Навошта слухаць моладзь? Тры меркаванні

Навошта слухаць моладзь? Тры меркаванні

Моладзь абураецца, што да яе не прыслухоўваюцца, сталае пакаленне не гатовае верыць у яе экспертызу? Ці так гэта, навошта слухаць маладое пакаленне, як знаходзіць паразуменне паміж сабой і ці хочуць медыя даваць больш месца экспертнасці моладзі, мы спыталі ў прадстаўнікоў і прадстаўніц розных узростаў і сфераў. 

Аліна Харысава, паліталагіня, чаліня Каардынацыйнай рады

— Відавочна, краіна будуецца не за адзін дзень: нават калі мы пазбавімся ад дыктатуры, нам будзе патрэбен час, каб прыйсці нават да годнага эканамічнага ўзроўню. Моладзь і будзе асноўнай часткай тых людзей, якім трэба будзе прайсці праз самыя цяжкія часы пабудовы дэмакратыі. Таму калі мы зараз забіваем на яе, што мы хочам пабудаваць?

Цяпер жа бачу, што моладзі цяжка прыйсці ў палітыку: прастору забіраюць людзі, якія займаюцца ёй з 90-х, кажуць з трыбунаў папулісцкія лозунгі. А ёй не даюць голас, бо нібыта яна яго не заслугоўвае. Гэтая праблема патрабуе рознабаковага вырашэння. Па-першае, трэба адукацыйна працаваць з аўдыторыяй, каб яна не вялася на папулісцкія і прапагандысцкія лозунгі. Па-другое, пры распрацоўцы ініцыятываў і праграмаў варта рабіць моладзь бачнай, даючы ёй прастору. Па-трэцяе, бачнасць будзе недастатковай, пакуль мы самі не будзем пра сябе крычаць. Мы заслугоўваем, каб наш голас гучаў, хаця ў нас не так шмат досведу. Але рэгаліі не мусяць падмяняць кампетэнтнасць — моладзь таксама мае прафесійны досвед. І калі мы будзем даносіць свае праблемы, будзе больш магчымасцяў іх вырашыць. 

Менавіта таму цяпер мы стварылі працоўную групу па адвакацыі акадэмічных інтарэсаў беларускай моладзі, якая ў тым ліку адвакатуе ўключэнне беларусаў і беларусак у тыя праграмы і магчымасці, адкуль іх выключаюць. Мы стварылі праект “Яна/Ёй” пра каштоўнасці роўнасці, салідарнасці і непрыняцця гвалту, якія таксама блізкія моладзі. Асабіста я ўзяла апякунства над палітзняволенай, таму што лічу важным, каб палітвязні не гублялі свой твар за лічбамі. У такіх пытаннях моладзь можа крэатывіць дастаткова, каб даводзіць праблему да сваёй аўдыторыі. 

Ірына Сухій, праваабаронца, старшыня “Экадому”

— Маладых людзей варта слухаць, бо яны далей будуць жыць у той Беларусі, якой яна стане. Умоўна кажучы, ім разбірацца з тымі радыёактыўнымі адкідамі, якія трэба будзе захоўваць пасля пабудовы АЭС: таму ім першапачаткова і трэба было задаваць пытанне пра будаўніцтва. Агулам не так шмат людзей, якія зацікаўленыя ў палітыцы ці адвакацыйных дзеяннях, у Беларусі дэманізацыя палітыкі наўрад ці натхняла моладзь увязвацца ў гэта. 

Каб займацца гэтым, першасна трэба атрымаць экспертызу. І нягледзячы на дастаткова малады калектыў “Экадому”, мне бракуе ўмоўна 20-гадовых, якія б хацелі б развівацца ў гэтым напрамку: пакуль мы губляем гэтае пакаленне. Разам з тым я бачу, што моладзь хаця і цікавіцца экалагічнымі пытаннямі – раздзяляе адкіды, з’яўляецца асэнсаваным экалагічным спажыўцом, але мала хто гатовы займацца экалагічнай палітыкай, зялёнай эканомікай і адаптацыяй да змены клімату.

Думаю, варта рабіць больш адукацыйных мерапрыемстваў, каб у вялікай колькасці людзей развівалася разуменне праблемы і з’яўляўся імпэт нешта рабіць. Частка зацікавіцца і проста паслухае, а частка застанецца з намі. Цяпер у “Экадоме” мы будзем радыя бачыць людзей, якія хацелі б паглыбіцца ў пытанні ўдзелу грамадства ў прыняцці рашэння, права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, экалагічнае права. Мы можам даць моладзі, якая гатовая ў гэтым разбірацца, магчымасць павялічыць экспертызу праз удзел у міжнародных мерапрыемствах. Таксама нам пастаянна патрэбныя валанцёры і чалавек, які з імі працуе. 

Моладзі і больш сталаму пакаленню варта ісці насустрач адзін аднаму: у моладзі ёсць драйв і імпэт, у сталых – досвед. Так розныя людзі могуць узбагачаць адно аднаго, а справа будзе працягвацца. Як пеў Барыс Грэбеншчыкоў, “где та молодая шпана, которая сотрет нас с лица земли?”

Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар “Еўрарадыё”

— Моладзь мала прадстаўленая ў медыя, і таму ёсць дзве прычыны. Па-першае, сярод нашага медыйнага бубла экспертаў, якіх людзі любяць слухаць і з якім нам цікава размаўляць, не так шмат яе прадстаўнікоў. Па-другое, моладзі самой непатрэбныя медыя, за выключэннем маладых палітыкаў. У яе і без гэтага дастаткова спосабаў выказаць сябе праз інтэрнэт: хочаш сказаць нешта свету – пойдзеш у цікток ці вялікі чат. 

Калі б маладзёны пайшлі да нас, эфір быў бы больш разнастайным і вясёлым, але я не бачу асаблівых перавагаў для іх. Моладзь не мысліць у парадыгме медыя, мала хто з медыя спрабаваў быць ёй патрэбнымі, і ў выніку студэнты і яшчэ больш маладзейшае пакаленне абсалютна не там, дзе мы. З аднаго боку, хочацца перадаваць свой досвед, бо трэба, каб яны былі падрыхтаваныя да адказнасці за краіны, якую возьмуць праз 10-15 гадоў. Але з іншага боку, мы не можам прымусіць іх чытаць сябе. Тая ж праблема і ў дзяржавы.

Магчыма, калі б у краіне палітыка з’явілася як сацыяльны ліфт, людзі ўцягнуліся б з часам, але пакуль БРСМ і маладыя дэпутаты ні на што не ўплываюць, таму не зацікаўленыя ні ў нашым “змагарскім”, ні ў праўладным парадку дня. Акром таго, у Беларусі бракуе добрага падлеткавага СМІ, якое давала б моладзі пляцоўку выказацца. Дзяржава не можа зрабіць такое медыя, бо моладзь чулая да любых амбежаванняў, а з замежжа зрабіць такое медыя нерэальна. Да таго ж у медыя цяпер працуе вельмі мала маладзёнаў: раней нехта варты знаходзіўся пасля журфаку, цяпер жа мы не можам узяць у працу людзей унутры краіны. 

Калі нехта хоча прыйсці да нас, самы проста спосаб – напісаць у тэлеграм і прапанаваць актуальную тэму. Але вядома, трэба быць падкаваным у сваёй тэме чалавекам, арыентавацца, што адбываецца ў палітычным плане. Нас цікавіць кантэкст існавання любой моладзевай ініцыятывы, яе перспектывы: на такія пытанні цяжка адказаць без падрыхтоўкі. Таксама трэба працаваць над сабой і не баяцца дэманстраваць сваю экспертнасць: нават калі мы 15 разоў скажам, што ўсё ок, малады чалавек у эфіры часцей за ўсё будзе хвалявацца. Але мы не такія страшныя, стрым – нашмат прыемней і лягчэй, чым іспыт. Таму прыходзьце!