыятываў і створаных нанова або адноўленых органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, накіраваных на развязанне мясцовых праблемаў і задавальненне мясцовых патрэбаў; правядзенне грамадскіх дыскусіяў, прысвечаных рэформам мясцовага самакіравання; падтрыманне мерапрыемстваў, якія звязаныя з мясцовымі выбарамі і г. д., дапамога мерапрыемствам мясцовых жыхароў дзеля паляпшэння мясцовых умоваў жыцця і самаарганізацыі ў розных фарматах.
У сферы культуры
Падтрыманне творчых праектаў рэпрэсаваных мастакоў і культурных калектываў; тэрміновае фінансаванне ініцыятываў; тэставанне новых змяшаных мадэляў фінансавання культуры; дапамога прафесійным аб’яднанням у сферы культуры і культурных хабаў; развіццё «супольнасцяў спадчыны».
Для прафсаюзаў, а таксама ў працоўнай і сацыяльнай сферы
Кампаніі дзеля павышэння дасведчанасці і кампаніі рэкрутынгу новых чальцоў для прафсаюзаў; стварэнне і дапамога новым прафсаюзным арганізацыям і іх дзейнасці, і падобнае.
Для журналістыкі раследаванняў
Раследаванні, якія дазваляюць праліць святло на ўнутраную механіку ўлады, на павыбарчыя падзеі ў краіне, рэпрэсіі ды адказных за іх, і на падобныя тэмы.
Як падаць заяўку
Форма заяўкі складаецца з двух абавязковых дакументаў:
- апісанне праекта (для заявак патрэбна абавязкова кіравацца ўзорам);
- бюджэт у еўра (для заявак па ўсіх кірунках абавязкова кіравацца ўзорам).
Форма заяўкі запаўняецца на беларускай, рускай або англійскай мовах і можа ахопліваць адзін або некалькі тэматычных сектараў.
Тэрміны разгляду
Заяўкі будуць прымацца на сталай аснове да 30 снежня 2022 года.
Падрабязнасці вы можаце знайсці на сайце праграмы.