Беларусь.Моладзь.Жыве
Зборнік Беларусь.Моладзь.Жыве — наша спроба даведацца, як сябе адчувае беларускі незалежны моладзевы сектар пасля ўсіх крызісаў, перажытых з 2020 года. Якое становішча спраў у самых важных і прыкметных сферах, дзе ёсць нашы актывісты_кі і сяброўскія арганізацыі, у якіх мы ўпэўненыя. Гэта жаданне паглядзець на сябе, каб зразумець, у якім пункце і ў якім стане мы знаходзімся на шляху да свабоднай Беларусі.
Ніжэй вы можаце прачытаць вытрымкі з кожнай сферы, а поўны тэкст дасяжны па спасылцы.
ЖАНЧЫНЫ – СІМВАЛ БЕЛАРУСКАГА ПРАТЭСТА
Агляд стану фемінісцкага руху з 2020 года
Да падзей 2020 году рэжым не заўважаў жанчын* і жаночую позву. Выказванні пра жанчын старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай «Сядзелі б дома, боршч варылі, а не па плошчах шнырылі» і «Калі чалавецтва загіне, то — па віне жанчын. Бо яны забываюць сваё прызначэнне жанчыны і маці», а таксама журналіста выдання «Советская Белоруссия» пра «даму, зручную ў побыце» ужо абраслі мемамі.
Праект закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту блакаваўся некалькі разоў, што не дзіўна пры рэжыме, які паставіў гвалт на паток на дзяржаўным узроўні. У 2018 годзе Лукашэнка назваў закон «дурам, узятым з Захаду», тым самым падкрэсліваючы, што падобны закон не патрэбны беларускаму грамадству, тады як апытанні паказвалі, што 90% беларусаў_ак асуджаюць гвалт у сям’і.
Таксічныя нормы маскуліннасці, паўсюдны гвалт, гендэрная бінарнасць, забарона на афіцыйную сэксуальную адукацыю, стыгматызацыя феміністак* і супольнасці ЛГБТК+ — «каштоўнасці», якія рухаюцца і падтрымліваюцца рэжымам. Спрабуючы захаваць кантроль і душачы апазіцыйныя настроі, улады транслююць поўную супрацьлегласць фемінісцкім і дэмакратычным каштоўнасцям — сястрынству, роўнасці, узаемападтрымцы, інклюзіі, гарызантальнасці і салідарнасці.
Нават знаходзячыся за мяжой, беларускія актывісткі* працягваюць ствараць ініцыятывы, накіраваныя на асвятленне падзей у Беларусі, дапамогу палітычным зняволеным, увесь час праяўляюць салідарнасць і не даюць свету забыцца пра тое, што адбываецца ў беларускім інфаполі. Так, актыўна развіваецца медыяпраект пра сілу жанчын* Беларусі Girls Power Belarus, праект «Майстэрня паштовак салідарнасці», мастацкі праект, прысвечаны палітзняволеным беларускам «Палітвязынка».
Знак «*» (гендэрная зорачка, варыяцыя гендэргэпа «_») выкарыстоўваецца для абазначэння ўсіх магчымых гендэрных ідэнтычнасцяў, уключаючы небінарныя і нявызначаныя, а не толькі двух гендэраў – жаночага ці мужчынскага.
ЦІСК НА АРГАНІЗАЦЫІ, ЯКІЯ ПРАЦУЮЦЬ У СФЕРЫ ІНКЛЮЗІІ, ВЯДЗЕ ДА ПАГАРШЭННЯ І БЕЗ ТАГО СКЛАДАНАГА ПАЛАЖЭННЯ ЎРАЗЛІВЫХ ГРУП
Моладзевыя арганізацыі і ініцыятывы (далей – моладзевыя АГС), якія працуюць у сферы інклюзіі, у першую чаргу накіроўваюць свае намаганні на тое, каб розныя дыскрымінуемыя і стыгматызаваныя групы былі ўключаныя і/ці мелі магчымасць паўнавартасна ўключацца ў жыццё грамадства. Гаворачы аб інклюзіі, мы маем на ўвазе працу не толькі з людзьмі з інваліднасцю (групай, якая сама па сабе вельмі разнастайная і неаднародная), але і з мноствам іншых груп — ЛГБТК+, людзі з ВІЧ, людзі з псіхічнымі расстройствамі, людзі з ментальнымі асаблівасцямі, мігранты_кі, уцекачы_кі і многія іншыя групы, якія сістэматычна выключаюцца з жыцця грамадства толькі ў сілу таго, кім яны з’яўляюцца.
Наступствы жніўня 2020 года прывялі да абмежавання адкрытага выразу сваёй пазіцыі інклюзіўнымі арганізацыямі, паколькі многім уразлівым групам эфектыўна аказваць дапамогу магчыма толькі афлайн і знаходзячыся ўнутры краіны. Таму частка арганізацый, якія прадстаўляюць паслугі такім групам, занялі (ці, хутчэй, былі вымушаныя заняць) больш нейтральную пазіцыю (як мінімум публічна). Такія АГС зрабілі выбар застацца ў Беларусі, улічваючы ўсе абмежаванні і рызыкі для працы, паколькі іншым спосабам дапамагаць іх мэтавым групам немагчыма.
Па выніках кансультацый «(Не)даступны анлайн: бар’еры» (2020) удзел у анлайн-мерапрыемствах далёка не для ўсіх сацыяльных груп аднолькава даступны і бяспечны. Не ўсе маюць бяспечную (фізічную) прастору і неабходную для ўдзелу тэхніку. Для некаторых груп (напрыклад, ЛГБТК+, людзі з ВІЧ і інш.) удзел у анлайн-фарматах нясе рызыку аўтынгу ці непажаданага раскрыцця сваёй ідэнтычнасці перад іншымі людзьмі.
Таксама важна адзначыць, што для многіх арганізацый унутры Беларусі проста зніклі прасторы для афлайн-актыўнасцей унутры краіны (нават у закрытым непублічным фармаце). Офісныя памяшканні закрыліся з-за немагчымасці іх далейшай падтрымкі ліквідаванымі арганізацыямі, а таксама зачыніліся публічныя прасторы, якія былі дружалюбныя для моладзі і ўразлівых груп.
Знаходзячыся і без таго ва ўразлівым становішчы, беларуская моладзь з дыскрымінаваных і стыгматызаваных груп унутры краіны часта не жадае падвяргаць сябе дадатковай небяспецы і прымаць удзел у дзейнасці хоць і цікавых ім, але ліквідаваных і/ці незарэгістраваных арганізацый. У выніку моладзь для сваёй бяспекі можа прымаць рашэнне альбо не ўдзельнічаць у грамадскім жыцці зусім, альбо рабіць гэта толькі праз праўладныя, лаяльныя ўладам арганізацыі. Застаючыся сам-насам са сваімі праблемамі, моладзь, якая дыскрымінуецца і стыгматызуецца, адчувае сябе ўсё горш, яна зніжае сваю актыўнасць, выключаецца з грамадскіх працэсаў.
ЗАХАВАННЕ ПАЛІТЫЧНЫХ ПРАВОЎ МОЛАДЗІ І СТАН МОЛАДЗЕВЫХ ПАЛІТЫЧНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ У 2020–2022 ГАДАХ
Гаворку пра моладзевыя арганізацыі палітычнай скіраванасці і палітычныя правы моладзі варта пачаць з вызначэння палітычнай дзейнасці і магчымых індывідуальных і калектыўных відаў удзелу
ў палітычным жыцці. Палітыка ў агульным сэнсе можа быць вызначаная як асаблівая форма праўлення, пры якой людзі дзейнічаюць разам і ў межах інстытуцыяналізаваных працэдур для вырашэння рознагалоссяў. У практычным плане палітычная дзейнасць уяўляе сабою імкненне да змены палітычнай сістэмы, а таксама тых ці іншых аспектаў дзяржаўнай палітыкі шляхам прыходу да ўлады.
Розныя дзяржаўныя сістэмы па-рознаму рэалізоўваюць магчымасць удзелу ў палітыцы. У Рэспубліцы Беларусь намінальна гарантаваны дэмакратычны лад, які грунтуецца на разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў, а палітычная дзейнасць дазволеная як на індывідуальным узроўні, так і ў межах палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Адпаведна, палітычная дзейнасць можа і павінна здзяйсняцца як індывідамі, так і палітычнымі арганізацыямі.
Аднак рэальная палітычная сістэма Беларусі не можа быць ахарактарызаваная як дэмакратычная і прававая. Пачынаючы з 1996 года, празрыстасць і сумленнасць выбараў аспрэчваецца, а праваабарончыя арганізацыі фіксуюць шматлікія пераследы палітычных актараў_ак. Апошнія прэзідэнцкія выбары 2020 года прадэманстравалі адсутнасць істотных зменаў у існуючай сістэме ўлады. Барацьба за змяняльнасць улады, гарантаваная Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, выклікала пераслед шматлікіх моладзевых палітычных актараў_ак.
Нягледзячы на намінальную гарантыю свабоды асацыяцыі, у Беларусі ўмацавалася даўняя практыка пераследу палітычных аб’яднанняў і іх моладзевых адгалінаванняў. Немагчымасць удзелу ў электаральных кампаніях на роўных умовах разам з пераследамі як афіцыйна зарэгістраваных, так і незарэгістраваных палітычных аб’яднанняў прывяла да дастаткова слабога ўдзелу моладзі ў палітычных структурах Беларусі.
Так, з 15 афіцыйна зарэгістраваных партый толькі 4 валодаюць уласнымі моладзевымі адгалінаваннямі: Партыя «Зялёныя» («Маладыя Зялёныя»), Партыя БНФ («Моладзь БНФ»), Аб’яднаная грамадзянская партыя («Маладыя дэмакраты»), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя («Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая грамада»). Сярод незарэгістраваных палітычных аб’яднанняў моладзевай падструктурай валодае «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» («Маладыя хрысціянскія дэмакраты»).
Аднак існуюць і два цалкам самастойныя моладзевыя палітычныя аб’яднанні: «Малады фронт» і «Моладзевы блок». Ускосна ў кантэксце барацьбы за ўсталяванне ў Беларусі дэмакратычнай формы кіравання палітычнай дзейнасцю таксама займаюцца Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС) і Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» (БНМС «РАДА»).
Photo by Iryna Arakhouskaya
ВАЛАНЦЁРСКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ У БЕЛАРУСІ, ПРАЗ ЦЁРНЕ ДА ЗОРАК
Пасля падзей 2020 года валанцёрская дзейнасць у Беларусі зведала змены ў розных сферах: заканадаўчай, матывацыйнай і структурнай.
З 2017 года абмяркоўвалася прававое рэгуляванне валанцёрскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь у выглядзе дапаўнення ў праект закона “Аб сацыяльным абслугоўванні”. 30 красавіка 2019 года адбылося пасяджэнне Савета па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, на якім было разгледжана заканадаўчае рэгуляванне добраахвотніцкай (валанцёрскай) дзейнасці.
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб валанцёрскай дзейнасці» быў прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі, але так і не набыў моц.
Закон з’яўляецца дастаткова цікавай і важнай практыкай замацавання асноўных правоў і абавязкаў валанцёраў_ак, а таксама арганізацый, якія прымаюць валанцёраў_ак.
Закон абмяркоўваўся на фоне распаўсюджвання COVID-19, калі беларуская дзяржава не распачала дастатковых дзеянняў па абароне здароўя насельніцтва, а затым на фоне масавых затрыманняў мірных пратэстуючых у жніўні 2020 года. Абедзве гэтыя падзеі характарызаваліся валанцёрскай самаарганізацый з боку насельніцтва і рэпрэсіямі ў адносінах да валанцёрскіх самаарганізаваных груп з боку дзяржавы. Закон «Аб валанцёрскай дзейнасці» быў практыкай прывядзення зменаў «зверху», у той час як у грамадстве назіраліся дастаткова пазітыўныя рухі па структурызацыі валанцёрства «знізу».
Валанцёрская дзейнасць на ўзроўні дзяржавы падтрымліваецца выбарачна, суправаджаецца рэпрэсіямі ў выпадку несупадзення з дзяржаўным бачаннем валанцёрства, і закон можа выкарыстоўвацца не толькі як інструмент для рэгулявання валанцёрскай дзейнасці, але і як інструмент яе абмежавання.
Photo by Iryna Arakhouskaya
ЯК ЗМЯНЯЕЦЦА СТАН МАЛАДЫХ ПРАВААБАРОНЦАЎ. АД НАТХНЕННЯ ДА ВЫГАРАННЯ
У 2020 годзе многія няўрадавыя арганізацыі пашырыліся за кошт новых валанцёраў_ак і супрацоўнікаў_ніц, новых маладых актывістаў_ак. У выніку грубага і бесчалавечнага абыходжання з мірнымі грамадзянамі_камі, калі большая частка насельніцтва Беларусі наўпрост сутыкнулася з парушэннем сваіх правоў і свабодаў, тэма правоў чалавека стала яшчэ больш актуальнай і дала штуршок для прыцягнення новых маладых адмыслоўцаў. Адным з вынікаў стаў прыліў сіл у праваабарончыя арганізацыі і стварэнне новых ініцыятыў.
Маладыя праваабаронцы з’яўляюцца той групай, якая патрабуе асаблівай увагі. Мы стаім перад неабходнасцю асобнага вывучэння матывацыі, патрэбаў, лаяльнасці маладых праваабаронцаў, бо шмат у чым яны з’яўляюцца рухаючай сілай зменаў у грамадстве. Мы павінны вывучаць дзейнасць маладых праваабаронцаў для таго, каб умовы іх валанцёрства ці працы былі годнымі, а праваабарончая сфера працягвала заставацца сферай іх інтарэсаў. Для гэтага неабходна разумець іх псіхалагічны, эмацыянальны стан і прадпрымаць дзеянні, накіраваныя на ўцягванне маладых актывістаў_ак у праваабарончую сферу.
Што кажуць апытанні?
У выніку апытання маладых праваабаронцаў у 2021 годзе высветлілася, што 17 чалавек з 44 наведвае псіхолага_іню пастаянна ці часам, а 14 чалавек хацелі б атрымліваць псіхалагічную падтрымку. Гэта значыць, у выніку 31 чалавек зацікаўлены ў псіхалагічнай падтрымцы. Вынік апытання ў 2022 годзе паказаў, што 12 чалавек з 62 наведваюць псіхолага_іню, 26 чалавек хацелі б атрымліваць псіхалагічную дапамогу. Такім чынам, мы бачым, што зацікаўленасць маладых праваабаронцаў у тэрапіі ўзрастае, але не пераходзіць у рэальныя дзеянні. Галоўным чыннікам можна назваць «сіндром самазванца_кі», бо найболей частым чыннікам адмовы ад псіхалагічнай дапамогі становіцца аргумент «іншым патрэбней». Самаахвяраванне, альтруізм не дазваляюць актывістам_кам скарыстацца дапамогай, нават калі яны адчуваюць у ёй неабходнасць.
Важнай зменай, згодна з вынікамі апытання 2022 года, з’яўляецца падвышэнне прыгнятальнага пачуцця роспачы з-за адсутнасці вынікаў. Сапраўды, толькі ў сувязі з узмацняючыміся рэпрэсіямі ў Беларусі маладыя праваабаронцы пачынаюць губляць матывацыю, пазітыўны настрой, упэўненасць у сваіх дзеяннях (гэта ўказалі 10 з 65 чалавек). Таксама дастаткова вялікая колькасць актывістаў_ак хвалюе пытанне ўласнай бяспекі і бяспекі іх сем’яў. Захоўваецца і пастаяннае пачуццё віны і страху, суперажыванне на высокім узроўні. Нявызначанасць заўтрашняга дня становіцца прычынай таго, што браць на сябе адказнасць аказваецца вялікай складанасцю.
ЯК СТУДЭНЦТВА Ў 2020-М ЗМАГАЛАСЯ ЗА СВАЕ ПРАВЫ
І СТАЛА АДНОЙ З БУЙНЕЙШЫХ СІЛ РЭВАЛЮЦЫЙНАГА РУХУ
У падзеях электаральнай кампаніі 2020 года студэнты_кі адыгралі важную ролю. Яны былі надзвычай смелымі, яркімі і гучнымі ў змроку ўніверсітэцкіх калідораў.
Узровень ціску, пад якім апынуліся студэнцкія актывісты_кі
Рэпрэсіі ў дачыненні да студэнцтва былі сапраўды масавымі: услед за стварэннем і актыўнай дзейнасцю студэнцкіх аб’яднанняў мы назіралі хвалі ціску ў сталічных і рэгіянальных універсітэтах. Так, у дачыненні да студэнцтва і выкладчыкаў_чыц было зафіксавана прымяненне розных відаў спагнанняў і ціску:
- прысутнасць ва ўніверсітэцкіх карпусах прадстаўнікоў сілавых структур. Так, падпалкоўнік ГУБАЗіК асабіста затрымліваў мірна пратэстуючых студэнтак філалагічнага факультэта БДУ, а таксама прысутнічаў у невядомай нам якасці на адкрытых лекцыях МДЛУ. Назіраліся прадстаўнікі сілавых структураў у цывільным
і ў БНТУ. Адзначым, што гвалтоўныя затрыманні студэнтаў_ак часта адбываліся проста на вачах адміністрацыі, якая ніякім чынам не супярэчыла гэтым дзеянням; - кампанія па стыгматызацыі студэнцкіх аб’яданняў, зліў персанальных дадзеных у сеціва. Неаднаразова фіксаваліся спробы запалохвання актывістаў_ак з боку сілавых структураў праз апублічванне ў спецыялізаваных Telegram-каналах асабістай інфармацыі і праз заклікі да цкавання (напрыклад, «Невероятный МГЛУ»);
- прафілактычныя размовы. Распаўсюджаны метад ціску — прыватныя размовы адміністрацыі ВНУ з актывістамі_камі, пасля якіх часта адбывалася вынясенне дысцыплінарнага спагнання (вымовы) і адлічэнне. Паводле дадзеных «Сумленнага ўніверсітэта», 899 чалавек прайшлі праз падобнае;
- дысцыплінарныя спагнанні. Вымовы сталі масавым інструментам знішчэння іншадумства ва ўніверсітэтах. Апроч гэтага фіксаваліся выпадкі адвольнага пазбаўлення стыпендый і дадатковых выплатаў, а таксама месцаў у інтэрнатах. Так, паводле дадзеных «Сумленнага ўніверсітэта», як найменш 147 чалавек былі пазбаўленыя стыпендый і/альбо інтэрнатаў, а таксама 479 студэнтаў_так атрымалі палітычна матываваныя вымовы;
- палітычна матываваныя адлічэнні. Адміністрацыі ўніверсітэтаў пачалі масава адлічваць студэнтаў_ак пасля выступу А.Г. Лукашэнкі, дзе ён заявіў, што «ўніверсітэты мусяць быць па-за палітыкай, і калі студэнт лічыць іначай — ён мусіць быць адлічаны». Так, напрыклад, толькі ў адным загадзе на адлічэнне з БНТУ адначасова прысутнічалі 52 чалавекі. Усяго было адлічана як найменш 275 чалавек;
- рэпрэсіі за ўдзел у незалежных фармаваннях і ініцыятывах. Так, у верасні 2020 года за ўдзел у Каардынацыйнай радзе была выкліканая на допыт у Следчы камітэт выкладчыца БДУ;
- гвалтоўныя затрыманні на мірных акцыях пратэсту. Студэнтаў_ак затрымлівалі як на студэнцкіх, так і на агульнанацыянальных акцыях, выкарыстоўваючы непрапарцыйную сілу альбо дадатковыя сродкі. Так, вядома пра выпадак затрыманага 1 верасня 2020 года студэнта БНТУ, якога пры затрыманні зацягвалі ў міліцэйскі бус за ноздры;
- адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыях пратэсту. Студэнтаў_ак, як і ўсіх астатніх удзельнікаў_ніц мірных акцый пратэсту, арыштоўвалі, адвольна затрымлівалі, утрымлівалі ў бесчалавечных умовах, прыніжаючы іх чалавечую годнасць. Так, напрыклад, падчас «Маршу маладосці» 17 кастрычніка 2020 года было затрымана як найменш 43 студэнты_кі. Са шмат якімі з іх падчас адбыцця пакарання (адміністрацыйнага арышту) праводзілі дадатковыя непрацэсуальныя дзеянні прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі;
- крымінальны пераслед за ўдзел у акцыях пратэсту. Цяпер як найменш 70 студэнтаў_ак пазбаўленыя альбо абмежаваныя ў свабодзе праз палітычныя матывы ў межах крымінальных справаў. Некаторыя з іх ужо адбылі пакаранне (напрыклад, Глеб Фіцнер па «Справе студэнтаў»).
Нягледзячы на гэта, студэнцкая моладзь актыўна ўдзельнічала ў электаральнай кампаніі пачынаючы з першых акцый і збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Студэнты_кі актыўна праяўлялі сябе ў адвакацыі сваіх правоў і інтарэсаў, а таксама праяўлялі і працягваюць праяўляць моцную салідарнасць з дэмакратычным рухам і іншымі ўдзельнікамі_цамі руху супраціву цяперашняму палітычнаму рэжыму.
Фота з асабістага архіва Дар’і.
ШТО ЗМЯНІЛАСЯ ДЛЯ МОЛАДЗІ Ў ЭКААКТЫВІЗМЕ ПАСЛЯ 2020 ГОДУ?
Ці можна займацца экалагічнымі пытаннямі, калі адбываюцца рэвалюцыя, бясконцыя палітычныя рэпрэсіі, вобыскі, затрыманні, вайна ва Ўкраіне? Ці можна экалагічныя праблемы адкласці да лепшых часоў, і ці змогуць яны пачакаць? Ці этычна зараз узаемадзейнічаць з дзяржаўнымі органамі ў Беларусі? А калі з імі не ўзаемадзейнічаць, ці магчымае вырашэнне экалагічных пытанняў без іх? Ці можна дыстанцаваць экалагічную дзейнасць ад палітычнай сытуацыі ў Беларусі?
Гэтыя і шэраг іншых пытанняў працягваюць гучаць і абмяркоўвацца апошнія два гады ў асяроддзі экаактывістаў_ак, а такжа прадстаўнікоў_ніц экаНДА. Пасля падзей 2020 года цяжка сказаць, што ў Беларусі засталіся нейкія апалітычныя сферы, прадстаўнікоў_ніц якіх не закранулі рэпрэсіі.
Экаарганізацыі працягваюць знаходзіцца ў стане адаптацыі і пошуку новых фарматаў працы, якія адпавядаюць актуальным выклікам. Пры гэтым як стан саміх арганізацый і ініцыятыў, так і актуальнасць экатэм істотна змяніліся.
Фота з асабістага архіва Марыны.
У Беларусі і да 2020 года адзначалася практыка пераследу і прыгнёту экаактывістаў_ак (актывісты_кі, якія выступалі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста, антыядзерныя актывісты_кі, светлагорскія актывісты_кі, якія выступалі супраць шкоднай вытворчасці Светлагорскага ЦКК, і іншыя). Пераслед працягваўся і пасля 2020 году, не толькі ў выглядзе адміністратыўных арыштаў, прэвэнтыўных затрыманняў і штрафаў у дачыненьні да саміх экаактывістаў_ак, але і ў іншых формах аказання ціску.
Сярод палітычных вязняў у Беларусі зараз ёсць і экалагічныя актывісты_кі, а сярод іх і моладзь. Так, 3 актывісты-анархісты (Яўген Рубашка, Аляксандр Бялоў, Арцём Салавей) ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» па раздачы веганскай і вегетарыянскай ежы людзям з досведам бяздомнасці былі асуджаныя да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму на 5 гадоў. Таксама Рубашка ўдзельнічаў у абароне сквера Катоўка ад забудовы ў Сельгаспасёлку г. Мінска, а Бялоў прымаў удзел у дабрачынным праекце аб усвядомленым спажыванні KaliLaska. Пры затрыманні маладыя людзі былі моцна збітыя. А ініцыятыва “Ежа замест бомбаў” пасля рэпрэсій да яе ўдзельнікаў_ніц была вымушаная спыніць сваю дзейнасць у студзені 2021 году.
Пагрозы затрымання, крымінальнага пераследу, ліквідацыя экаНДА, неабходнасць вымушанай самацэнзуры прымусілі шэраг актывістаў_ак зусім спыніць дзейнасць ці не дзейнічаць публічна. Некаторы экаактывісты_кі былі вымушаныя пакінуць Беларусь з-за пераследу. Большасць раней актыўных рэгіянальных экаарганізацый спынілі сваю дзейнасць пасля ліквідацыі, і многія актуальныя для экаНДА тэмы застаюцца нераскрытымі. Напрыклад, былі ліквідаваныя велаНДА – “ВелаГродна”, “За ВелаБрэст”, урбаністычныя арганізацыі – “Прастора” (Віцебск), “Менская ўрбаністычная плятформа”; арганізацыі, якія займаюцца пытаннямі захавання дзікай прыроды, — «Багна», «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Таксама адзначаецца невялікая тэндэнцыя замяшчэння ўнутры краіны рэалізацыі еўрапейскіх і міжнародных праектаў дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі і GONGO (Government-Organized (или Operated) Non-Governmental Organization) — расійскімі праектамі. Так, цяпер можна сустрэць праекты, якія рэалізуе ПРААН сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі, а на парадак дня паседжэнні грамадскай каардынацыйнай экалагічнай рады ў Гомелі ўключаецца пытанне “Аб беларуска-расійскім супрацоўніцтве ў галіне аховы і рацыянальнага выкарыстання трансгранічных водных аб’ектаў”. Удзельнікамі грамадскіх каардынацыйных экалагічных саветаў цяпер у асноўным з’яўляюцца БРСМ, “Беларусь Русь” і дзяржаўныя органы і арганізацыі.
Як паказалі ўсе артыкулы гэтага зборніка, перыяд і падзеі пасля жніўня 2020 года для маладых беларусаў_ак стаў вялікім выклікам, але што яшчэ цікавей — ён паказаў, наколькі беларускія маладыя людзі сталі прафесіяналамі_камі сваёй справы, а таксама маюць ужо сваё сфармаванае бачанне Новай Беларусі.
Кожны_ая з іх робяць тое, у чым абсалютна ўпэўненыя, яны з’яўляюцца часткай не толькі ўсёй беларускай грамадзянскай супольнасці, але ўжо і еўрапейскай.
Кожны_ая з іх памятае, якая колькасць палітычных зняволеных у Беларусі на сённяшні дзень і як гэта цяжка, кожны_ая з іх можа назваць дакладную колькасць дзён сваёй эміграцыі і кожны_ая з іх хоча вярнуцца дадому.
Нягледзячы на нешматлікія згадкі ў сусветных СМІ пра Беларусь і сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, і ў прыватнасці пра парушэнне правоў беларускай моладзі, можна быць упэўненымі, што маладыя беларусы_кі працягваюць сваю барацьбу. Усе артыкулы гэтага зборніка, напісаныя маладымі аўтарамі_камі, яскрава сведчаць пра тое, што павага да правоў асобы і свабода застаюцца фундаментальнымі каштоўнасцямі ўсіх маладых актывістаў_ак.