Музыкі пратэсту

Музыкі пратэсту

За час пратэстаў на вуліцы моладзь выказвала розную салідарнасць, у тым ліку ў культурніцкай сферы. Цягам двух гадоў у краіне нарадзілася пратэснае мастацтва: падзеі пераасэнсоўваліся ў вершах, фільмах і выявах. Асабліва сімвалічным выказваннем пратэсту стала і музыка: яна адлюстроўвала настрой, падтрымлівала пратэстоўцаў і дарыла надзею.

Але за гэта маладыя музыкі, якія актыўна падтрымлівалі пратэст і стваралі тэматычныя песні, пераследуюцца дзяржавай.

Надзея Калач

33-гадовая Надзея Калач — вакалістка рок-фолк гурта IRDORATH, які грае народную і сярэднявечную музыку ў аўтарскай афарбоўцы. Для гэтага маладзёны выкарыстоўваюць народныя інструменты: напрыклад, ліру і дуды.

Гурт актыўна падтрымліваў пратэстоўцаў. Напрыклад, менавіта яны ўдзельнічалі ў мірных Маршах у Мінску: ішлі ў натоўпе і задавалі тэмп сходу, граючы на народных музычных інструментах. Праз гэта яны сталі сімвалам шматтысячных Маршаў, але дзяржава палічыла, што такім чынам маладзёны “перакрывалі рух” у горадзе. Усіх удзельнікаў і ўдзельніц гурта затрымалі і асудзілі да калоніі. Надзею і ейнага мужа Уладзіміра — да двух гадоў калоніі кожнага. Цяпер жанчына адбывае пакаранне.

Вядома, што пры затрыманні людзі ў вайсковай форме стралялі ва ўдзельнікаў і ўдзельніц гурта і іх сяброў і сябровак, што было неправамерным прымяненнем сілы з боку прадстаўнікоў дзяржавы: ніхто не супраціўляўся, больш за тое — не прадстаўляў небяспекі.

Уладзімір Каракін

33-гадовы Уладзімір Каракін і яго брат Дзмітрый — удзельнікі гурта Litesound, які прадстаўляў Беларусь на Еўрабачанні ў 2012 годзе. Яны не запісвалі вядомых хітоў пратэсту, аднак не хавалі сваёй пазіцыі і разам з бацькамі былі затрыманыя за ўдзел у адным з Маршаў. Яны запісалі песню на словы Якуба Коласа “Беларускаму люду”, якую прысвяцілі беларускім палітвязням. Таксама праз падтрымку пратэстаў канцэрты братоў у Беларусі забаранілі. У адказ на гэта яны запісалі беларускамоўную версію сваёй песні “Мы героі”, з якой прадстаўлялі Беларусь на Еўрабачанні.

“Гэтым летам, калі не засталося абыякавых да таго, што адбываецца навокал, песня “Мы героі” прысвячаецца людзям, якія не здаюцца”, — адзначылі браты.

Разгляд справы сям’і Каракіных адбыўся 10 сакавіка 2023 г. у судзе Савецкага раёна Мінска. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, братоў Каракіных асудзілі да 2 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ (“хатняй хіміі”).

Яўген Бурло

31-гадовы Яўген Бурло — бубнач вядомага гурта з Рагачова TOR BAND, раней ён працаваў таксама гукарэжысёрам у рагачоўскім Доме культуры.

TOR BAND выпусціў дастаткова шмат песняў, якія беларусы і беларускі ўключалі на пратэстах і спявалі ў тыя часы: “Жыве”, “Уходи”, “Мы — не народец”. Некаторыя хіты набіралі мільён праглядаў на розных сервісах. За гэта музыканты гурта ўжо ў 2022 годзе былі затрыманыя спачатку паводле адміністрацыйнай, а потым — і паводле крымінальнай справы.

Упершыню ў гісторыі пераследу беларускай дзяржавай музычны гурт быў аб’яўлены “экстрэмісцкім фармаваннем”: фактычна пад забаронай апынуліся ўся іх інфармацыйная прадукцыя, песні, сацсеткі і нават лагатып. Атрымліваецца, што цяпер у Беларусі можна асудзіць мінімум да “сутак”, нават калі ты проста слухаеш песню гэтага гурта: то бок, кожны і кожная пазбаўлены права прытрымлівацца пэўных поглядаў, а таксама спажываць і размяшчаць тую інфармацыю, якая ім адпавядае. Гэта з’яўляецца парушэннем нацыянальных і міжнародных нормаў, згодна з якімі кожнаму і кожнай гарантуецца свабода меркавання.

Што не так?

Першасна заўважнае парушэнне права музыкаў удзельнічаць у мірных сходах (артыкул 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкул 35 Канстытуцыі Беларусі): усе яны фармальна былі затрыманыя менавіта за ўдзел у поствыбарчых пратэстах. Таксама відавочнае парушэнне правы на свабоду меркавання (артыкул 19 МПГПП, артыкул 33 Канстытуцыі): менавіта з дапамогай музыкі маладзёны выказвалі свае погляды і дзяліліся бачаннем сітуацыі з людзьмі.

Таксама культурныя дзеячы і дзяячкі абароненыя шэрагам культурніцкіх правоў, якія зафіксаваныя ў Міжнародным пакце аб сацыяльных, эканамічных і культурных правах: напрыклад, там гаворыцца пра права кожнага чалавека на самавызначэнне (артыкул першы) і ўдзел у культурніцкім жыцці (артыкул 15).

Менш відавочным з’яўляецца тут забарона на прафесію: фактычна дзяржава забараніла музыкам рэалізоўваць сябе тымі шляхамі, якія кожны і кожная з іх бачаць для сябе найбольш прымальнымі. Права на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы таксама зафіксаванае ў артыкуле сёмым ужо ўзгаданага Пакта.

Творчасць музыкаў пратэсту таксама абараняецца Канвенцыяй ЮНЕСКА аб ахове і падтрымцы разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення.

Акрамя таго, пераследуючы музыкаў, дзяржава парушыла сваю ж Канстытуцыю, дзе сказана, што Беларусь мусіць спрыяць духоўнаму і інтэлектаульнаму развіццю моладзі (артыкул 33).

Відавочна, што кіданне музыкантаў за краты — яшчэ адзін метад помсты дзяржавы за ўдзел моладзі ў палітычным жыцці краіны. Але музыкі працягваюць фіксаваць і пераасэнсоўваць падзеі, нават знаходзячыся за кратамі. І магчыма, пасля зняволення яны таксама напішуць новыя песні, якія, як музыцы і належыць, дапамогуць загаіць усе раны.


О, спорт, ты — яшчэ адзін метад ціску

Make peace not war? Як дзяржава пераследуе моладзь за тое, што яна супраць вайны