Чым займаюцца палітзняволеныя жанчыны-праваабаронцы, якіх пераследуе дзяржава?

Чым займаюцца палітзняволеныя жанчыны-праваабаронцы, якіх пераследуе дзяржава?

Імёны 27-гадовай Марфы Рабковай і 33-гадовай Насты Лойкі ў беларускіх праваабарончых колах сталі ўжо назоўнымі. Марфа Рабкова стала пераможцай Нацыянальнай прэміі ў галіне правоў чалавека ў намінацыі “Праваабаронца года” у 2021 годзе, Наста – яе пераможца ў 2022 годзе. Абедзьве былі адзначаныя ў шорт-лісце, калі ўжо знаходзіліся за кратамі.

Гэтыя маладыя жанчыны зрабілі далёка не вобмаль годных спраў па дапамозе людзям, але менавіта гэта ў Беларусі ацэньваецца гадамі турмы. Чым жа знакамітыя жанчыны-праваабаронцы, якіх так пераследуе дзяржава?

Марфа Рабкова і Наста Лойка. Фота Насты Аляксандра Васюковіча

Салідарнасць

І Наста Лойка, і Марфа Рабкова дапамагалі палітзняволеным яшчэ да падзей 2020 года. Наста распачынала працу Валанцёрскай службы “Вясны”, Марфа каардынавала яе да свайго затрымання. Яны пісалі лісты палітвязням, адносілі для іх перадачы ў СІЗА. Калі Марфа сама апынулася за кратамі, то ў лісце на волю напісала, што набіраецца там практычнага досведу, каб збіраць лепшыя перадачы. Акрамя таго, да затрымання Марфа валанцёрыла ў каціным прытулку і нават калі разглядзела бяздомных катоў праз вокны кратаў у СІЗА, паспрабавала ім дапамагчы. А свайго сябра – аўчарку Эрыка – Наста ўзяла з прытулку.

Сябры і сяброўкі валанцёрскай службы хадзілі на суды над палітзняволенымі, каб мець магчымасць даведвацца пра вынікі палітычна матываваных крымінальных спраў. Гэта патрэбна для разумення масштабаў рэпрэсій у краіне, а таксама для таго, каб адсочваць выпадкі парушэнняў правоў чалавека на справядлівы суд і абарону, свабоду ад катаванняў і іншыя. Менавіта пасля аднаго з паседжанняў суда над Марфай Насту Лойку затрымалі ў чарговы раз – за тое, што яна заступілася за цётку аднаго з абвінавачаных.

Яны абедзьве працягваюць верыць у людзей і салідарнасць нават у зняволенні. “Я бачыла столькі добрых і светлых твараў, я бачыла столькі сапраўдных людзей, што ўпэўненая — мы абавязкова ўсё пераадолеем, па-іншаму проста быць не можа”, казала Марфа ў апошнім слове на судзе.

Назіранне за мірнымі сходамі

У межах праваабарончай дзейнасці Марфа Рабкова разам з валанцёрамі і валанцёркамі назірала за мірнымі сходамі ў Беларусі, удзельнічала ў кампаніі незалежнага назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Падчас кампаніі дзяўчына лічыла ўдзельнікаў і ўдзельніц акцый, міліцыянтаў, фіксавала абставіны сходаў, стаўленне сілавікоў да пратэстоўцаў. Гэта патрэбна, каб эксперты і эксперткі, атрымаўшы гэтыя дадзеныя, змаглі ацаніць, ці быў сход мірным і наколькі ўлады гарантавалі свабоду людзей на мірныя сходы – гэта замацавана ў правах любога чалавека (арт. 20 Дэкларацыі правоў чалавека, арт. 35 Канстытуцыі Беларусі).

Каардынатаркі назіранняў у Беларусі Марфа Рабкова і Наталля Сацункевіч. Крыніца spring96.org

Наста Лойка жа наогул была адной з тых, хто ствараў сетку назірання як форму кантроля за рэалізацыяй грамадзянамі і грамадзянкамі сваіх правоў і свабод, фіксацыі парушэнняў дзяржавай правоў чалавека — кампанію #ControlBY.

Патрэбны быў свой назіральны механізм, які б аб’ектыўна і шматбакова збіраў інфармацыю, каб потым працаваць з дзяржаўнымі органамі ў напрамку паляпшэння сітуацыі”, — распавядала яна. А Алесь Бяляцкі падкрэсліваў: сваёй дзейнасцю назіральнікі і назіральніцы фіксуюць гісторыю. 

Крыніца spring96.org

Кансультацыі па правах чалавека

Часам рэпрэсаваныя хочуць адстаяць свае правы і свабоды, але не ведаюць, як гэта зрабіць. У такіх выпадках Наста Лойка і Марфа Рабкова дапамагалі людзям разабрацца ў тонкасцях: якія іх правы і свабоды былі парушаныя, як іх можна абараніць. Наста Лойка дапамагала пісаць скаргі рэпрэсаваным у некалькіх арганізацыях: “Салідарнасці”, “Вясне”, а потым “Human Constantа”, сузаснавальніцай якой яна была. У межах дзейнасці апошняй арганізацыі Наста займалася правамі замежных грамадзян і грамадзянак, асоб без грамадзянства, лічбавымі правамі, недыскрымінацыяй і адукацыяй у галіне правоў чалавека. Падчас навучання ў ЕГУ Марфа, у тым ліку, навучалася пісаць скаргі ў Камітэт па правах чалавека.

Вядома, гэта не ўся дзейнасць па абароне правоў чалавека, якой да затрымання займаліся жанчыны, ­— у межах аднаго матэрыяла немагчыма акрэсліць увесь абшар працы, які складаў іх жыццё. Аднак ужо гэтыя факты засяроджваюць увагу на тым, што ўлады Беларусі не выканалі належным чынам свае абавязкі спрыяць правам чалавека і людзям, якія актыўна іх абараняюць, – а менавіта гэта было прынята 25 гадоў таму ў Дэкларацыі аб праваабаронцах.

Таксама крымінальны пераслед зазналі і іншыя жанчыны-праваабаронцы: ужо вызваленыя Таццяна Ласіца і Вольга Гарбунова. Іншыя сутыкнуліся з рознымі формамі пераследу: вобшукамі, затрыманнямі на “суткі”, шматлікія з іх былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі.     


Марфа Рабкова была затрыманая ў верасні 2020 года, калі вярталася дадому пасля ўручэння праваабарончай прэміі “Вясне”. Яе ўтрымлівалі ў СІЗА амаль два гады, чатыры з паловай месяцы цягнуўся суд. Марфу асудзілі да 15 гадоў калоніі. Насту Лойку затрымалі ў кастрычніку 2022 года, спачатку некалькі разоў запар яна атрымлівала “суткі”, пакуль напрыканцы снежня не выставілі абвінавачанне паводле двух крымінальных артыкулаў. Калі адбудзецца суд – невядома.

У сярэдзіне сакавіка 2023 г. Марфу этапавалі ў гомельскую ПК № 4. 16 сакавіка КДБ уключыў палітзняволеную ў “тэрарыстычны спіс”.


Таксама раім пачытаць гісторыю Дар’і Лосік — палітзняволенай, жонкі асуджанага да 15 гадоў калоніі палітзняволенага блогера Ігара Лосіка. Папярэдне вядома, што яе абвінавацілі ў “садзейнічанні экстрэміскай дзейнасці”: фармальна нагодай для гэтага стала яе інтэрв’ю “Белсату”. Чатырохгадовая дачка Ігара і Дар’і Паўліна засталася з бабуляй.