Чэк-ліст для прэзентацыі арганізацыі на фэстах
Тутака, Гучна фэст, Варушняк, Летуцень, RADA Market — гэта кароткі спіс івэнтаў, дзе сёлета сацыяльныя арганізацыі і ініцыятывы могуць паказаць сябе. Фестываль — гэта ўнікальная магчымасць пабачыць сваю аўдыторыю ўжывую, знайсці валанцёраў_ак, а калі пашанцуе, то і назбіраць данатаў.
Сабралі рэкамендацыі, якія дапамогуць НДА падрыхтацца да прэзентацыі на фестывалях.
Чалавечы рэсурс
Самы каштоўны фактар. Забраніруйце для каманды дату фэста загадзя. Трох і болей чалавек дастаткова для атрымання асалоды ад удзелу ў івэнце. Заплануйце графік дзяжурства на прэзентацыйнай кропцы, вылучыце час для абеду, кава-брэйку, запасіцеся вадой.
Інтэрактыўнасць
Падрыхтуйце некалькі відаў актыўнасцяў: простыя і нескладаныя. Чым прасцей дзеянне, тым хутчэй яно прыцягне ўвагу чалавека. І ў вас з’явіцца магчымасць распавесці пра сваю ініцыятыву. Калі ваш госць не належыць да аўдыторыі, з якой вы працуеце, тады трэба мець план для павярхоўнага знаёмства.
Пастаўце сабе задачу
на фестываль і падрыхтуйце актыўнасць, якая будзе спрыяць яе дасягненню. Цалкам рэалістычныя задачы — новыя падпішчыкі_цы, збор данатаў, рэклама адукацыйнай праграмы.
Тэхнічная частка
Даведайцеся ў арганізатараў загадзя пра шум, памер прасторы, наяўнасць электрычнасці, бэйджаў. Веданне рамачных умоваў дапаможа пазбегнуць памылак і дрэнных успамінаў.
Інклюзія
Адаптуйце сваю кропку для розных груп: людзей з інваліднасцю, слабым слыхам і без слыху, з ментальнымі асаблівасцямі, невідушчымі i са слабым зрокам, супольнасцю ЛГБТК+. Наведвальнікі_цы будуць уражаныя вашым інклюзіўным мысленнем. Важна, каб у інфармацыйных матэрыялах адсутнічала мова варожасці, і ужывалася гендарна-чуллівая мова.
СММ падчас фестывалю
Вы павялічыце эфект ад удзелу, калі будзеце трансляваць актыўнасць у сацсетках. Стварыце кантэнт-план перад, падчас і абавязкова пасля фестывалю. Заплануйце пасты, сторыс на знаёмствы з новымі падпішчыкамі_цамі пасля івэнта.
Крэатыў
Крыжаванкі, паяданне таматаў, стварэнне вершаў. Класічныя сталы і крэслы хай застануцца дадаткам, а не асноўным фокусам.
Экалагічнасць
Папяровыя буклеты, паветраныя балёнікі, аднаразовыя кубкі саступаюць месца кюар-кодам і прадметам шматразовага карыстання.
Легальнасць
Азнаёмцеся з дзеючым заканадаўствам адносна збору данатаў ці продажу мерча на пляцоўцы, дзе будзе фестываль. Прынамсі, вы пазбегнеце непрыемных размоваў з кантралючымі органамі, калі будзеце рабіць усе легальна.
Рэсурсы
Прэзентацыю падчас фэсту можна зрабіць за нуль, а можна і за шмат грошай. Для таго, каб не марнаваць усе чалавечыя ці іншыя рэсурсы, закладайце прэзентацыю на фестывалях у дзейнасць і праекты арганізацыі.
Сябры і сяброўкі! RADA Market адбудзецца 1 чэрвеня ў Познані! А Вільня чакае Market у жніўні! Хутка будзе больш падрабязнасцей і інфармацыі!