Моладзь пад рэпрэсіямі. Лістапад

Моладзь пад рэпрэсіямі. Лістапад

Мы лічым важным гаварыць пра ўзровень рэпрэсій, які ёсць у Беларусі. Амаль ніводны дзень не праходзіць без навінаў пра затрыманні беларусаў і беларусак. Ніжэй вы можаце знайсці вытрымку з дайджэсту “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай за лістапад.

Вы можаце дасылаць інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў і беларусак, у бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі.


Былую настаўніцу беларускай мовы, палітвязня Эму Сцепулёнак асудзілі на 2 гады калоніі. Суддзя Ірына Яскевіч Міёрскага раённага суда палічыла яе вінаватай у парушэнні арт. 368 (абраза прэзідэнта) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Сцепулёнак была ўзятая пад варту ў зале суда. Вядома, што асуджаная мае некалькі хранічных захворванняў, якія абвастрыліся падчас яе знаходжання пад вартай. У сувязі са знаходжаннем пад арыштам да суда на працягу года, пазбаўленне волі Сцепулёнак пасля вынясення прысуду працягнецца каля 4 месяцаў.


21 лістапада падчас заняткаў быў затрыманы навучэнец Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Максім Гуйдо. Вядома, што раней ён працаваў у міліцыі, адкуль звольніўся ў 2020 годзе.


Затрыманы сузаснавальнік навукова-адукацыйнага праекта “Разумны Мінск” Сяргей Саўкін. Паводле інфармацыі ў відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале, Саўкіна абвінавачваюць у тым, што ў сцэнары навагодняй праграмы “Разумнага Мінска” для дзяцей прысутнічае фраза “Стары Дзед Мароз стаміўся, таму прыйшоў час выбіраць новага”. Таксама ў відэа Саўкін сцвярджае, што ён удзельнічаў у акцыях пратэсту, блакаваў рух транспарту, быў падпісаны на тэлеграм-каналы, прызнаныя ўладамі “экстрэмісцкімі”.


Дзве настаўніцы сельскіх школ Гомельскай вобласці (меркавана — Буда-Кашалёўскага раёна) былі затрыманыя і аштрафаваныя за падпіску на інфармацыйныя рэсурсы, прызнаныя ўладамі “экстрэмісцкімі”. Відэазапіс з імі з’явіўся ў адным з гомельскіх праўладных тэлеграм-каналаў.


23 лістапада Магілёўскі абласны суд паўторна разгледзеў справу 20-гадовай студэнткі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А. Куляшова, палітзняволенай Дануты Перадні, паколькі Кіраўскі раённы суд, які раней вынес дзяўчыне прысуд, не меў права разглядаць гэтую справу. У выніку новага разгляду быў вынесены такі ж прысуд: 6,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за рэпост публікацыі, у якой асуджаліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі па развязванні вайны супраць Украіны.


Крыніца: дайджэст “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай