Міжнародная дзейнасць “РАДА”

Міжнародная дзейнасць “РАДА”

БНМС “РАДА” вядзе актыўную міжнародную дзейнасць, каб тэма Беларусі і беларускай моладзі працягвала гучаць на еўрапейскім узроўні. Пазнаёмім вас з некаторымі мерапрыемствамі, у якіх узялі ўдзел прадстаўнікі і прадстаўніцы “РАДА”.


23-27 Лістапада прадстаўнікі і прадстаўніцы БНМС “РАДА” прынялі ўдзел у Генеральнай асамблеі Еўрапейскага моладзевага форуму.

Еўрапейскі моладзевы форум (ЕМФ) з’яўляецца платформай моладзевых арганізацый Еўропы, прадстаўляе больш за 100 моладзевых арганізацый, якія аб’ядноўваюць дзесяткі мільёнаў маладых людзей з усёй Еўропы. РАДА з’яўляецца поўным сябрам Еўрапейскага моладзевага форуму, а таксама прадстаўлена ў Працоўнай групе па правах моладзі.

Міжнародны сакратар “РАДА” Лявон Марозаў і Старшыня Савета “РАДА” Марго Ворыхава

Праца Моладзевага форума накіравана на пашырэнне магчымасцей для маладых людзей актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства для паляпшэння ўласнага жыцця, прадстаўляючы і адстойваючы свае патрэбы і інтарэсы, а таксама патрэбы і інтарэсы сваіх арганізацый.

Сёлета Генеральная асамблея ЕМФ абрала новы склад Праўлення на 2023-2024 гг. Ён пачынае свае паўнамоцтвы 1 студзеня 2023 г. і будзе кіраваць працай Еўрапейскага моладзевага форума.

Падчас Асамблеі былі прынятыя рэзалюцыі па Салідарнасць з пратэстоўцамі ў Іране,а таксама  Прапанова аб падтрымцы выключэння Нацыянальнага моладзевага савета Расіі – Генеральная Асамблея ЕМФ прагаласавала за спыненне сяброўства моладзевага савета Расіі (НМСР) у платформе.

63 арганізацыі прагаласавалі за выключэнне, грунтуючыся на парушэнні саветам Расіі выяўленай місіі і бачання Еўрапейскага Моладзевага форума.


З 30 лістапада па 5 снежня прадстаўніцы Савета “РАДА” Ганна Холад і Станіслава Цярэнцьева наведалі Кішынёў для сустрэчы ў рамках Усходняга партнёрства. 

Разам з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі моладзевых саветаў Украіны, Малдовы, Сакартвела і Азербайджана ўдалося стварыць праект дакумента са Стратэгіяй на наступныя 4 гады і планам дзеянняў на 2023 год. У прыватнасці, вызначаны фундаментальныя каштоўнасці і прыярытэты далейшага супрацоўніцтва.

Удзельнікі і ўдзельніцы сустрэчы

Верым, што сумеснымі намаганнямі мы зможам рэалізаваць амбіцыйныя планы і дасягнуць зменаў да лепшага!


Яшчэ ў кастрычніку сяброўка Савета “РАДА” Марына Нікіфарэнка прыняла ўдзел у мерапрыемстве “Consultation on the EU Charter on Youth and Democracy” ад Еўрапейскага Камітэту Рэгіёнаў.

Еўрапейскі Моладзевы Форум і Еўрапейскі Камітэт Рэгіёнаў працавалі разам над падрыхтоўкай Хартыі Еўрапейскага Саюза па моладзі і дэмакратыі. Хартыя будзе імкнуцца пабудаваць і кансалідаваць дэмакратычную прастору для моладзі і забяспечыць пастаяннае прадстаўніцтва меркаванняў моладзі ў Еўропе. Хартыя мае характар рэкамендацый. Прадстаўніца “РАДА” прыняла ўдзел у кансультатыўнай сесіі, дзе прадстаўляла беларускую моладзь.

Хартыя аб моладзі і дэмакратыі

​​​Для дэмакратыі ў 21 стагоддзі нам патрэбныя інавацыйныя інструменты і сродкі для стварэння больш інклюзіўнага і дэмакратычнага грамадства. Грамадства, дзе прадстаўлены кожны і кожная, незалежна ад сацыяльнага паходжання, расы, полу, сексуальнай арыентацыі, перакананняў або памкненняў.

Еўрапейскі камітэт рэгіёнаў аб’яднаў намаганні з Еўрапейскім моладзевым форумам для сумеснага стварэння Хартыі аб моладзі і дэмакратыі. Хартыя імкнецца пабудаваць і ўмацаваць дэмакратычную прастору, больш прыязную да моладзі, каб пераканацца, што галасы маладых людзей будуць афіцыйна і пастаянна прадстаўлены ў ЕС.

Канчатковая Хартыя змяшчае 49 рэкамендацый, якія тычацца дэмакратычнага ўдзелу моладзі на трох узроўнях кіравання:

  • мясцовым і рэгіянальным
  • нацыянальным
  • еўрапейскім

Еўрапейскі ўзровень разглядаецца з упорам на адукацыю, супрацоўніцтва і інфармацыю, пашырэнне правоў і магчымасцей моладзі, лідэрства і дэмакратычны ўдзел, ролю новых тэхналогій і лічбавізацыі, а таксама інтэграцыі моладзі ў палітыку і палітычнае прадстаўніцтва.

​Хартыя была адобрана прэзідэнтамі Еўрапейскага камітэта рэгіёнаў і Еўрапейскага моладзевага форуму на пленарным пасяджэнні 1 снежня 2022 г. у прысутнасці прадстаўнікоў і прадстаўніц еўрапейскіх інстытутаў і іншых ключавых зацікаўленых бакоў. 

Азнаёміцца з тэкстам Хартыі можна на ангельскай мове па спасылцы.