Беларусаў_ак пазбавілі яшчэ аднаго права, на гэты раз міжнароднага

Беларусаў_ак пазбавілі яшчэ аднаго права, на гэты раз міжнароднага

Улады Беларусі зрабілі яшчэ адзін крок назад ад цывілізаванага свету: 8 лютага 2023 года быў апошні дзень, калі грамадзяне_кі Беларусі маглі абараніць свае правы ў Камітэце па правах чалавека ААН у выпадку нязгоды з вынесеным судовым рашэннем унутры краіны.

Нагадаем, такое права было сфармулявана ў Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, які быў прыняты краінамі-сяброўкамі ААН у 1966 годзе — гэта дамова, якая сцвярджае асноўныя правы чалавека. Як адзначаў у сваіх інтэрв’ю Алег Гулак, да Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах Беларусь далучылася яшчэ ў складзе СССР, факультатыўнаму пратаколу — у 1992 годзе, тым самым узяўшы на сябе абавязацельствы паважаць правы сваіх грамадзян_ак на міжнародным узроўні і даць ім магчымасць пайсці яшчэ ў адзін “суд” — міжнародны.

Зараз улады Беларусі пазбавілі нас такога права. Усім відавочна, што нацыянальная судовая сістэма абароны правоў чалавека цалкам залежыць ад палітычных жаданняў людзей, якія незаконна знаходзяцца ва ўладзе. Усіх суддзяў у Беларусі прызначыў асабіста Лукашэнка і цалкам іх кантралюе. Гэта значыць, ва ўсіх затрыманых і арыштаваных пасля падзей жніўня 2020 года не было і няма ніякай іншай магчымасці абараніць свае правы, акрамя як распавесці аб несправядлівасці, падаўшы індывідуальную скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Варта адзначыць, што гэты законапраект прадставіў намеснік Міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч на дзясятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання ў кастрычніку 2022 года, які ў сваю чаргу заявіў, што “камітэт па правах чалавека ААН праводзіць палітыку ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы”. І гэта чарговая падмена сэнсаў.

Упэўненыя, што ўсе працаўнікі_цы беларускага МЗС з дакладнасцю знаёмыя з прынцыпам міжнароднага права, пра які Юрый Амбразевіч «забыўся» згадаць — правы чалавека не з’яўляюцца выключна ўнутранай справай любой дзяржавы. Але ці варта казаць аб прафесіяналізме і павазе да міжнароднага закону ў краіне, дзе нават нацыянальнае права падпарадкавана палітыцы і аднаму дыктатару.

Беларускую моладзь пазбавілі яшчэ аднаго права, але варта адзначыць, што РАДА працягне сваю праваабарончую дзейнасць на ўзроўні ААН, мы працягнем пісаць альтэрнатыўныя справаздачы па правах моладзі, звяртацца да спецыяльных дакладчыкаў_чыц па правах чалавека, а таксама адстойваць правы маладых беларусаў_ак на еўрапейскім узроўні.