Трывога ад паведамленняў і пустэча быцця. Калі час паразмаўляць з псіхіяатарам_кай?

Трывога ад паведамленняў і пустэча быцця. Калі час паразмаўляць з псіхіяатарам_кай?

Кава і сустрэчы з сябрамі_камі ўжо не тое, а адпачынак не здымае стому – гэта можа быць класічным выпадкам дэпрэсіі. Урач-псіхіятр тлумачыць, калі варта пайсці на кансультацыю, чаму не трэба ратавацца карвалолам і ці давядзецца піць антыдэпрэсанты ўсё жыццё.

Актывісты_кі не выратуюць свет назаўжды і цалкам, але зробяць нашмат больш, калі паклапоцяцца аб сабе. Гэтай публікацыяй мы працягваем серыю тэкстаў пра тое, як падтрымаць ментальнае здароўе ва ўмовах шквала негатыўных навін і вострых сацыяльных праблем.

Лекар-псіхіятр Павел Перапёлкін распавядае пра тое, як зразумець, што час звярнуцца да спецыяліста з-за дэпрэсіўнага або трывожнага настрою, як пра гэта расказаць і чаго на самай справе баяцца, калі вам хочуць прызначыць таблеткі.

Усё часцей трэба працаваць з ПТСР і разладам адаптацыі

Пасля 2020 года на склад маіх пацыентаў больш за ўсё ўплывала мая “геаграфія”.

Да 2022 года я знаходзіўся ў Беларусі, і асноўным фактарам быў каронавірус. З’явіліся пацыенты з трывожна-дэпрэсіўнай сімптаматыкай і складанасцямі ў кагнітыўнай сферы пасля хваробы. Падзеі ж да і пасля выбараў істотна на гэтым не адбіліся.

Але вось пасля маёй эміграцыі ў 2022 годзе пацыентамі зрабіліся ў большасці выпадкаў такія ж вымушаныя мігранты, як і я. Сітуацыя змянілася: усё часцей я пачаў сутыкацца і з ПТСР (посттраўматычным стрэсавым разладам), а таксама з разладамі, выкліканымі складанасцямі адаптацыі.

Што такое дэпрэсія?

Класічная дэпрэсіўная трыяда прадстаўленая паніжаным настроем, зніжэннем ментальнай і рухальнай актыўнасці. Але зусім не заўсёды разлад мае класічны выгляд. Ды і пазнаць усе гэтыя элементы бывае няпроста. Таму важна ведаць, як менавіта яны могуць выяўляцца ў нашай штодзённай дзейнасці.

Пагаворым аб прыкметах, пры якіх варта звярнуцца да псіхіятра менавіта ў кантэксце дэпрэсіўных, трывожных разладаў.

Мабыць, у першую чаргу мае значэнне тое, што стан значна і доўга не паляпшаецца (а часам і пагаршаецца) пасля адпачынку, змены абстаноўкі, спробаў пераключыцца на якую-небудзь актыўную дзейнасць і г.д. Словам, калі не працуюць папулярныя жыццёвыя парады, такія як узяць адпачынак/адгул, паразмаўляць з сябрамі, заняцца спортам, з’ездзіць куды-небудзь.

Часам яны могуць прыносіць некаторую палёгку (асабліва ў моманце), але ранейшы стан хутка вяртаецца.

Яшчэ адзін маркер – знікаюць звыклыя радасці.

Вельмі важнай прыкметай можа быць парушэнне сну. Гэта альбо нязвыкла доўгі сон альбо, наадварот, заснуць робіцца вельмі складана. Сам сон можа не прыносіць адпачынак. А часам, прачнуўшыся, чалавек можа ўжо адчуваць сябе так, нібы ён не спаў, а працаваў, і сілаў ужо ні на што няма. Пры гэтым да вечара стан можа трошку паляпшацца.

Наступная істотная прыкмета – гэта зніжэнне здольнасці адчуваць пазітыўныя эмоцыі. Рэчы і падзеі, якія раней былі прыемнымі, прыносяць задавальненне ў меншай ступені ці нават раздражняюць. Гэта значыць робяцца менш дасягальнымі звыклыя, знаёмыя радасці (набыць нешта невялікае “для сябе”, смачная кава, цікавая размова, добрае надвор’е і г.д).

Гэта можа тычыцца не толькі бягучых падзей, але і будучых. Напрыклад, планаванне паездкі, якая раней, напэўна, была б вам цікавая, мерапрыемстваў на выходныя, паходаў на канцэрт і г.д. не выклікаюць у вас прыемнага прадчування, якое амаль дакладна было б раней.

Непрачытанае паведамленне выклікае трывогу

Дэпрэсія можа суправаджацца падвышанай трывожнасцю. Трывога ўласцівая чалавеку і ў норме. Цалкам нармальна хвалявацца перад важнымі падзеямі, якія змяшчаюць у сабе значныя рызыкі (экзамены, інтэрв’ю, пераезд і г.д.). Такая трывога ў пэўным сэнсе мабілізуе нас, дазваляе ў большай ступені сканцэнтравацца на магчымых перашкодах і іх пераадоленні.

А вось пры развіцці таго ці іншага разладу трывога робіцца хутчэй “паралізуючай”. Яна замінае ў штодзённай дзейнасці, прымушае пазбягаць таго, што ў іншы час для нас было цалкам звыклым і не выклікала складанасцяў.

Пры гэтым яна часта не звязаная з якімі-небудзь відавочнымі прычынамі, фактарамі. Альбо ж іх значнасць раней была зусім не такой, каб прымусіць перажываць і хвалявацца. Так можа выклікаць хваляванне непрачытанае паведамленне ў месенджэры, нечый жарт, проста думкі аб заўтрашніх падзеях, нават калі яны вельмі руцінныя.

Не знікаюць пачуццё віны і бяссэнсоўнасць 

Вельмі часта ў дэпрэсіі людзі схільныя да самакапанню і самааналізу. Але вядуць яны, як правіла, да негатыўных высноў пра сябе. Чалавек можа вінаваціць сябе ў чымсьці (ці ўвогуле ва ўсім), лічыць няздольным, нявартым, дурным і г. д.

Пры гэтым можа прысутнічаць разуменне, што на самой справе гэта не так, але ад гнятлівага адчування ўласнай віны або непаўнавартаснасці практычна немагчыма пазбавіцца, як нярэдка і адчування бяссэнсоўнасці таго, што адбываецца ці ўласнага жыцця.

Чалавек у дэпрэсіі можа быць актыўны, а не ляжаць

Дэпрэсія можа мець і шэраг іншых сімптомаў. Пры гэтым істотна памятаць, што дэпрэсія – гэта зусім не заўсёды пасіўнасць, бяздзейнасць, калі ў чалавека няма сіл нават на тое, каб устаць з ложка і памыцца. Бывае, вядома, і так.

Але нярэдка чалавек у дэпрэсіі можа быць цалкам актыўны: працаваць, стасавацца з людзьмі, наведваць розныя мерапрыемствы і падавацца цалкам жыццярадасным. Суправаджацца гэтая актыўнасць можа велізарнай унутранай напругай, звязанай з адчуваннем пустэчы і бессэнсоўнасці.

“Няправільна” апісваць свой стан – гэта ок

Звяртаючыся па дапамогу да псіхіятра_аркі, варта расказаць менавіта пра тое, што вас турбуе, што вы лічыце найбольш актуальным у сваім стане, што вы хацелі б змяніць. Пры гэтым не варта баяцца “няправільных” фармулёвак, неяк адмыслова рыхтавацца, падбіраючы словы і выразы.

Вы зусім не абавязаны валодаць спецыяльнай тэрміналогіяй, умець апісваць сімптаматыку, як у клінічнай задачы і г.д. Больш за тое, псіхіятру істотна пачуць менавіта ваша бачанне свайго стану і праблемы, а далей ён ужо ўдакладніць ўсё неабходнае. 

Разлад можна вылечыць або прывесці да рэмісіі

У лячэнні дэпрэсіўных разладаў для большасці выпадкаў залатым стандартам лічыцца камбінаванне медыкаментознага лячэння і псіхатэрапіі. Пры гэтым важна памятаць, што гэта не ўзаемазамяняльныя метады, а ўзаемадапаўняючыя, бо яны працуюць з рознымі механізмамі. Таму няправільны і стэрэатып, што лёгкія дэпрэсіўныя эпізоды карэктуюцца толькі псіхотерапеўтычна, а лекі патрэбныя выключна ў цяжкіх выпадках.

Што тычыцца медыкаментознага лячэння афектыўных разладаў, то асноўная група прэпаратаў для гэтага – антыдэпрэсанты. Хоць часта выкарыстоўваюцца прэпараты і іншых груп (нейралептыкі, транквілізатары, нарматымікі).

Для розных клінічных выпадкаў актуальныя розныя антыдэпрэсанты або іх камбінацыі з іншымі прэпаратамі, як і розныя дозы. Таму, калі чалавек дыягнаставаў у сябе дэпрэсію, не атрымаецца проста ўзяць любы антыдэпрэсант і атрымаць жаданы эфект. Дакладней, атрымацца можа, але на ўзроўні гульні ў рулетку.

Кожны прэпарат павінны прызначацца абгрунтавана і ў адпаведнасці са стандартамі сучаснай навуковай парадыгмы. Тады, безумоўна, ён спрацуе рэзультатыўна.

Таблеткі часта надоўга, але рэдка – назаўжды

Сучасныя падыходы і прэпараты дазваляюць у пераважнай большасці выпадкаў дасягнуць поўнага выздараўлення або рэмісіі (у выпадку хранічнага разладу) пры афектыўных разладах, не зніжаючы якасць жыцця.

Калі казаць аб працягласці прыёму антыдэпрэсантаў, то можна сказаць, што гэта часта надоўга, але рэдка назаўжды. Звычайна працягласць прыёму антыдэпрэсантаў складае каля паўгода ад моманту ўстойлівага паляпшэння. Часам гэта можа быць і даўжэй.

Але сталае медыкаментознае лячэнне неабходнае толькі ў выпадках хранічных разладаў, калі курсавы прыём не можа прывесці да ўстойлівага аднаўлення нармальнай працы галаўнога мозгу.

Антыдэпрэсанты – для бязвольных. Міфы пра таблеткі

Калі казаць пра міфы аб медыкаментозным лячэнні агулам і аб антыдэпрэсантах у прыватнасці, то іх, на жаль, нямала. Гэта і пра “абавязковасць” пабочных эфектаў, і пра залежнасць, і пра тое, што прыём антыдэпрэсантаў – ад нястачы сілы волі, і пра тое, што медыкаментознае лячэнне можна замяніць псіхатэрапіяй, заняткамі спортам, ёгай, ужываннем БАДаў і г.д.

Мабыць, самы распаўсюджаны міф, ад якога ў мяне часам пачынае торгацца вока – гэта пра залежнасць, нібыта яна развіваецца ад антыдэпрэсантаў. Гэтаму міфу спрыяе працягласць прыёму антыдэпрэсантаў, у тым ліку на фоне паляпшэння стану, а таксама непрыемныя сімптомы, якія могуць узнікаць пры адмене прэпаратаў (яны часта называюцца не зусім карэктна “сіндромам адмены”, што і выклікае асацыяцыі з залежнасцю).

Лепш забыцца пра карвалол – ён шкодны

На самой справе, патэнцыял антыдэпрэсантаў выклікаць залежнасць блізкі да нуля. Хоць высокі адыктыўны патэнцыял некаторых іншых прэпаратаў часта ігнаруецца, але да іх, на жаль, часта звяртаюцца ў парадку самалячэння.

Гэта бензадыязепінавыя транквілізатары, прэгабалін, снатворныя, такія як запіклон, а таксама розныя спіртавыя настойкі (“карвалол”, “валакардын”, “карвалдзін” і г.д.), якія змяшчаюць у сваім складзе фенабарбітал.

Гэта не азначае, што дадзеныя прэпараты цалкам непрымальныя для ўжывання. Выключэнне – настойкі тыпу “карвалол” – яны не маюць ніякай клінічнай значнасці і выключна шкодныя. Выкарыстоўваць астатнія варта асцярожна, з улікам іх патэнцыялу фармаваць залежнасць і, зразумела, толькі ў адпаведнасці з прызначэннямі лекара і пад яго кантролем.


Ганна Валынец