Як працаваць з псіхолагам_іняй і калі варта спыніцца?

Як працаваць з псіхолагам_іняй і калі варта спыніцца?

Лепш ісці да псіхолага_іні з сеціва ці па рэкамендацыі? Ці прасіць яго / яе паказаць дыпломы? А гэта наогул дапаможа? Абмеркавалі выбар спецыялістаў_ак з кліентамі і імі самімі.

Гэтай публікацыяй мы працягваем серыю тэкстаў пра людзей, якія здолелі вырашыць свае псіхалагічныя праблемы або знаходзяцца на шляху да гэтага – самі або з дапамогай спецыялістак_аў.

Тут мы раскажам пра тое, у які момант людзі звычайна вырашаюцца на псіхолага_іню – гэта звычайна час, калі ўсё стала дрэнна, горш, чым чалавек чакаў. Але нават у такія моманты трэба звярнуць увагу, ці падыходпасуе вам псіхолаг_іня і ці сапраўды ў працэсе працы вам робіцца лепш. Калі так – не кідаць, калі не – смела мяняць спецыаліста_ку.

* – некаторыя імёны зменены па просьбе герояў_інь

“Важна вывучыць накірункі і выбраць тое, што бліжэй

Экзістэнцыяльная псіхатэрапія, кагнітыўна-паводніцкая, гештальт – пра розныя падыходы распавядае Люся Удавічэнка, раней валанцёрка ў BY_help, цяпер мадэратарка ў адным беларускім медыя. Яна паспрабавала працаваць з псіхатэрапеўт_камі розных накірункаў, лекуючы свае абсэсіўна-кампульсіўны разлад і дэпрэсію.

“Прыкладна за год у мяне развіў абсэсіўна-кампульсіўны разлад да такой ступені, што жыць зрабілася літаральна немагчыма. Я не магла хадзіць ва ўніверсітэт, таму што там усё “бруднае”, рукі ўсе былі ў трэшчынах ад пастаяннага мыцця, я ўвесь час нешта адмывала і амаль не спала. Ну і проста ўсвядоміла, што сама не спраўлюся, праблему трэба лекаваць.

Прыватныя спецыялісты здаваліся тады чымсьці непад’ёмным і вельмі дарагім, таму я пачала не з псіхатэрапеўта, а прыехала ў Навінкі. Мне адразу прапанавалі легчы ў 20-е аддзяленне (аддзяленне памежных станаў). Я не бачыла нейкага іншага выйсця і лягла.

– Ці дапамог шпіталь?

Мне дапамаглі зразумець, што адбываецца і якім павінен быць вектар лекавання. Але, на жаль, у Навінках няма рэсурсаў для псіхатэрапіі кожнага пацыента, і пасля я ўжо шукала сабе прыватнага псіхатэрапеўта.

Менавіта псіхатэрапеўта, а не псіхолага. Для мяне істотна, каб у яго/яе была медыцынская адукацыя, каб ён/а ў працэсе псіхатэрапіі маг/ла падкарэктаваць дозу таблетак ці ўвогуле памяняць лекаванне.

У тэрапіі для мяне важна цалкам давяраць свайму тэрапеўту, таму я вывучаю ўсе публічныя профілі на ўсіх сайтах, спрабую зразумець, ці будзе мне камфортна, ці давяраю я кампетэнцыям гэтага чалавека. Напрыклад, калі ў псіхатэрапеўта напісана нешта накшталт “лекар душ” – адразу міма. Погляды на лекаванне і тэрапію ў нас дакладна розныя, хутчэй за ўсё, падчас тэрапіі я б проста ўвесь час здзіўлялася, [аб чым ён увогуле кажа].

Канкрэтна мне бліжэй кагнітыўнай-паводніцкая тэрапія, і я шукаю спецыяліста ў гэтым кірунку. Мне здаецца важным вывучыць, пра што кожны з кірункаў і выбраць, які бліжэй (КПТ, гештальт, псіхааналіз, экзістэнцыяльная). Я неяк спрабавала гештальт, але мне не падыйшло. Не хапала» практычнага падыходу, хоць шмат каму гэты від тэрапіі падабаецца і дапамагае.

– Колькі часу вы сумарна працавалі з псіхатэрапеўт_камі?

Ох, вельмі складана палічыць. Самы доўгі час працы з адным псіхатэрапеўтам, напэўна, гады паўтара-два. У суме гады чатыры з паловай – гэта калі прыбраць перапынкі.

Псіхатэрапія дапамагла выраўняць стан: цяпер я магу нармальна выходзіць з хаты, стасавацца з людзьмі, нашмат менш часу выдаткую на пранне і мыццё (але ўсё яшчэ шмат). Прагрэс дакладна ёсць, але да “нормы” мне пакуль вельмі далёка.

АКР у маім выпадку “прыцягнула” за сабой дэпрэсію, то бок зараз трэба працаваць і з тым, і з іншым. Я ўсё яшчэ не магу спраўляцца без таблетак, у гэтым годзе паспрабавала “злезці” – адразу стала горш, я “залезла” назад.

– Ці можна сказаць, што вам цяпер добра?

Мне значна лепш, чым раней, але не сказала б, што добра. Псіхатэрапія гэта не пра шчаслівае вылечванне за два тыдні.

Мяркую, калі вы задумаліся аб псіхатэрапіі, значыць, ёсць нагоды і будзе над чым працаваць. Мне здаецца, што тэрапія наогул карысная ўсім, нават умоўна “здаровым” людзям, у мяне нават майка ёсць, дзе на спіне напісана “Yes, you need therapy too” 🙂

Тым, хто ўжо працуе з псіхатэрапеўтам/псіхолагам і сумняваецца, што дапамагае, я прапаную абдумаць дзве рэчы.

Першае – паправіцца гэта нелінейны працэс, будуць ўзлёты і падзенні, і гэта нармальна. Плюс, як я казала вышэй, гэта не хутка, сысці могуць літаральна гады. Другое: можа быць, што з канкрэтным спецыялістам вы не адчуваеце сябе камфортна – тады не бойцеся яго мяняць. І калі няма ніякага выніку доўгі час (месяцы два-тры), то гэта таксама падстава задумацца аб змене спецыяліста (але не аб спыненні тэрапіі)”.

Пачаў вастрэй адчуваць і добрае, і кепскае

Брэнд-амбасадарам тэрапіі сябе жартам кліча Максім Паршута, медыяменеджар і блогер. А можа, і не жартам: ён упэўнены, што раней бачыў жыццё ў шэрым колеры. Яго не ўражвала ўласная набытая кватэра, а экзатычныя падарожжы падабаліся не больш, чым глядзець у бетонную сцяну. Зараз жа Максім вельмі натхнёна распавядае пра кароткі шпацыр па сонечнай Варшаве – бо атрымлівае задавальненне нават ад дробязяў.

Фота: Аліна Мазавец

“Паўтары гады я ў сталай тэрапіі і да гэтага амаль два гады – з перапынкамі. Чаму я наогул туды пайшоў? Напрыканцы 2019 года я адкрыў у сваёй асобе чалавека, якога зусім не радуе яго някепскае жыццё. Працуючы ў IT, я меў добры заробак і набыў сабе кватэру. Адметна тое, што той дзень не быў нейкім асаблівым, я быў проста загружаны працай. Часцяком я наогул не пражываў гэты і іншыя радасныя моманты. Кароткатэрмінова з гэтым дапамагла тэрапія.

Потым здарыліся выбары. У мяне былі планы 10 жніўня пайсці ўвечары ў рэстаран, павячэраць – карацей, далей жыць сваё звычайнае айцішнае жыццё. Але так не адбылося. У снежні 2020 года я ўзяў сабатыкал [і з’ехаў з краіны] – хацеў за паўгады зрабіць што-небудзь, каб вярнуцца ўжо ў свабодную Беларусь. Перад вяртаннем быў план месяц паляжаць на якой-небудзь выспе, але не атрымалася.

Улетку 2021 года я заўважыў у сябн відавочныя праблемы. Тады з’явіўся час на падарожжы, але ў іх я думаў, што зноў трэба набываць нейкія sim-карты, хадзіць у новыя нязвыклыя крамы… А потым ты стаіш дзесьці ў прыгожым месцы – і табе ўсё адно. Стаяў бы, не ведаю, у якіх-небудзь Бешанковічах на прыпынку, глядзеў у шэрую сцяну – і было б так жа.

У маім жыцці зусім не было радасці, і я вярнуўся ў тэрапію да мінулай псіхалагіні. Але не дапамагло. Зрабілася зразумела, што да праблемы мы не дабіраемся, я пайшоў да новай, [якая працуе з цялесна-арыентаваным падыходам]. Там ужо былі і слёзы падчас заняткаў, і жаданне скруціцца абаранкам пасля іх. Гэта была прадуктыўная праца. Заяўляю як брэнд-амбасадор тэрапіі: будзеце галасіць! (смяецца)

Тэрапія падвышае якасць жыцця. Прасцей успрымаць добрыя моманты: сонейка, ты ідзеш па цэнтры горада, усё такое прыгожае, птушачкі спяваюць, ты кайфуеш. У панядзелак я прайшоўся дзесяць хвілін і атрымаў проста стоадсоткавае задавальненне. Але ёсць нюанс: ад кепскіх момантаў можа быць нашмат горш, чым раней. Гэта значыць, што мая эмацыйная шкала вырасла ў абодва бакі – і спачатку я гэтага не чакаў.

Але ты лепш разумееш сябе, ты больш зразумелы для свайго атачэння. Я цяпер лягчэй адмаўляюся ад таго, чаго не хочацца, і мне зрабілася прасцей дамовіцца аб тым, як зрабіць, каб мне падабалася. Гэта адбіваецца і на працы.

Як шукаць спецыяліста_ку? Я б гэта рабіў па рэкамендацыі. Але важна разумець, што калі камусьці аднаму пасуе спецыялістка, то гэта не значыць, што яна падыйдзе і іншаму”.

У псіхолага_іні мусіць быць дыплом і вопыт працы з траўмай

І, нарэшце, раскрыем галоўнае пытанне: ці можна выбіраць псіхолаг_іню па Instagram. Адказ: так, але ёсць нюансы. Як мінімум трэба ўдакладніць, дзе спецыяліст_ка вучыў_лася, а ў ідэале ўсё ж мець чыюсьці рэкамендацыю. Больш падрабязна тлумачыць псіхолаг Алена Грыбанава.

Ці пытаць пра дыплом?

– Ці пасуе псіхолаг_іня, калі яго кантакты знайшлі ў сеціве, умоўна – у Instagram?

Перш за ўсё крытэр – гэта наяўнасць дыплома аб вышэйшай дзяржаўнай адукацыі, у якім напісана слова “псіхолаг”, “клінічны псіхолаг”, “педагог-псіхолаг” – не дэфектолаг, не лагапед, не настаўнік і гэтак далей.

Ёсць людзі, у якіх адукацыя псіхолага – дадатковая. Няхай чалавек адвучыўся два гады – у такіх выпадках я кажу, што дапаўняць адукацыю абавязкова трэба рознымі курсамі павышэння кваліфікацыі. Бо, напрыклад, у ЗША, псіхолаг вучыцца 12 гадоў, і толькі пасля гэтага мае права практыкаваць.

– Ці лічыцца Маскоўскі гештальт-інстытут?

Калі гэта дадатковая да базавай адукацыя – то чаму б і не. 

[Працягваючы пытанне дыплома]. З пункту гледжання закона, дыплом аб дзяржаўнай адукацыі дае чалавеку юрыдычнае права займацца пэўным відам дзейнасці. З пункту гледжання прафесійнай карысці дыплом дае базавыя веды – важную тэарэтычную аснову працы.

Падыход псіхолага_іні і супервізія

І яшчэ: псіхолаг, на мой погляд, не толькі павінен заўсёды вучыцца, але і мець асабістую тэрапію, каб не вешаць свае праблемы на кліентаў. Таксама ён павінен мець супервізара.

[Цяпер актуальная] крызісная псіхалагічная дапамога для выпадкаў, звязаных з высокім узроўнем гвалту, суіцыдамі, смерцю блізкіх – гэтыя выпадкі досыць складаныя.

У нас шмат псіхолагаў, але сярод іх недастаткова падрыхтаваных спецыялістаў для працы з траўмай, тых, хто знаёмы з яе фізіялогіяй і псіхалогіяй. А яшчэ менш спецыялістаў, якія працуюць з падлеткавай і дзіцячай траўмай, тут усё сумна. Я спадзяюся, нашы беларускія псіхолагі атрымаюць штуршок давучвацца за мяжой.

Спытаць, ці ёсць досвед працы з траўмай

– Ці абавязкова хадзіць да псіхолага_іні па рэкамендацыі?

Пажадана. І больш за тое, я хачу сказаць, што, напрыклад, у ЗША вельмі вялікую ролю грае зваротная сувязь кліентаў, іх водгукі. Да таго ж ніхто не адмяняў сарафаннае радыё – гэта крытэр, які паказвае эфектыўнасць працы спецыяліста.

Яшчэ цалкам нармальна спытаць:

  • ці атрымлівае псіхолаг асабістую тэрапію і з якой перыядычнасцю;
  • пацікавіцца дыпломам і CV, якія дадатковыя курсы прайшоў;
  • ці ёсць досвед працы з траўмай, і калі так, то з якой.

Мне не хацелася б быць залішне занудай, але гэтыя пытанні нармальныя і задаць іх можна. Бо мы хочам дэмакратычную дзяржаву, а ў такіх дзяржавах псіхолагі зазвычай з’яўляюцца ўдзельнікамі прафесійных супольнасцяў, праз якія і атрымліваюць права на прыватную практыку.

У нас сітуацыя іншая, і мы цяпер не можам увайсці ў еўрапейскую супольнасць, таму што не дацягваем да іх крытэрыяў адукацыі. З гэтым складана, але давайце ж з чагосьці пачынаць і сумленна пацвярджаць свой узровень прафесіяналізму.

“Адразу не” пры працы з псіхолагам_іняй

– Як зразумець, што нешта не так і час мяняць спецыяліста_ку?

Мяняць спецыяліста цалкам нармальна. Гэта як з лекарам. Бывае, чалавек ходзіць, плаціць – але прызначэнні доўгі час не дапамагаюць. Рацыянальна было б прынамсі атрымаць кансультацыю ў іншага спецыяліста, ці не так?

Калі псіхолаг адразу пачынае тэрапію, не ацэньваючы стан – гэта маркер, які павінен насцярожыць. Маецца на ўвазе дыягностыка на наяўнасць сімптомаў, якія патрабуюць медыкаментознай дапамогі або дадатковай кансультацыі ў сумежных спецыялістаў, напрыклад, лекараў. Бо цяжкія клінічныя станы наўрад ці можна [скарэктаваць] з дапамогай адной псіхатэрапіі. 

Другі маркер – калі чалавек ужо досыць доўга ходзіць да псіхолага, скажам, паўгады, але яго стан ніяк не паляпшаецца. Альбо калі ў чалавека ёсць адчуванне, што яны, скажам, месяц ці два ходзяць нібы па колу. Гаворка пра пастаяннае паўтарэнне аднаго і таго ж без эфекту і паляпшэння самаадчування.

– Ці хочаце вы нешта да гэтага дадаць?

Так, я хацела б падкрэсліць, што ў розных краінах па-рознаму называюць людзей, якія прайшлі праз катастрофы. Дзесьці яны – пацярпелыя, а дзесьці – людзі, якія пераадолелі. Я веру, што людзі ў нашай беларускай грамадзянскай супольнасці будуць тымі, хто пераадолеў, а не пацярпеў. Я таксама веру, што мы вернемся ў Беларусь і прынясем туды не свае траўмы і неўрозы, а свае поспех і сілу, якія здабудзем тут.

Ад чаго дапамагаюць антыдэпрэсанты і каму трэба іх піць?

Як пазбегнуць дэпрэсіі і падтрымаць сябе без таблетак?

Ганна Валынец