Моладзь пад рэпрэсіямі. Снежань

Моладзь пад рэпрэсіямі. Снежань

Вытрымка з дайджэсту “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай за снежань. Вы можаце дасылаць інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў і беларусак, у бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі.


Палітвязень, настаўніца з г. Хойнікі Ірына Абдукерына была асуджаная на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за відэаздымку перасоўвання расійскай вайсковай тэхнікі ды адпраўку відэа ў канал “Беларускі Гаюн”. Абласны суд Гомеля прызнаў жанчыну вінаватай у “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці”, “дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь” і “распальванні варожасці”. Прысуд агучыў суддзя Руслан Царук. Акрамя тэрміна ў калоніі, Абдукерынай таксама прысуджаны штраф памерам у 100 базавых велічыняў. Пад вартай жанчына знаходзіцца з моманту затрымання — з 5 красавіка 2022 г.


25 лістапада студэнта Уладзіміра Запольскіх асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і выплату штрафу памерам у 200 базавых велічыняў. Суддзя С.А. Бандарэнка падчас закрытага судовага паседжання прызнала Запольскіх вінаватым па “пратэсных” артыкулах Крымінальнага Кодэкса: 342 ч.1 (“арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”), 369 ч.1 (“дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”) і 130 (“распальванне варожасці”).


30 лістапада падчас масавых затрыманняў у горадзе Міёры Віцебскай вобласці быў затрыманы выдатны беларускі гісторык-даследчык, краязнаўца, кіраўнік музейнага аб’яднання “Спадчына Міёрскага краю”, настаўнік вышэйшай катэгорыі Вітольд Ярмалёнак. Вядома, што разам з ім затрымалі ягонага сына Антона.


Сталі вядомыя падрабязнасці па характарыстыцы, якую плануюць увесці ўлады для выпускнікоў_ніц школ: яе неабходна будзе прадставіць у ВНУ пры паступленні; яна будзе мець форму, зацверджаную сумесна Міністэрствам адукацыі і педсаветам школы; яна будзе ўключаць 11 пунктаў, у тым ліку інфармацыю па ўдзеле ў мерапрыемствах БРСМ, па сям’і дзіцяці і затрыманнях праваахоўнымі органамі. Пры роўнасці балаў абітурыентаў_ак на ўступных іспытах будзе ўлічвацца дадзеная характарыстыка.


Ва ўніверсітэтах Гродзенскай вобласці праходзіць анкетаванне студэнтаў_ак на тэму іх каштоўнасных арыентацый. Характэрна, што ў анкеце ёсць пытанне пра давер незалежным СМІ, пераважная большасць якіх прызнана ўладамі “экстрэмісцкімі” і падпіска на каналы якіх у многіх выпадках караецца адміністрацыйным арыштам. Таксама ў студэнтаў_ак цікавяцца, ці гатовы яны пратэставаць супраць улады і наколькі іх непакоіць магчымасць пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі.


17-гадовага школьніка гімназіі No2 г. Баранавічы паказальна ўзялі пад варту ў актавай зале навучальнай установы ў прысутнасці супрацоўнікаў пракуратуры, навучэнцаў_ак гімназіі і школ горада. Па папярэдняй інфармацыі, прычынай затрымання стаў удзел падлетка ў бойцы.


Крыніца: дайджэст “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай