Моладзь пад рэпрэсіямі. Люты

Моладзь пад рэпрэсіямі. Люты

Вытрымка з дайджэсту “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай за люты. Вы можаце дасылаць інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў і беларусак, у бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі.


У ліцэі БДУ адбываюцца прафілактычныя гутаркі з супрацоўнікамі_цамі, якія, паводле атрыманай адміністрацыяй ліцэя інфармацыі, маглі знаходзіцца на адным са жнівеньскіх маршаў 2020 г. Акрамя таго, як паведамляюць канфідэнцыйныя крыніцы выдання “Наша Ніва”, абітурыентаў_ак ліцэя плануецца юрыдычна абавязаць паступаць у БДУ пасля заканчэння ліцэя, г.зн. зрабіць паступленне ў ліцэй БДУ “мэтавым”.


У Гомелі АМАП з ужываннем сілы затрымаў 21-гадовага студэнта-першакурсніка Аляксея Малахоўскага. У праўладным Тэлеграм-канале сілавікі апублікавалі відэа з юнаком, у якім яго вінавацяць у “рэабілітацыі ідэй фашысцкай Германіі, распальванні расавай, нацыянальнай і сацыяльнай варожасці”, за што на яго заведзена крымінальная справа па адпаведных артыкулах Крымінальнага кодэкса (арт. 130, 130-130.1).

Работнік адной са школ Рэчыцы быў затрыманы пасля таго, як выказаў падтрымку ўкраінцам у вайне з Расіяй у размове з правакатарам Юрыем Камарам у чат-рулетцы. Праўладны тэлеграм-канал, звязаны з ГУБАЗіК, апублікаваў відэа з затрыманым, у якім яго называюць “нацыстам”.


Міністэрства адукацыі зацвердзіла форму характарыстыкі для выпускнікоў_ніц школ і каледжаў. У дакуменце павінны быць адлюстраваны асабістыя і маральныя якасці навучэнца_кі, якія, паводле зацверджанай формы, заключаюцца ў тым ліку ў “стаўленні да дзяржаўных і грамадскіх устаноў”. Як раней паведамляў міністр адукацыі Андрэй Іванец, характарыстыка будзе ўлічвацца пры паступленні ў ВНУ.


Крыніца: дайджэст “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай