Сядзіць, бо Белавус
У часы, калі ў краіне не забяспечаныя грамадзянска-палітычныя правы, адбываюцца катаванні людзей, шматкроць вырасла колькасць палітычных уцекачоў і ўцякачак, можа падавацца, што культура сыходзіць нават не на другі план. Аднак насамрэч нават у такія цьмяныя часы варта памятаць, што культура – магутны падмурак нацыі, якую беларусам і беларускам трэба захаваць і пранесці праз усе рэпрэсіі, каб стаць больш загартаваным народам.
Улады разумеюць небяспеку гістарычнай памяці і культурнага развіцця, таму ў Беларусі і адбываецца так шмат рэпрэсій у культурніцкай сферы. Гурты, якія гралі на пратэстах, сідзяць у турме, на вуліцах Мінска затрымліваюць за беларускую мову, а прыватныя школы, якія рабілі акцэнт на выхаванні нацыянальнай самасвядомасці, зачыняюць. Адзін з тых, хто трапіў у гэтыя жорны рэпрэсій, — 35-гадовы культурніцкі мэнэджар Павел Белавус. Днямі яму прад’яўленыя абвінавачанні ў “здрадзе дзяржаве” і кіраванні “экстрэмісцкім фармаваннем”. Задоўга да 2020 года ён рабіў агромністы ўнёсак у развіццё беларускай культуры, за што фактычна і быў затрыманы. Дык што такога небяспечнага для ўлады рабіў Белавус і чаму гэта было важна рабіць?
Заснаваў найбуйнейшую культурную пляцоўку
Павел Белавус – не проста культурны мэнэджар. Ён ведае, як рабіць “беларускасць” моднай, абуджаць у людзей прагу да нацыянальнага і жадання спрычыніцца да культуры. Адзін з прыкладаў гэтага – небывалая раней папулярнасць ягонага праэкта “Арт-сядзіба”. Менавіта ў межах пляцоўкі праводзіліся знакамітыя “Дні вышыванкі”, “Мова-фэсты” і нават дзейнічала тэатральная студыя.
Адна з найцікавейшых ідэй “Арт-Сядзібы” – раздаць пяць тысяч метраў стужкі з беларускім арнаментам – у пэўны час менавіта дзякуючы гэтай павязанай на заплечніку стужцы можна было пазнаваць “сваіх” па ўсёй Беларусі.
Адчыніў нацыянальную краму
Крама Symbal.by, якую стварыў Павел Белавус, займалася продажам тавараў з нацыянальнай сімволікай – кубачкаў, кніжак, маляванак, цішотак з “Пагоняй”, БЧБ-сцягам і арнаментам. Пасля падзей жніўня 2020 года крама стала прадаваць у тым ліку прадукцыю з палітычнай накіраванасцю – напрыклад, цішоткі з надпісам “ПСІХОЗ%”, пасля чаго ў краме пачаліся праверкі, яе зачынілі. Ціск на краму стаў нагодай для чарговай салідарнасці беларусаў і беларусак – чэргі на распродаж прадукцыі палічылі “несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам” і разагналі. Цяпер “Сымбаль” працягвае справу Белавуса і працуе анлайн.
Арганізоўваў культурныя ініцыятывы
Павел быў апантаны Беларушчынай, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам, таму ён быў ініцыятарам цэлага шэрага імпрэзаў і праэктаў, якія ладзіліся ў падтрымку ўсяго нацыянальнага. Павел ініцыяваў стварэнне кампаніі “Годна”, быў адным з арганізатараў святкавання ўгодкаў стварэння БНР, ладзіў фэсты-прэзентацыі беларускіх гуртоў, збіраў на імпрэзах сродкі у падтрымку аштрафаваных за графіці людзей і культурніцкіх ініцыятыў, удзельнічаў у супольнай малітве за Курапаты і здымках кліпа Лявона Вольскага. Гэты спіс можна працягваць і працягваць амаль бясконца – пералічыць усе ініцыятывы, да якіх спрычыніўся Павел, напэўна, не зможа і ён сам.
Якія правы Паўла парушаныя?
Шэраг культурніцкіх правоў зафіксаваныя ў Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, у якім на момант затрымання Белавуса Беларусь удзельнічала. Апроч іншага, там сказана, што ў кожнага чалавека ёсць права на самавызначэнне (артыкул першы) і права на ўдзел у культурніцкім жыцці (артыкул 15) – фактычна дзейнасць Паўла і ўдзельнікаў праэктаў, якія ён ініцыяваў, была звязана з рэалізацыяй гэтых правоў. Зачыненне ягонай крамы праз фармальныя нагоды можна лічыць парушэннем права на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы (артыкул сёмы): улады проста не далі існаваць краме, якая была бізнэсам Паўла і стварала працоўныя месцы для іншых людзей. Усе гэтыя правы акрэсленыя таксама ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека: яна хаця і не мае паўнамоцтваў закона, але з’яўляецца ўзорам для развітых краінаў.
Але нават калі ўлічыць, што Беларусь дэнансавала свой удзел у Міжнародных пагадненнях, пераследам дзейнасці Белавуса дзяржава парушае і свой асноўны закон – Канстытуцыю. У ёй сказана, што дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны (артыкул 15), што дзяржава спрыяе духоўнаму і інтэлектуальнаму развіццю моладзі (артыкул 32), што кожаму гарантуецца свабода меркаванняў і перакананняў, а таксама свабоднае іх выказванне (артыкул 33).
Былі парушаныя і грамадска-палітычныя правы Паўла. Прыпыненне дзейнасці арганізацый, стваральнікам якіх з’яўляецца Павел, і прызнанне іх “экстрэмісцкімі фармаваннямі” трапляе пад парушэнне свабоды аб’яднанняў, гаранатаваных нацыянальным і міжнародным заканадаўствам, а паколькі Белавус пэўны час працаваў журналістам, відавочна парушэнне правы на свабоду меркавання.
Акрамя гэтага, існуе Канвенцыя ЮНЕСКА аб ахове і падтрымцы разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення, пад абарону якой таксама трапляе дзейнасць Паўла Белавуса.
Хто яшчэ апынуўся за кратамі праз культурніцкі супраціў?
Па дадзеных ПЭН-цэнтра, агулам у няволі цяпер знаходзяцца 120 дзеячоў і дзяячак культуры. Сярод іх нямала маладых людзей, якія ўкладвалі душу ў прасоўванне беларускай культуры. Напрыклад, фолк-гурт Irdorath, які граў на пратэстах, Ігнат Сідорчык, які арганізоўваў паэтычныя вечарыны, Мэрыем Герасіменка, якая спявала на вуліцы песню “Акеан Эльзы”, Алесь Любянчук, які аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну…
Што можна рабіць ва ўмовах, калі ўлады спрабуюць задушыць культурны супраціў, а за кратамі знаходзяцца такія выбітныя людзі? Станавіцца носьбітам беларускай культуры кожнаму і кожнай. Бо Беларусь жыве, толькі пакуль мы самі беражом яе ў сабе.