Кампазіцыя: як размясціць элементы
У вас могуць быць самыя прыгожыя графічныя элементы ў свеце, але калі ў вас кепска выбудаваная кампазіцыя, у працы не будзе балансу і гарманічнага спалучэння элементаў.
Таму можна з упэўненасцю сказаць, што кампазіцыя вельмі важная. Удалая кампазіцыя азначае, што вы размясцілі, размеркавалі, выраўнавалі і скампанавалі ваш дызайн такім чынам, што ён не толькі добра выглядае, але і з’яўляецца вельмі функцыянальным і эфектыўным. Вось жа, давайце разгледзім некалькі парадаў, прыёмаў і тэхнік, якія дапамогуць вам хутка засвоіць кампазіцыю.
Што такое кампазіцыя?
Дакладнае азначэнне кампазіцыі даць складана, гэта паняцце з раздзела эстэтычнага ўспрымання гармоніі, яе задача — зрабіць вашую працу графічна выразнай. А яе стварэнне звязанае з эксперыментамі.
Кампазіцыя — такое становішча аб’ектаў і элементаў, калі ўсе яны гарманічныя адзін з адным і са сваім атачэннем. Разуменне законаў кампазіцыі дапаможа ў распрацоўцы графічных матэрыялаў, а таксама ў фота- і відэаздымцы. Пачнем з таго, як правільна размяшчаць аб’екты на плоскасці.
Уласцівасці аб’екта на плоскасці
Форма — любы аб’ект, хоць пляма альбо кропка, якія маюць форму. Гэта можа быць кола, трохкутнік, іконка, што заўгодна.
Становішча. Лічыцца, што самае грунтоўнае становішча ў кампазіцыі — цэнтр, зона камфорту. Паставіўшы нешта ў цэнтр, мы робім яго паноўным. Калі крыху адсунуць прадмет у бок, у кампазіцыі з’явіцца рух і дынаміка.
Колер — ён можа быць спосабам вылучэння. Калі ў чорна-белай выяве з’яўляецца, напрыклад, аранжавы, то ён адразу робіцца галоўным і вылучаецца.
Перспектыва — гэта становішча аб’ектаў, якія візуальна знаходзяцца на розных плоскасцях на аркушы: адзін глядзіцца бліжэйшым, а другі далейшым. Ёсць розныя віды перадачы перспектывы (перакрыццё аб’ектаў, дэталі, розніца памераў, светлае далей, а цёмнае — бліжэй).
З дапамогай свайго дызайну мы хочам кіраваць увагай карыстальнікаў і трымаць яе. Для гэтага існуюць пэўныя законы, якія дадуць нам упэўненасць у тым, як адрэагуе аўдыторыя і якой будуць ейныя дзеянні:
- Фармат аркуша выбірайце зыходзячы з пастаўленай задачы: рухомая жывая карцінка альбо спакойная графіка. Лічыцца, што вертыкальны фармат больш дынамічны, выражае стан дзеяння, руху, а гарызанталь адказвае за статычнасць, спакой, працягласць.
- Чытэльнасць і эмацыйнае ўспрыманне аб’екта залежаць ад яго становішча на аркушы. Аб’ект, размешчаны ўгары кампазіцыі, актыўны, а ўнізе аркуша — статычны, неактыўны.
- Устойлівасць кампазіцыі залежаць ад формы аб’екта або групы. Самая ўстойлівая кампазіцыйная схема ўпісваецца ў квадрат або просты трохкутнік — яна ж і самая статычная. Перакулены трохкутнік самы няўстойлівы і дынамічны. Звязана гэта з нашым асэнсаваннем сілы гравітацыі і існаваннем абмежаванай прасторы.
- Раўнавага — баланс у дызайне таксама можна разглядаць на прыкладзе рэальнай фізічнай вагі. Адзін аб’ект вагой 100 кг можна ўраўнаважыць двума аб’ектамі меншага памеру вагой па 50 кг альбо чатырма аб’ектамі па 25 кг. Вядома, узважыць двухмерныя выявы на экране манітора ў нас не атрымаецца, таму тут мы, хутчэй, будзем казаць пра паняцце аптычнай вагі. Аптычна цяжкія аб’екты ў кампазіцыі працуюць па прынцыпе магніта і прымушаюць звяртаць на сябе ўвагу.
- Адзінства кампазіцыі дасць водгук чалавечай свядомасці, у якой закладзенае пачуццё гармоніі. Перш за ўсё падумайце, што будзе стылістычна аб’ядноўваць усе элементы інтэрфэйсу. Гэта аднолькавая форма кнопак (скругленыя або вострыя вуглы), адзіны стыль малявання іконак, адзін колер для раўназначных элементаў, выбар адзінага шрыфтавога афармлення.
- Кантраст закліканы прыцягнуць увагу, вылучыць стратэгічна важныя элементы. Калі ўсю кампазіцыю будаваць на адным толькі адзінстве, яна атрымаецца сумнай і манатоннай.
На заканчэнне вось нашыя парады і высновы:
- Кампазіцыя — гэта падмурак. Ужо на этапе накідаў вы павінны разумець, якую інфармацыю аўдыторыі трэба ўбачыць у першую чаргу і да чаго яе трэба падвесці.
- Ці можна парушыць законы кампазіцыі? Калі гэта перашкаджае задуме дызайну — не, але лепей яшчэ сем разоў падумаць, ці на правільным вы шляху.
- Акцэнты — невялікі дадатковы элемент, дададзены ў кампазіцыю, можа зрабіць яе больш выйгрышнай. Напрыклад, графічныя патэрны самі па сабе часта сумныя па кампазіцыі, але варта дадаць у іх форму, і яна чапляе позірк, узбагачае ўвесь аркуш.