Стыгматызацыя ЛГБТК+ людзей у беларускім грамадстве. Даследаванне
Даследаванне праведзена беларускімі актывісткамі ў межах сацыяльнай кампаніі “Гэта ОКЕЙ”, накіраванай супраць стыгматызацыі ЛГБТК+ людзей. Мэта – выявіць стыгмы ў беларускім грамадстве адносна ЛГБТК+, каб зразумець, якія стыгмы існуюць і як на іх уплываць.
Стыгма можа быць грамадскай ці асабістай, і яна стварае адмоўныя забабоны, стэрэатыпы і дыскрымінацыю ў дачыненні да тых, хто пакутуе ад яе. Гэта надзяленне пэўнай якасцю (хутчэй адмоўнай) пэўнай асобы ці групы асоб, хаця гэтая сувязь у рэальнасці адсутнічае і не даказана.
Стыгматызацыя ЛГБТК+ заснаваная на перадузятасці, сацыяльных нормах і культурных устаноўках, якія могуць быць памылковымі і шкоднымі. Яна можа прыводзіць да сацыяльнага і эмацыйнага пераследу, дыскрымінацыі, гвалту і псіхалагічных праблем у ЛГБТК+ людзей.
Кантэкст сітуацыі ў Еўропе і Беларусі
Больш за 50% ЛГБТК+ людзей у еўрапейскіх краінах сутыкаліся з дыскрымінацыяй на аснове сваёй сэксуальнай арыентацыі ці гендарнай ідэнтычнасці.
Гэта ўключае такія формы дыскрымінацыі, як абразы, забарона на працаўладкаванне або прасоўванне па кар’ернай лесвіцы, адмова ў прадастаўленні жылля і доступе да аховы здароўя, а таксама фізічны і псіхалагічны гвалт.
У Беларусі на дзяржаўным узроўні ЛГБТК+ асобы пазбаўленыя ці абмежаваныя ў вялікай колькасці правоў: права на абарону і бяспеку, права на сям’ю, права на здароўе і інш.
У справаздачы Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі ў суаўтарстве з Прававой ініцыятывай паказана, што на працягу апошніх гадоў беларуская дзяржава вядзе гамафобную палітыку: ЛГБТК+ людзі сустракаюцца з дыскрымінацыяй, “у дачыненні да ЛГБТК+ часта выкарыстоўваецца мова нянавісці, а гвалт з боку сілавікоў заахвочваецца дзяржавай”.
З чэрвеня 2023 года беларускія ўлады таксама адзначаюць распрацоўку законапраекта аб “забароне прапаганды ЛГБТК+” аналагічна расійскаму заканадаўству.
Безумоўна, афіцыйная палітыка дзяржавы не можа не ўплываць на грамадства. ЛГБТК+ асобы ў штодзённым жыцці сутыкаюцца са стыгматызацыяй – негатыўным стаўленнем ці пазнакай, якая прымацоўваецца да чалавека ці групы людзей, засноўваючыся на іх асаблівасцях, стане ці прыналежнасці да пэўнай катэгорыі.
Высновы даследавання
Нават сярод больш інфармаванай часткі цысгендарнага гетэрасэксуальнага беларускага грамадства, якая прыватна ведае ЛГБТК+ людзей і пра ціск на ЛГБТК+ асоб з боку дзяржавы і грамадства, сустракаецца шэраг распаўсюджаных стыгмаў, з якімі варта працаваць грамадскім арганізацыям, актывісткам і актывістам ды праваабаронцам.
1. Самая папулярная стыгма адносна ЛГБТК+ сярод апытаных – што існуе “прапаганда ЛГБТК+” і што “сэксуальную арыентацыю можна прапагандаваць ці навязаць”.
Адным з самых частых спосабаў стыгматызацыі ЛГБТК+ людзей з’яўляецца сцверджанне, што пэўная сэксуальнасць і гендар могуць прапагандавацца, навязвацца ці культывавацца. Гэтая стыгма фарміруе негатыўнае стаўленне да ЛГБТК+ людзей, паколькі прапаганда – гэта распаўсюджванне поглядаў, фактаў, аргументаў, чутак, інфармацыі або заведама фальшывых звестак з мэтай фарміравання патрэбнай грамадскай думкі і маніпулявання.
“Гэтыя людзі могуць рабіць, што лічаць патрэбным, але не прапагандаваць, што гэта нармальна і добра”.
Тэрмін “ЛГБТК+ прапаганда” выкарыстоўваюць для апісання дзейнасці ў падтрымку правоў ЛГБТК+ яго супернікі, часта палітыкі і папулісты, а таксама СМІ з мэтай дыскрэдытацыі і настройвання грамадзян супраць ЛГБТК+ супольнасці. Аднак з пункту гледжання правоў чалавека апісаная дзейнасць уяўляе сабой распаўсюджванне інфармацыі з мэтай пераадолення адмоўнага стаўлення да прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці, а выкарыстанне паняцця “прапаганда” ў дадзеным выпадку супярэчыць прынцыпам правоў чалавека і сведчыць аб гамафобнай і нярэдка папулісцкай падаплёцы.
2. Маршы ўспрымаюцца не як спосаб звярнуць увагу на праблему дыскрымінацыі і ўраўняць правы, а як “навязванне і прапаганда”.
Гэтыя перакананні сведчаць пра тое, што палеміка расійскай і беларускай уладаў глыбока пранікае ў свядомасць нават той часткі грамадства, якая не чытае афіцыйныя дзяржаўныя СМІ і не глядзіць тэлебачанне, а ўвагі ў незалежных медыя дадзенай тэме не надаецца столькі, каб беларусы і беларускі маглі мець іншае меркаванне.
“Гетэрасэксуалы ж не ходзяць з мітынгамі”
Тым не менш, варта адзначыць, што ў свеце маршы ў падтрымку ЛГБТК+ з’яўляюцца важным сродкам выказвання і абароны правоў і роўнасці ЛГБТК+ супольнасці. Яны дапамагаюць прыцягнуць увагу да сістэматычнай дыскрымінацыі, гвалту і няроўнасці, з якімі сутыкаюцца ЛГБТК+ людзі, робяць бачнымі як саміх ЛГБТК+ асоб, так і праблемы, з якімі яны штодзённа сутыкаюцца. Маршы ў падтрымку ЛГБТК+ не прымушаюць нікога змяняць свае перакананні ці прымаць якія-небудзь пэўныя погляды, яны спрабуюць ураўняць правы ўсіх людзей.
3. Вострым пытаннем для рэпандэнтаў і рэспандэнтак з’яўляецца пытанне дзяцей у ЛГБТК+ сем’ях, а менавіта перакананні ў тым, што гэта ўплывае на сэксуальную арыентацыю і псіхіку дзяцей.
Гэтая папулярная стыгма вынікае з браку ведаў і навуковай інфармацыі аб тым, як фарміруецца сэксуальная арыентацыя, а таксама аб адсутнасці залежнасці яе ад гендару і сэксуальнай арыентацыі бацькоў.
“дзеці не могуць зрабіць свой выбар: згадзіцца ці не на выхаванне ў гэтай сям’і, якая, напрыклад, складаецца з двух мужчынаў”
4. Стыгматызацыя ЛГБТК+ людзей паводле таго, што ў прынцыпе існуюць толькі два гендары, а ўсе астатнія – гэта “не норма”, таксама будуецца на адсутнасці ў людзей хаця б базавых ведаў пра гендар, на традыцыйных нормах і пэўных звычках, якія беларускае грамадства няхутка змяняе.
“Фізіялогія не можа патрабаваць сабе падобнага”
Такія меркаванні прапагандуюць бінарнае ўяўленне аб гендары, ігнаруючы разнастайнасць і складанасць гендарных выразаў і ідэнтычнасцяў. Важна разумець, што сэксуальная арыентацыя і гендарная ідэнтычнасць – гэта натуральная і нармальная частка чалавечай разнастайнасці. Шматлікія навуковыя даследаванні паказваюць, што яны абумоўлены рознымі фактарамі, у тым ліку генетычнымі, гарманальнымі і навакольным асяроддзем, і не з’яўляюцца выбарам або хваробай. Напрыклад, Амерыканская псіхалагічная асацыяцыя (APA) пацвярджае, што гомасэксуальнасць не з’яўляецца псіхалагічным разладам або выбарам, а, хутчэй, натуральнай і нармальнай часткай чалавечай арыентацыі.
5. Перакананні аб недарэчнасці выяўлення эмоцый у публічнай прасторы як гетэрасэксуальных, так і гомасэксуальных пар сведчаць аб негатыўным стаўленні да праявы кахання і прыхільнасці ў грамадстве.
Гэта падкрэслівае наяўнасць стэрэатыпаў, перадузятасці і стыгматызацыі ў дачыненні да розных формаў сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці.
Ніхто не мае права дэманстраваць свае пачуцці, навошта гэта патрэбна. Няхай усе робяць што хочуць у сябе дома, а ў грамадстве паводзяць сябе нармальна. Ну за руку трымацца яшчэ добра, няхай. Абдымацца, не ведаю. Цалавацца дакладна не, навошта гэты свой бруд паказваць.
Рэспандэнтка Аліна (48 гадоў, жыве ў Беларусі)
6. Сцвярджэнне аб тым, што “ў Беларусі ўсе пад ціскам”, сведчыць аб недастатковай дасведчанасці пэўнай часткі грамадства пра парушэнні правоў ЛГБТК+ супольнасці ў Беларусі і дыскрымінацыі на дзяржаўным узроўні.
Прычынамі сацыяльнага ціску на ЛГБТК+ супольнасць, па меркаванні апытаных, з’яўляюцца перадусім традыцыйныя каштоўнасці, якія існуюць у грамадстве і культывуюцца дзяржавай, у цэлым гамафобная палітыка дзяржавы, якая не абараняе правы ЛГБТК+, ціск у дзяржаўных установах, катаванні, патрыярхат і адсутнасць шырокай адукацыі на тэму гендару і сэксуальнасці.
Варта больш актыўна інфармаваць шырокае грамадства аб парушэннях правоў, катаваннях ЛГБТК+ у ЦІП і турмах, распавядаць пра гамафобную палітыку беларускай дзяржавы.