Моладзь пад рэпрэсіямі. Студзень

Моладзь пад рэпрэсіямі. Студзень

Вытрымка з дайджэсту “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай за снежань. Вы можаце дасылаць інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў і беларусак, у бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі.


Педагог Яўген Лівянт, вядомы эксперт у сферы адукацыі, заснавальнік рэпетытарскага цэнтра “100 балаў”, а таксама яго жонка, дачка і калега, пасля затрымання ў канцы снежня і пакарання працяглымі адміністрацыйнымі арыштамі, былі пераведзены ў СІЗА. Іх абвінавачваюць па “пратэстным артыкуле” 342 КК РБ (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”).


ГУБАЗіК затрымаў аспіранта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віталя Плавінскага за каментар па вайне супраць Украіны. “Пакаяльнае” відэа з Плавінскім было апублікавана на адным з праўладных Тэлеграм-каналаў. На каментар Плавінскага справакаваў выяўлены незалежнымі СМІ правакатар.


5 і 6 студзеня ў інтэрнаце БДУ былі затрыманы два студэнты першага курса гістарычнага факультэта, адзін з якіх з’яўляецца непаўналетнім. Адзін з затрыманых, Аляксей Рамановіч, абвінавачваецца ва ўдзеле ў страйку ў Лідскай гімназіі, які праходзіў у 2020 годзе. 9 снежня студэнты былі асуджаныя і прыгавораныя да штрафу. У гэты ж дзень яшчэ адзін студэнт гэтага факультэта быў затрыманы на іспыце, але ў той самы дзень адпушчаны.


Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі студэнтку чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Яну Зябко. Яе абвінавачваюць у датычнасці да стварэння і адміністравання чату Свабоднага прафсаюзу БДМУ (на дадзены момант ужо не функцыянуе) і пагражаюць васьмю гадамі турмы.


ГУБАЗіК затрымаў 18-гадовага студэнта Інстытута бізнесу БДУ Данііла Гомана за каментар у адным з чатаў, дзе юнак сцвярджае, што нібыта яго дзед удзельнічаў у спаленні Хатыні. На каментар яго справакаваў выяўлены незалежнымі СМІ правакатар.


Першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў заявіў, што ў выпадку мабілізацыі падлеткі і моладзь павінны быць задзейнічаны ў “архітэктуры бяспекі”: “неабходна правесці першасную падрыхтоўку, каб як мінімум маладыя людзі маглі ведаць, што з сябе ўяўляе аўтамат Калашнікава, пісталет Макарава, кіданне гранаты”, — лічыць кіраўнік БРСМ. На яго думку, падрыхтоўка моладзі ў якасці “падмацавання” для мабілізаваных павінна праходзіць у межах распрацаванага ў савецкі час комплексу фізічных практыкаванняў і выпрабаванняў “Гатовы да працы і абароны”.


“Расійскі цэнтр культуры і навукі” ў Гомелі правёў акцыю, на якой дзеці пісалі лісты падтрымкі салдатам расійскай арміі-агрэсара, якія ваююць супраць Украіны, і збіралі для іх пасылкі з цукеркамі і настольнымі гульнямі.


Крыніца: дайджэст “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай