Што такое адвакатыўныя кампаніі і якімі яны бываюць

Што такое адвакатыўныя кампаніі і якімі яны бываюць

Для вырашэння грамадскіх пытанняў разавых акцый і зваротаў звычайна недастаткова — неабходна праводзіць сістэмную і рэгулярную працу. Для гэтага актывісты і актывісткі запускаюць адвакатыўныя кампаніі працягласцю ад некалькіх тыдняў да дзесяцігоддзяў. У межах такіх кампаній прыцягваецца ўвага да праблемы і адбываюцца змены ў грамадстве.

Што такое адвакатыўныя кампаніі і на каго яны скіраваныя

Адвакатыўная кампанія — гэта сукупнасць дзеянняў з мэтай дамагчыся сістэмных зменаў у пытанні, важным для грамадства, праз уплыў на асобаў, якія прымаюць рашэнні.

Зарганізаваць кампанію можа як адзін чалавек, так і група людзей або ініцыятыва. Як раіць policy-сакратар РАДА Зміцер Герыловіч, каб кампанія набрала вагу ў грамадстве, неабходна прыцягваць зацікаўленых у вырашэнні пытання людзей і медыйныя сродкі для асвятлетня праблемы.

Звычайна адвакатыўныя кампаніі скіраваныя на людзей, якія прымаюць рашэнні — гэта могуць быць не толькі прадстаўнікі дзяржаўных органаў або канкрэтныя чыноўнікі і палітыкі, але і бізнэс і міжнародныя арганізацыі. Зміцер Герыловіч прыводзіць прыклад: цяпер у актывістаў і актывістак няма дзейсных спосабаў уплыву на беларускія ўлады за выключэннем медыякампаній для павышэння інтарэсу да праблемы.

“У такіх выпадках мэтай кампаніі абіраюцца тыя міжнародныя інстытуцыі, якія ўскосна могуць уплываць на Беларусь”, — удакладняе Зміцер.

Адвакатыўныя кампаніі скіраваныя на сістэмныя змены. У адрозненні ад дабрачыннасці і валанцёрства, якія маюць больш канкрэтныю мэту, напрыклад, у выглядзе збору сродкаў на прытулак або стэрылізацыю бяздомных жывёлаў у нейкім выбраным раёне. У такім выпадку адвакатыўная кампанія будзе накіраваная на змяненні закону аб ахове жывёл, выдзяленні сродкаў на інфраструктуру для жывёл. Калі праводзіць параўнанне з медыцынай, атрымаецца, што адвакатыўныя кампаніі лечаць хваробу, а валанцёрства і дабрачыннасць — сімптомы.

Пра што могуць быць адвакатыўныя кампаніі і колькі яны могуць цягнуцца

Спектр тэм адвакатыўных кампаній вельмі шырокі: ад глабальных пытанняў кшталту будаўніцтва АЭС — да лакальных кампаній узроўню пабудовы дзіцячай пляцоўкі ў двары ці велапаркоўкі ля крамы.

Таксама адвакатыўныя кампаніі могуць быць і “негатыўнымі”, то бок выступаць супраць ужо прынятага рашэння — напрыклад, будаўніцтва жыллёвага комплекса ў заказніку або прыняцця дыскрымінацыйнага закона.

Кожная кампанія мае права на існаванне, але ёсць галоўны крытэр — вы не маеце асабістай выгады ад вынікаў кампаніі. Напрыклад, чалавек дамагаецца з’яўлення ў парку інфраструктуры для продажу напояў, але адначасова гэты ж чалавек з’яўляецца прадпрымальнікам і такім чынам стварае месца для свайго бізнэсу.

Адвакатыўныя кампаніі могуць доўжыцца 2-3 тыдні ў выпадку лакальных пытанняў, але і дзесяцігоддзямі — так, напрыклад, адбываецца з кампаніяй па скасаванні смяротнага пакарання.

“Для тых, хто хоча займацца адвакатыўнымі кампаніямі, гэта вельмі істотны момант, бо не ўсе людзі гатовыя да такіх працяглых адрэзкаў часу. Трэба шмат працаваць і даволі доўга чакаць, каб нешта зрушылася з месца ў станоўчы бок. Але так адбываецца з глабальнымі пытаннямі. Лакальныя праблемы вырашаюцца, вядома, за больш кароткі тэрмін”, — кажа Зміцер Герыловіч.

Кампаненты адвакатыўнай кампаніі

Інфармацыйны

Пытанне, якое актывісты і актывісткі спрабуюць вырашыць праз кампанію, можа быць комплексным, складаным і/або малавядомым. У такім выпадку варта весці падрыхтоўчую працу, праінфармаваць людзей, інстытуты ўлады, чыноўнікаў і чыноўніц, экспертаў і экспертак. Гэты кампанент зручна рэалізоўваць праз медыякампанію ў СМІ і сацыяльных сетках, праз стварэнне падкастаў, блогаў, рассылак.

Дзеянні

Гэта канкрэтныя дзеянні па прыцягненні ўвагі да пытання: вулічныя акцыі, пікеты, мітынгі, шэсці, відэазвароты. У такой справе добра спрацоўвае творчы падыход. Асабліва гэта тычыцца выпадкаў, калі трэба прыцягнуць увагу вялікіх інстытуцыяў, якія штодзень працуюць з дзясяткамі, а то і сотнямі зваротаў.

Збор подпісаў

Адным з важных крокаў адвакатыўнай кампаніі, калі яна накіраваная на дзяржаўныя органы, можа быць збор подпісаў і падача калектыўнага звароту або петыцыі. Усё часцей можна сустрэць петыцыі, якія ствараюцца менавіта з мэтай прыцягнення ўвагі — у тым ліку міжнароднай аудыторыі. Да прыкладу, петыцыя праваабарончаца цэнтра “Вясна” аб вызваленні сваіх затрыманых супрацоўнікаў і супрацоўніц.

Перамовы

Для прамых перамоваў з людзьмі, якія непасрэдна прымаюць рашэнні, звычайна ствараюць працоўную групу, куды ўваходзяць прадстаўнікі і прадстаўніцы грамадскасці і эксперты і эксперткі, чыя экспетыза мае вагу ў паднятым пытанні. У выпадку патрэбы акрамя дзяржорганаў такая група можа камунікаваць і з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі бізнэсу. Перамовы могуць адбывацца публічна і непублічна. За звычай, яны непублічныя, і часта гэта падобна на лабіраванне. Аднак калі пра прагрэс па перамовах кажуць адкрыта, то яны робяцца публічнымі.

Міжнародная адвакацыя

Калі дзяржава з’яўляецца чальцом нейкай міжнароднай арганізацыі і такім чынам бярэ на сябе абавязкі, то такія міжнародныя органы могуць стаць часткай адвакатыўнай кампаніі. Актывісты і актывісткі могуць дасылаць звароты і/або прыцягваць увагу арганізацый у сацыяльных сетках і такім чынам уплываць на людзей, якія прымаюць рашэнні. Калі гутарка ідзе пра праблемы кшталту парушэння правоў чалавека, актывісты і актывісткі могуць рыхтаваць для міжнародных арганізацый дакументы з маніторынгам сітуацыі або кейсаў парушэнняў.

Кожны з гэтых кампанентаў самастойна можа быць адвакатыўнай практыкай, але звычайна яны ідуць разам. Прыклад: калі існуе вострая патрэба ў будаўніцтве паліклінікі ў нейкім раёне, то можа быць дастатковым проста правесці перамовы. Калі ўлады адкажуць, што ў бюджэце няма грошай, тады ўжо варта задзейнічаць і іншыя кампаненты — інфармацыйны, дзеянні, збор подпісаў, —  каб прыцягнуць больш увагі да праблемы.

Гэта можа быць як пікет або збор подпісаў, так і творчая акцыя з перфомансам перад будынкам гарадскіх уладаў. Гэта неабходная для таго, каб людзі ў навінах убачылі не проста чарговы пікет, а нешта незвычайнае, што выбіваецца на агульным фоне.

Дэтальна пра адвакатаванне ў Беларусі і вопыце арганізацый ў гэтай галіне можна пачытаць у дакладзе 2016 году ад Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі.

Прыклады адвакатыўных кампаній

«Маршыруй, дзетка!»

Ініцыятыўная група паставіла сабе за мэту “распрацоўку і прыняцце комплекснага закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту ў Беларусі”. Актывісткі запусцілі кампанію  ўвосень 2018 году і выкарысталі розныя формы актыўнасці: допісы ў сацыяльных сетках з інфармацыяй пра праблемы хатняга гвалту, відэазвароты ад мужчын, флэшмоб “Сидела за свабоду”, публічная анлайн-прэзентацыя ідэй па паляпшэнні ініцыятывы, збор подпісаў пад калектыўнай петыцыяй па прыняцці закону аб хатнім гвалце.

Таксама актывісткі ладзілі флэшмобы. Увосень 2019 году яны расставілі на плошчы Якуба Коласа ў Мінску 36 пар жаночага і дзіцячага абутку, якія сімвалізавалі ахвяраў сямейнага гвалту, і прымацавалі да іх цэтлікі з сапраўднымі гісторыямі гібелі жанчын і дзяўчат ад рук хатняга агрэсара. Іншы флэшмоб актывісткі зладзілі ў лютым 2020 году, калі ў ГЦ “Сталіца” яны зарганізавалі “танцавальны пратэст супраць гвалту над жанчынамі”.

Фото: “Радыё Свабода”

Барацьба з дыскрымінацыяй беларускай моладзі ў Еўропе

Кампанія ад РАДА накіраваная на барацьбу з дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце, якую адчулі на сабе маладыя беларусы і беларускі ў Еўропе пасля пачатку вайны ва Украіне. Паводле словаў Зміцера Герыловіча, РАДА падрыхтавала рэзалюцыю ў межах Еўрапейскага моладзевага форума — парасонавай структуры, якая аб’ядноўвае моладзевыя арганізацыі з усёй Еўропы. Яе дакументы важныя для еўрапейскіх структураў, а дзякуючы партнёрству з іншымі моладзевымі арганізацыямі, ёсць магчымасць звярнуцца да нацыянальных урадаў розных краін.

Акрамя таго, РАДА збірае выпадкі дыскрымінацыі, сістэматызуе іх і дасылае ў міжнародныя інстанцыі, нацыянальныя ўрады, а таксама сваім партнёрам у іншых краінах, з якімі РАДА абмяркоўвае новыя спосабы рашэння агульных праблемаў.

Паводле словаў Зміцера, ў некаторых краінах палітыкі аператыўна выступілі супраць дыскрымінацыі беларусаў і беларусак, але ёсць і адваротны прыклад Чэхіі, якая абмяжоўвае выдачу візаў і магчымасці вучыцца ва ўніверсітэтах краіны.

Тэкст: Глеб Ляпейка