Ментарская праграма ад БНМС «РАДА»

Ментарская праграма ад БНМС «РАДА»

БНМС “РАДА” запускае набор на ментарскую падтрымку для актывістаў_ак-пачаткоўцаў_вак, якія хочуць рабіць карысныя справы і змяняць Беларусь да лепшага. Гэта магчымасць атрымаць дозу ведаў і натхнення, неабходную, каб распачаць свой актывісцкі праект!

Што будзе ў ментарскай праграме?

Цябе чакае індывідуальнае суправаджэнне ад нашых ментараў_ак — зможаш абмеркаваць і прапрацаваць свае ідэі, планы, праблемы ў актывісцкай дзейнасці з экспертамі_камі розных сфераў. Таксама плануем некалькі групавых трэнінгаў па працы з мэтавай аўдыторыяй, мэтавызначэнню і планаванню.

Колькі доўжыцца праграма?

Старт праграмы — 9 кастрычніка. Будзем працаваць разам 2 месяцы. Ты наведаеш мінімум 5 кансультацыйных сустрэчаў з ментарам_кай і зможаш паўдзельнічаць у 4 тэматычных анлайн-занятках. Падрабязным раскладам ментарскіх сустрэчаў і трэнінгаў мы падзелімся з удзельнікамі_цамі пасля адбору на праграму.

Навошта мне гэтая праграма?

Цягам праграмы мы дапаможам распланаваць і пачаць актывісцкую дзейнасць — якасна і паслядоўна. Ты атрымаеш кансультацыі і парады ад актывістаў_ак і грамадзянскіх дзеячаў_ак з вялікім досведам. Пры неабходнасці пазнаёмім цябе з арганізацыямі і экспертамі_камі, партнёрства з якімі дапаможа ўжыццявіць твае задумкі.

З ментарскай падтрымкай ты складзеш чарнавік-план, які можа быць асновай для заяўкі на фінансаванне тваёй дзейнасці. Мы прапануем фінансавую падтрымку на рэалізацыю найбольш прапрацаваных ідэй па выніках праграмы. 

У мяне няма канкрэтнай ідэі праекта, але хачу займацца актывізмам — што рабіць?

Калі ты бачыш у сваім асяроддзі пэўную праблему, хочаш яе вырашыць і пакуль не ведаеш, як менавіта гэта зрабіць, — падавайся на нашую праграму! Ментары_кі дапамогуць табе зразумець праблемы і перашкоды ў тваім асабістым актывісцкім шляху, скласці пачатковы план дзейнасці. А трэнінгі дадуць карысныя веды, неабходныя для першых крокаў.

Калі ў цябе няма пэўнай ідэі ці праблемы, якую ты хочаш прапрацаваць з ментарамі_камі, мы прапануем далучыцца да нашых адкрытых вэбінараў. Мы паведамім пра іх расклад на пачатку кастрычніка ў нашым інстаграме ці на сайце— сачы за навінамі!

Хто будзе ментарамі_камі праграмы?

Мы падбяром экспертаў_ак спецыяльна пад твае запыты, каб вашая сумесная праца была як мага больш эфектыўнай. Ужо зараз мы працуем з патэнцыйнымі ментарамі_камі, каб пасля адбору на праграму аператыўна знайсці для цябе ідэальнага_ую суправаджальніка_цу. 

Прымаем заяўкі да 28 верасня ўключна. 

Рэгістрацыя