Пратэставалі, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам

Пратэставалі, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам

У 2020 годзе шмат беларусаў і беларусак вырашыліся выказаць пратэст супраць незаконных дзеянняў дзяржавы, таму нязгода стала бачнай усяму свету. Шматтысячныя Маршы і рашучасць беларусаў і беларусак заўважыў увесь свет. Але грамадства не было згоднае задоўга да 2020 году, і за кратамі цяпер апынуліся маладзёны, якія пратэставалі, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам.

Зміцер Казлоў

36-гадовага блогера ютуб-канала “Шэры кот” Зміцера Казлова асудзілі да пяці гадоў зняволення. Фармальна — за падрыхтоўку ўдзелу ў Маршы, але насамрэч трапіў пад зачыстку ўсіх нязгодных з афіцыйнай палітыкай дзяржавы, бо мужчына не маўчаў даўно. Праваабаронцы падкрэслівалі, што пераслед блогераў носіць палітычны характар.

Ён пачаў займацца блогерствам яшчэ ў 2017-м, калі шмат людзей былі нязгодныя з “дармаедскім” дакрэтам. У выпусках блогу ён распавядаў пра тое, што адбываецца. Потым падчас пратэстаў супраць інтэграцыі з Расіяй зімой 2019 года яго затрымлівалі на суткі за ўдзел, трансляцыі і заклікі да ўдзелу — агулам ён правёў за кратамі 120 содняў. Такім чынам, улады сістэматычна парушалі правы Зміцера на свабоду мірных сходаў (артыкул 21 Канстытуцыі) і свабоду меркавання (артыкул 33 Канстытуцыі). Таксама яго адвольна затрымлівалі (парушэнне артыкула 25 Канстытуцыі).   

Падчас судовага пасяджэння, абвінаваўца быў упэўнены, што Казлоў “рабіў і публікаваў патрэбныя відэаролікі, якія беспадстаўна дыскрэдытуюць уладу”, аднак невядома, ці былі праведзеныя пэўныя экспертызы, каб мець падставы думаць, што Зміцер сапраўды парушаў закон.

Яўген Рубашка

35-гадовага актывіста анархісцкага руху Яўгена Рубашку асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі — за ўдзел у мірным сходзе, а таксама прыналежнасць да “Праменя”, які абвінавачанне называе “экстрэмісцкім фармаваннем”. Сам Яўген сцвярджаў на судзе, што гэта анархісцкі медыярэсурс. Аднак у абодвух выпадках можна ўбачыць парушэнні дзяржавай розных правоў і свабод чалавека. У выпадку разгляду “Праменя” як СМІ ­— відавочнае парушэнне свабоды выказвання меркавання, як у магчымасці спажываць інфармацыю з любых крыніцаў, так і ў праве распаўсюджваць інфармацыю, якая падаецца патрэбнай. Калі ж нават дапусціць, што “Прамень” — арганізацыя, у чым упэўненыя прадстаўнікі і прадстаўніцы дзяржавы, пераследаваць за гэта — парушэнне свабоды асацыяцый (артыкул 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), якая таксама з’яўляецца грунтоўнай свабодай кожнага чалавека.

Нават калі ўлічыць, што частка анархістаў і анархістак дапускаюць радыкальныя метады барацьбы, дзяржава мусіць спачатку даказаць небяспеку ад іх дзеянняў, знайсці падставы для забароны дзейнасці канкрэтнай арганізацыі і зрабіць гэта законным чынам. Гэтага не было зроблена, таму выпадак можна лічыць парушэннем правоў Яўгена. Пра парушэнне свабоды мірных сходаў мы ўжо падрабязна распавядалі. Яўген таксама быў вядомы ўдзелам у ініцыятыве “Еда вместо бомб”, удзельнікі і ўдзельніцы якой гатавалі ежу для бясхатнікаў.  

Пры затрыманні маладзёна моцна збівалі, патрабуючы доступ да тэлефону і камп’ютару, яму на галаву нацягвалі пакет: такім чынам улады парушылі ягоную свабоду ад катаванняў (артыкул 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), а таксама прэзумпцыю невінаватасці (артыкул 14 МПГПП).

Дзіяна Чарнушына

Фармальна сяброўку Аб’яднанай грамадзянскай партыі 36-гадовую Дзіяну Чарнушыну асудзілі да двух гадоў калоніі за ўдзел у адным з Маршаў. Відавочна парушэнне права на свабоду мірных сходаў. Таксама нагодай для затрымання мог стаць ейны ўдзел у АГП, што можна лічыць парушэннем права на свабоду асацыяцый. Падчас судовага пасяджэння яе, як і іншых удзельнікаў і ўдзельніц працэсу, трымалі ў кайданках, як небяспечную злачынцу, хаця яе віна яшчэ не была даказаная. Такі метад псіхалагічнага ціску можна лічыць таксама парушэннем прэзумпцыі невінаватасці.  

Таксама ў Дзіяны ёсць непаўнагадовае дзіцё з інваліднасцю, гэта дае падставу прылічыць яе да ўразлівай групы і магло б стаць памякчальнымі абставінамі для суда ў любой дэмакратычнай краіне. Атрымліваецца, суд не ўлічыў усе абставіны справы, таму наўрад ці прысуд можна назваць справядлівым.

Дзіяна — даўняя актывістка АГП. Напрыклад, у 2019 годзе яна балатавалася ў дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў ад адной з выбарчых акругаў Мінска. Тады ўлады парушылі цэлы шэраг яе грамадзянскіх і палітычных правоў: напрыклад, адмовілі ў публікацыі перадвыбарчай праграмы ў газеце “Звязда”. Тады кіраўніцтва выдавецкага дому справаздачылася, што ўбачыла ў праграме “абразы кіраўніцтва Беларусі”, аднак ніякай экспертызы, якая б аргументавала такі крок, праведзена не было.

Ігар Лосік

30-гадовага блогера Ігара Лосіка асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Як ужо адзначалася, праваабаронцы лічаць пераслед блогераў палітычна матываванай справай. За сваю дзейнасць Ігар неаднаразова трапляў за краты — відавочныя парушэнні свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання. Ён выказваўся ў блогу наконт усіх актуальных палітычных нагодаў, ягоная старонка стала папулярнай пасля падзей ва Украіне ў 2014 годзе. Акрамя гэтага, блогер сутыкнуўся з шэрагам парушэнняў правоў і свабодаў, характэрных для ўсіх затрыманых: напрыклад, ён быў адвольна затрыманы і пазбаўлены права на справядлівы суд. Таксама Лосік абвяшчаў безтэрміновую галадоўку на знак нязгоды з новым безпадстаўным абвінавачаннем.

Пераслед даўніх актывістаў і актывістак падкрэслівае ўпартасць беларускай моладзі ў змаганні за свае каштоўнасці. Шмат хто з мінулых моладзевых актывістаў і актывістак заспелі 2020 год ужо ў сталым узросце: абаронца Курапатаў Зміцер Дашкевіч, вернік Павел Севярынец паклалі сваю маладосць на змаганне за свае каштоўнасці. І нягледзячы на ўсе катаванні, яны працягваюць адстойваць іх нават за кратамі.


Чаму гісторыя Дар’і Лосік — больш, чым проста пра жонку блогера?

Make peace not war? Як дзяржава пераследуе моладзь за тое, што яна супраць вайны