Ці патрэбна рэгуляваць валанцёрскую дзейнасць?
Валанцёрскі рух Беларусі развіваўся без умяшання дзяржавы і стаў асновай дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці і важнай часткай сацыяльных працэсаў у сучаснай Беларусі, асабліва ў 2020-2022 гг. У якасці адказу на ўзрослую ролю валанцёрства ў грамадстве рэжым Лукашэнкі спрабуе стварыць заканадаўчыя падставы для кантролю гэтай сферы, у тым ліку праз «Закон аб валанцёрстве», які распрацоўваецца.
Сфера валанцёрства ў Беларусі знаходзіцца ў стане развіцця, пры гэтым адзначаюцца 2 вялікія тэндэнцыі:
- умацаванне і развіццё валанцёрства праз рост колькасці і фарматаў ініцыятыў і людзей, якія ў іх удзельнічаюць
- імкненне рэжыму Лукашэнкі аслабіць рух праз заканадаўчае рэгуляванне
Адначасова з гэтым валанцёрства і гарызантальныя сацыяльныя сувязі развіваюцца, набываючы новыя формы і прырастаючы колькасцю. З’яўляюцца новыя людзі і ініцыятывы, якія працягваюць добраахвотніцкую дзейнасць. У валанцёрскім руху мы бачым аснову дэмакратычнай гарызантальнай адкрытай будучыні Беларусі. У сувязі з чым неабходны набор дзеянняў, якія дапамогуць развіваць гэтую сферу і кампетэнцыі людзей у гэтай сферы.
На дадзены момант у Беларусі дзейнічае некалькі заканадаўчых актаў, якія рэгулююць і ўплываюць на сферу валанцёрства:
- Канцэпцыя арганізацыі моладзевага валанцёрскага (добраахвотніцкага) руху ў Рэспубліцы Беларусь (Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь)
- Распрацоўваецца Закон аб валанцёрстве (Праект)
Аднак абодва дакументы не адлюстроўваюць рэальны запыт грамадства і валанцёрскай супольнасці, а таксама не фармуюць устойлівага падмурка развіцця валанцёрскага руху ў Беларусі. У іх утрымліваецца хутчэй уяўленне палітычнага рэжыму Лукашэнкі аб валанцёрскім руху. Ніякіх змен з улікам досведу валанцёрскіх ініцыятыў 2020-2022 гг. у гэтых дакументаў не выяўлена. Прысутнічае зваротны працэс – уключыць абмяжоўваючы спіс таго, што можа лічыцца валанцёрскай дзейнасцю. І хоць да прыняцця Закона, а тым больш да яго рэалізацыі ў рамках дзяржаўнай праграмы яшчэ пройдзе час, у фармулёўках бачная відавочная аднабокасць і адсутнасць адлюстравання рэальнасці. Слабымі месцамі Закона з’яўляюцца адсутнасць выгод для валанцёраў і валанцёрак, бачання валанцёрскага руху.
Такі працэс – уключэнне кантролю над сферай валанцёрства з боку дзяржавы – не з’яўляецца новым. У мінулым падобныя тэндэнцыі выяўляліся ў сусветнай гісторыі неаднаразова і прыводзілі да пагаршэння сферы валанцёрства. Часцяком гэта было звязана з рэсурсамі, якія дзяржава спачатку вылучала на дзейнасць валанцёрскіх арганізацый, а затым скарачала пад уздзеяннем рэформаў ці эканамічнай бязладзіцы. Пасля скарачэння дзяржаўнага фінансавання валанцёрскі рух цярпеў крызіс, але толькі часовы. На змену звыклых да дзяржаўных рэсурсаў прыходзілі новыя валанцёрскія арганізацыі, якія створаны і функцыянуюць без дзяржаўнага «заступніцтва». У сувязі з чым усталяваўся своеасаблівы падыход неўмяшання дзяржавы ў валанцёрскі рух грамадзянскай супольнасці.
Ключавымі дзеяннямі па падтрымцы валанцёрскага руху павінны стаць распрацоўка дэмакратычнай грамадзянскай супольнасцю, валанцёрамі і валанцёркамі плану дзеянняў, які ўключае канцэпцыю падтрымкі і развіцця валанцёрскага руху ў Беларусі, а таксама рэсурсную і адукацыйную аснову.
«У скандынаўскіх краінах падыход да валанцёрства развіваўся некалькі стагоддзяў – і ім ніколі не быў патрэбен асобны закон»
«Піша інтернет-часопіс CityDog»:
“Чаго жадаюць валанцёры і валанцёрскія арганізацыі? Прызнання таго, што яны прыносяць карысць грамадству, каб для іх былі прадугледжаны, напрыклад, нейкія падатковыя паслабленні або каб час, патрачаны на валанцёрства ў нейкай арганізацыі, прыраўноўваўся да ўдзелу ў яе фінансаванні.
Рэгуляваць – гэта, вядома, добра, але важна, каб закон не перашкаджаў валанцёрам. Гэта і ёсць галоўная складанасць. Валанцёрскія арганізацыі могуць спакойна існаваць і без такога закону, але добра складзены закон дапаможа ім лепш функцыянаваць і прыносіць больш карысці – гэта і ёсць мэта закона. Аднак я чытаў праект вашага закону аб валанцёрах. Я б сказаў, што ў такім выглядзе ён можа прынесці больш шкоды, чым карысці”.