Стварэнне кароткіх відэаролікаў: Reels
Reels — гэта кароткія ролікі даўжынёй да 90 секунд. У відэа вертыкальны фармат, як у сторыс, але яны не знікаюць праз 24 гадзіны, а захоўваюцца ў акаўнце карыстальніка_цы.
Калі ў сторыс вы паказваеце сваё жыццё тут і цяпер у лайф-рэжыме, расказваючы гісторыю за гісторыяй, то ў Reels вы публікуеце дынамічныя ролікі, якія не патрабуюць працягу.
Але як прымяняць гэты інструмент, каб ахапіць больш людзей, атрымаць новых падпісчыкаў_чыц або распаўсюдзіць інфармацыю пра свае курсы і мерапрыемствы? У гэтым канспекце мы раскажам пра ўсё, што вам трэба ведаць, пачынаючы са стварэння Reels і заканчваючы асаблівасцямі алгарытмаў прасоўвання.
Галоўнае пра Reels
- У Reels даступная ўся база эфектаў, прэсэтаў і масак, як у сторыс.
- Папулярныя ролікі Reels таксама паказваюцца на старонцы пошуку (Explore).
- У Reels вялікая база аўдыядарожак, ёсць магчымасць запампоўваць уласныя трэкі і гукі.
- Кожны карыстальнік з адкрытым акаўнтам можа падзяліцца сваім Reels з іншымі карыстальнікамі Instagram. Калі выкласці ролік у стужку, яго ўбачаць падпісчыкі.
- Ролікі Reels маюць раздзяленне па тэгах: хэштэгі, музыка, эфекты. Пры націсканні можна ўбачыць усе відэа з гэтым тэгам. Напрыклад, калі націснуць на аўдыядарожку, вам пакажуць усе відэа, у якіх яна выкарыстоўваецца.
- Калі профіль закрыты, платформа ўлічыць налады канфідэнцыйнасці — ролік убачаць толькі вашыя падпісчыкі_цы. Ні ў каго не будзе магчымасці выкарыстаць вашае відэа і аўдыя.
Як стварыць Reels
Рэдактар ролікаў абуладкаваны ўбудаванымі інструментамі для творчасці, таму вы можаце рэдагаваць усе свае ролікі ў адным інтэрфэйсе. Вось што робіць кожная з гэтых функцый:
- Аўдыя. Тут вы можаце дадаць музыку для Reels. Пры кліку адкрыецца музычная бібліятэка. Тут можна знайсці аўдыядарожкі: трэндавыя, рэкамендаваныя і катэгорыі. Для бізнэс-профіляў частка песень можа быць недаступная. Замест музыкі можна таксама ўжываць гуказапіс. Таксама можна выкарыстоўваць аўдыядарожкі з Reels іншых карыстальнікаў — націсніце на радок з музыкай, а затым “выкарыстаць аўдыядарожку”.
- Груў. Опцыя, якая сама змантуе вам ролік.
- Працягласць. Відэа можна абмежаваць адрэзкам у 15, 30 або 60 і 90 секунд. Instagram не стане прымушаць вас здымаць відэа з дакладнасцю да секунды — гэта проста зручная функцыя, якая дапаможа вам зарыентавацца ў працягласці роліка.
- Хуткасць. Функцыя дазваляе паскорыць і замарудзіць ролік, дапамагае трапляць у рытм песні або запісваць слоўмоўшн-відэа. Змяніць хуткасць запампаванага відэа нельга: функцыя толькі для ролікаў, якія здымаюцца ў дадатку.
- Таймер. Дапамагае, калі няма магчымасці заціскаць кнопку для запісу. Можна паставіць зваротны адлік на 3 або 10 секунд. Таксама з дапамогай гэтай функцыі можна абмежаваць час здымкі. Адлік ідзе з гукам, што вельмі зручна.
- Эфекты. Тут можна дадаць усе фільтры, маскі, 3D-аб’екты і інтэрактыўны AR-кантэнт з той самай бібліятэкі, што ў вас у Stories, трэндавыя, для змены знешнасці і да т. п.
- Стыкеры. Класная падказка для новых ролікаў. У дадатак яны дапамагаюць стаць часткай серыі відэа, што дае дадатковую опцыю прасоўвання.
- Тэкст. Для накладання ў адрозненне ад сторыс — разгорнуты функцыянал. Тэкст можна накласці на канкрэтны адрэзак відэа. Рэдактар пакажа ўсе кавалкі тэксту паўпразрыстымі, каб вам было зразумела, дзе і ў якіх прамежках размясціць наступныя часткі тэксту. Накладаючы тэкст на відэа, улічвайце яго размяшчэнне. Калі вы дзеліцеся Reel у стужцы Instagram, ён абразае яго да прапорцыі 4:5. Каб важны тэкст не абрэзала, размяшчайце яго блізка да цэнтра экрана.
Калі вы скончылі, можаце адрэдагаваць загалоўную карцінку пры дапамозе мініяцюры або дадаць вокладку з альбома камеры. Калі вы хочаце захаваць эстэтыку Instagram, запампуйце адпаведную карцінку з альбома камеры.
Вы можаце дадаваць або не дадаваць ролік у стужку — як вы захочаце. Калі прыбраць пункт “Таксама дзяліцца ў стужцы”, Instagram будзе паказваць ролік выпадковым карыстальнікам.
Пры публікацыі ў стужцы пост можна прыбраць з галоўнай старонкі акаўнта, пакінуўшы толькі ў раздзеле Reels. Для гэтага націсніце тры кропкі і абярыце “Выдаліць з сеткі профілю”.
Instagram Reels можа стаць выдатным спосабам прыцягнуць увагу патрэбнай аўдыторыі да вашай арганізацыі. Але гэта не адбываецца аўтаматычна. Вы павінны ведаць асноўныя метады, каб стаць папулярнымі на Instagram Reels.
Прасоўванне Reels
- Пастарайцеся, каб відэа чапляла ў першыя секунды. Не варта ў пачатку ставіць марудныя кадры.
- Сюжэт лепей зрабіць дынамічным. Reels — гэта фармат хуткіх відэа, тут павінна быць сцісла і зразумела.
- Выбірайце розныя ракурсы, каб было не сумна, чаргуйце блізкія і далёкія кадры, статычную і рухомую карцінку.
- Больш праглядаў набіраюць кароткія ролікі працягласцю да 10 секунд.
- Паклапаціцеся пра сваіх гледачоў і глядачак і дайце ім прыгожую карцінку. Не варта здымаць відэа пры дрэнным асвятленні.
Алгарытмы Instagram накіраваныя на тое, каб вы даўжэй заставаліся ў дадатку, таму прапануецца кантэнт, які падасца вам актуальным і цікавым.
Веданне таго, як “узламаць” алгарытмы Reels, можа стаць вялізнай перавагай для вас на шляху да росту вашага Instagram-акаўнта.
Алгарытмы
Звязаныя з паводзінамі
Сацсетка вывучае вашыя інтарэсы і спосаб узаемадзеяння з тым ці іншым кліентам. Напрыклад, колькі вы глядзіце відэа пра кацянят, якім з іх ставіце лайкі, на якіх аўтараў_ак кантэнту падпісваецеся і колькі часу надаяце іх акаўнтам пасля падпіскі.
На падставе гэтага Instagram збірае вам стужку рэлевантнага кантэнту (топ і нядаўнія). Пры гэтым трэба разумець, што відэа рылс для забавы, таму ў любым выпадку пры складанні падборак перавага будзе аддавацца забаўляльнаму кантэнту.
Узаемадзеянне з аўтарам_кай
Колькі яго ці яе кантэнту вы спажываеце, на якім з іх пакідаеце рэакцыі і чаму. Напрыклад, калі вы адзін раз да канца прагледзелі ASMR-ролік пра зняцце фарбы з любой паверхні, Instagram разумее, што вам падабаецца, і запаўняе вашую стужку падобным кантэнтам.
Алгарытм стужкі Reels не абапіраецца выключна на вашыя падпіскі ў Instagram. Ён улічвае ваш інтарэс да канкрэтных тэм.
Каб вашыя рылсы глядзелі як мага болей, выконвайце правілы сацсеткі і публікуйце кантэнт, які падыходзіць карыстальнікам.
- Не публікуйце відэа з вадзянымі знакамі і ў дрэнным распазнаванні. Instagram аддае перавагу ўнікальнаму кантэнту, таму перазалівы з TikTok не атрымаюць добрых праглядаў. Але гэтае правіла працуе толькі ў тэорыі.
- Ужывайце папулярныя трэкі для суправаджэння відэа. Сацсетка счытвае з роліка ўсю інфармацыю і дае болей праглядаў відэа з самым папулярным музычным суправаджэннем. Лічыцца, што падобны алгарытм запазычаны з TikTok, але тут дзейнічае простая логіка: на музыку Лэдзі Гагі будуць здымаць болей, чым на песню «Сиреневый туман» Уладзіміра Маркіна.
- Прымусьце карыстальніка паглядзець ролік да канца. У ідэале — яшчэ і паствіць лайк. Часцей за ўсё людзі дагледжваюць відэа з жывёламі, інтрыгоўнымі гісторыямі або аповедам пра ход работ.
Што ж посціць?
- Навучанне. Дзяліцеся навучальным кантэнтам. Асабліва гэты тып Reels падыходзіць экспертам_кам. Відэанавучалкі дапамогуць зацвердзіцца ў якасці эксперта_кі, да вас стануць прыслухоўвацца ў вашай супольнасці. Падзяліцеся са сваімі карыстальнікамі_цамі пяццю галоўнымі парадамі для падарожжаў, навучыце іх рабіць ідэальнае фота, пісаць ідэальныя загалоўкі або пакажыце ім, як можна насіць спадніцу пяццю рознымі спасабамі. Абярыце тэму і паразважайце.
- Гумар падыдзе ўсім. Можна прыдумаць свой жарт, а можна абыграць нешта з трэндаў.
- Агляд прадуктаў. Гэты тып Reels ідэальна падыходзіць для крамаў, як анлайн, гэтак і фізічных. Пакажыце адразу некалькі варыянтаў прадукту пад трэндавую музыку з цікавымі пераходамі.
У пагоні за праглядамі памятайце: кантэнт трэба ствараць не дзеля яго наяўнасці ў вашым акаўнце. Карыстальніку трэба атрымаць ад вас нешта канкрэтнае: цікавы візуал, карысную інфармацыю для вырашэння будзённых праблем або самаразвіцця, нешта для расслаблення або генерацыі новых ідэй.