Ха-ха, я тут жыву. Аналіз становішча беларускай моладзі 2019-2022

Ха-ха, я тут жыву. Аналіз становішча беларускай моладзі 2019-2022

Беларускае грамадства перажывае складаны перыяд. Пачынаючы з пандэміі COVID-19 Беларусь увайшла ў паласу сацыяльна-палітычнага крызісу, які прыносіць ўсё новыя і новыя ўзрушэнні, але далёкі ад развязання. 

Моладзь – адна з дынамічных і ў той жа час уразлівых сацыяльных груп – па-свойму рэагуе на гэтыя крызісы. Сёння мы маем ўсё менш і менш сродкаў для адэкватнай ацэнкі гэтых рэакцый і змен, праблем і запытаў розных сацыяльных груп у Беларусі. Статыстычныя дадзеныя робяцца закрытымі, сацыялагічныя апытанні забароненыя, разгортванне рэпрэсіўных практык у краіне прывяло да рэзкага скарачэння сферы публічнасці. 

У гэтым тэксце мы раскажам пра вынікі даследавання, якое мы правялі даступнымі на сёння метадамі. Асноўнай мэтай нашага даследавання было выявіць інтарэсы, праблемы і магчымасці моладзі ў Беларусі. Пры гэтым нас цікавіла моладзь як сацыяльная група ў цэлым і асабліва – маладыя людзі, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай і грамадска-палітычнай дзейнасці. 


Метад збору дадзеных

Даследаванне праводзілася метадам анлайнавага апытання ў фармаце pop-up, паказанага выбраным у выпадковым парадку карыстальнікам_цам пэўных вэб-сайтаў.

Структура выбаркі скарэктаваная шляхам аналітычнага ўзважвання дадзеных па поле, узросце і рэгіёне. Пад выбаркай разумеецца фактычная колькасць рэспандэнтаў_ак, якія адказалі на пытанні анкеты.

Мэтавая група (генеральная сукупнасць):

Iнтэрнэт-карыстальнікі_цы Беларусі ва ўзросце ад 14 да 31 года.

Этапы даследавання:

  • Першы этап: Лістапад 2019 года – сакавік 2020 года. Аб’ём выбаркі – 1073 рэспандэнты_кі.
  • Другі этап: Люты 2022 года. Аб’ём выбаркі – 519 рэспандэнтаў_ак.

Структура выбаркі аналітычна ўзважаная па крытэрах полу, узросту і рэгіёну пражывання, па гэтых параметрах яна блізкая да структуры генеральнай сукупнасці, дадзеныя розных этапаў параўнальныя паміж сабой.


Інтарэсы і сферы актыўнасці

У 2022 годзе ў параўнанні з 2020-м болей актыўнасці назіралася перадусім у адукацыі, спорце (што можа звязвацца з большай доляй навучэнцаў_ак у выбарцы), а таксама ў дамашняй сферы (сям’я, дзеці, дом).

Зазначым, што паказчыкі актыўнасці, звязаныя з грамадскай дзейнасцю, палітыкай, навукай, бізнесам, культурным жыццём, практычна не змяніліся або засталіся на тым самым узроўні. Значна (больш як удвая) знізілася актыўнасць у сферы падарожжаў, што тлумачыцца пандэміяй COVID-19 і складанасцямі з перамяшчэннем, якія назіраліся ў гэты перыяд.

Калі казаць пра змены, якія адбыліся з 2020-га па 2022 год, то трэба заўважыць, што значны рост цікавасці назіраецца толькі да спорту і ў меншай ступені – да сферы навукі і тэхнікі. Пры гэтым дастаткова значна падае цікавасць да такіх сфер, як культурніцкае жыццё, ахова здароўя, палітыка (у 2 разы), грамадская дзейнасць (больш як у 2 разы).


Арганізацыі грамадзянскай супольнасці (АГС) і дзяржава як правайдары сацыяльных паслуг для моладзі

Узровень ведання пра арганізацыі грамадзянскай супольнасці, калі меркаваць па дадзеных апытання, не толькі не вырас за гэтыя два гады, але, наадварот, зменшыўся. Стабільным застаўся ўзровень НЯведання, што такое арганізацыі грамадзянскай супольнасці, а вось доля тых, хто ўпэўнены, што ведае, што гэта такое, скарацілася больш як удвая.

Адзначым, што ў 2022 годзе задавалася адкрытае пытанне, у якім рэспандэнтаў_ак прасілі назваць дзве-тры АГС, што першымі прыйдуць на думку. Траціна рэспандэнтаў_ак не здолела нічога адказаць на гэтае пытанне; найбольш распаўсюджанымі адказамі сталі «прафсаюзы» (10,6%), БРСМ (8,7%), «спартовыя арганізацыі» (6,9%), «царква, рэлігійныя арганізацыі» (3,3%). З «уласных імёнаў» таксама даволі часта называлі «Чырвоны Крыж» (2,3%), згадкі назваў іншых арганізацый насілі адзінкавы характар. Акрамя таго, у якасці арганізацый грамадзянскай супольнасці называліся СМІ, палітычныя партыі, сям’я, ВНУ, тэатры і да таго падобнае (зборнымі катэгорыямі).

Спроба ацаніць веданне і ўдзел у моладзевых грамадскіх арганізацыях паказвае, што калі ўзровень пазнавання арганізацый у прапанаваным спісе хоць і з цяжкасцю, але перавышае мяжу статыстычнай хібнасці, то ўзровень удзелу ў іх амаль нулявы. Дынаміка па гэтых паказчыках з 2020 года адмоўная, хоць падзенне вядомасці і не вельмі значнае, затое практычна па ўсіх пазіцыях. 65% у 2022 годзе (у 2020-м – 57%) не змаглі «пазнаць» ніводнай арганізацыі з пералічаных.

Вопыт выкарыстання ў мінулым розных магчымасцяў, якія даюць АГС, рэспандэнты_кі маюць невялікі, найбольш частыя адказы ў 2022 годзе – гэта кансультацыі (12%) і абмен досведам (11%), каля дзвюх трацін рэспандэнтаў_ак не могуць нічога адказаць на гэтае пытанне. Хутчэй за ўсё, гэта азначае, што такога вопыту ў іх няма.

Патэнцыйная цікавасць да магчымасцяў, якія могуць даць АГС, нашмат вышэйшая, хаця і тут кожны_ая чацвёрты_ая з апытаных не можа сабе ўявіць магчымыя перспектывы.

Найбольш патэнцыйна запатрабаваныя магчымасці – гэта абмен досведам (34%), самарэалізацыя (30%) і стажыроўкі (27%) (адзначым, што ўзровень іх запатрабаванасці некалькі вырас у параўнанні з 2020 годам), далей ідуць новыя кантакты і адукацыйныя праграмы (па 18%, у 2020 годзе было 23%). Найменш запатрабаванымі з’яўляюцца праграмы рэсурсовай падтрымкі (цалкам магчыма таму, што рэспандэнты_кі проста не разумеюць, пра што ідзе гаворка).

Чаканні дапамогі ад дзяржаўных арганізацый і інстытутаў амаль такія ж нізкія, як і ацэнка ўзроўню рэальнай дапамогі. Больш як дзве траціны апытаных у 2022 годзе (як і ў 2020-м) альбо наўпрост кажуць, што ніхто ім не дапамагае, альбо не могуць даць канкрэтнага адказу на гэтае пытанне (што па сутнасці тое ж самае). Больш за палову маюць цяжкасці з адказам на пытанне, якія дзяржаўныя інстытуцыі павінны дапамагаць моладзі і ім асабіста, альбо лічаць, што ніякія не павінны. Найбольш высокія чаканні (на ўзроўні 4–7%) звязаныя з адукацыйнымі ці студэнцкімі арганізацыямі альбо вышэйшымі ўзроўнямі ўлады (прэзідэнт, урад, дзяржава ў цэлым). Узровень рэальнай дапамогі і чаканняў ад прафсаюзаў, сацыяльных службаў, цэнтраў занятасці знаходзіцца на мяжы статыстычнай хібнасці.


Умовы рэалізацыі патэнцыялу і ўдзел у прыняцці рашэнняў

На пытанне «Чаго Вам не стае для ўдзелу ў грамадскім жыцці?» самым папулярным застаецца адказ: «Часу», так палічылі 44% апытаных у 2020 годзе і 48% у 2022-м. Вырасла значнасць эканамічных праблем як перашкоды для залучэння ў грамадскае жыццё (з 21% да 28%), фактар няведання, наадварот, стаў крыху менш значным. 12–13% апытаных самакрытычна адзначаюць, што іх удзелу ў грамадскім жыцці перашкаджаюць уласная інертнасць і інфантыльнасць.

Больш за чвэрць апытаных не ведаюць, якія спосабы ўдзелу моладзі ў вырашэнні грамадскіх праблем, узмацнення свайго голасу маглі б быць эфектыўнымі. Найбольш папулярным адказам застаецца «адукацыя», хаця яго распаўсюджанасць знізілася ў параўнанні з 2020 годам на 5%. Не вельмі моцна, але істотна для даследавання вырасла доля тых, хто лічыць блогерства і галасаванне на выбарах эфектыўным спосабам узмацнення свайго голасу, у 2022 годзе яны выйшлі на другое і трэцяе месца ў рэйтынгу эфектыўнасці. Медыя і бізнес набіраюць стабільна па 19–22%. Адзначым, што ў два разы (з 24% у 2020-м да 12% у 2022-м) знізілася папулярнасць нефармальнай адукацыі як спосабу ўдзелу ў вырашэнні праблем. Удзел у палітычных партыях і кансультацыйных радах, на думку моладзі, усё гэтак жа найменш эфектыўны. Гэтыя спосабы набіраюць 11–13%.

У галіне наяўнага досведу самым распаўсюджаным з’яўляецца, безумоўна, вопыт атрымання адукацыі і галасавання на выбарах. Доля моладзі, якая мае досвед сяброўства ў грамадскіх арганізацыях, у абмеркаванні і прыняцці рашэнняў, стварэння сваёй арганізацыі, удзелу ў грамадскіх радах або палітычных партыях, хоць і нязначна, але зніжаецца. У параўнанні з 2020 годам знізілася доля маладых людзей, якія маюць досвед нефармальнай адукацыі, а таксама паспыталі сябе ў бізнесе або журналістыцы.


Міграцыйныя ўстаноўкі моладзі на пачатак 2022 года

12,3% апытаных з’ехалі альбо ўсур’ёз плануюць з’ехаць з Беларусі ў найбліжэйшай будучыні, яшчэ 28,3% хацелі б гэта зрабіць, але не маюць такой магчымасці. Такім чынам, каля 40% беларускай моладзі з той ці іншай ступенню рашучасці і пэўнасці не хацелі б сёння заставацца ў Беларусі.

Міграцыйныя настроі практычна не звязаныя з полам, узростам, узроўнем адукацыі або родам заняткаў апытаных. Ва ўзроставай групе 20–24 гады крыху болей тых, хто хацеў бы з’ехаць, але не бачыць такой магчымасці; чым старэйшая ўзроставая група, тым болей у ёй тых, хто не плануе з’язджаць, – але ўсе гэтыя адрозненні невялікія і знаходзяцца ў межах статыстычнай хібнасці.

Сярод прычын, з-за якіх маладыя людзі пакідаюць або плануюць пакінуць краіну, самая распаўсюджаная – гэта магчымасці для добрага заробку, яе адзначаюць больш за палову тых, хто з’ехаў або напэўна плануе з’ехаць. Амаль палова з іх кажа, што не бачыць перспектыў для сябе ў Беларусі, 40,6% не адчуваюць сябе ў Беларусі ў бяспецы.


Ацэнка сітуацыі, праблемы і запыты моладзевых актывістаў_ак у Беларусі

У кастрычніку–лістападзе 2022 года мы правялі тры фокус-групавыя абмеркаванні (адно анлайн з прадстаўнікамі_цамі розных гарадоў і два афлайн, у Мінску і Брэсце) з актывістамі_камі, якія сёння ў той ці іншай меры працягваюць браць удзел у працы грамадскіх аб’яднанняў або ініцыятыў у Беларусі. Агульная колькасць удзельнікаў_ніц фокус-груп склала 14 чалавек ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, з іх трое мужчын і 11 жанчын, 5 удзельнікаў_ніц з Мінска, 9 з розных гарадоў Беларусі.

Падчас даследавання мы імкнуліся зразумець, у якой сітуацыі жывуць і дзейнічаюць сёння грамадскія актывісты_кі ў Беларусі, з якімі асноўнымі праблемамі яны сутыкаюцца, якія перспектывы развіцця сітуацыі яны бачаць, у якіх накірунках і формах лічаць магчымым дзейнічаць самі. Плануючы даследаванне, мы не выключалі, што рэспандэнты_кі могуць мець недавер і не захочуць раскрывацца перад незнаёмымі людзьмі, асабліва ў адчувальных пытаннях. Гэтыя асцярогі не апраўдаліся, узаемны давер усталёўваўся падчас абмеркаванняў даволі хутка. Аднак мы сутыкнуліся з іншай праблемай – значная частка часу, адведзенага на абмеркаванне, ішла на ўзаемную псіхатэрапію, прагаворванне траўмаў і трывог, адчуванняў і настрояў. Паколькі падобныя працэсы разгортваліся ва ўсіх трох групах, можна лічыць іх тыповымі і ўлічваць як адну з самастойных характарыстык сітуацыі.

З улікам характару абмеркаванняў, сітуацыі і колькасці удзельнікаў_ніц мы аформілі даследніцкую справаздачу як эсэ ад першай асобы, якое аб’яд- ноўвае меркаванні, ацэнкі і выказванні розных удзельнікаў_ніц фокус-груп.

Я і шмат якія мае сябры, блізкія, знаёмыя жывуць тут. Неяк так атрымалася, што для таго, каб жыць тут, цяпер патрэбныя асаблівыя прычыны. Ёсць якары, якія трымаюць людзей, такія нібы аб’ектыўныя: старыя бацькі, якіх нельга пакінуць, уласнасць, якую страшна страціць, незавершаная адукацыя і ўсё такое. Але ёсць і тыя, хто хацелі б з’ехаць, але не наважваюцца, баючыся, што не дадуць рады незнаёмым сітуацыям, не ведаюць моваў, не знойдуць працы…

Чытайце поўны тэкст у даследаванні па спасылцы ніжэй.


Агульныя высновы і рэкамендацыі

Пасля перыяду грамадска-палітычнай мабілізацыі ў 2020 годзе беларускае грамадства аказалася загнаным у вельмі жорсткія рамкі, напэўна, самыя жорсткія за постсавецкую гісторыю краіны. 2019–2020 гады сталі часам павышэння палітычнай актыўнасці і ў асяроддзі беларускай моладзі, аднак рэпрэсіі і агульнае пагаршэнне палітычных і прававых умоваў у 2020–2021 гадах значна аслабілі ўсе дасягненні гэтага перыяду.

Для беларускай моладзі ў цэлым застаюцца і паглыбляюцца ўсе тыя праблемы, якія існавалі і ў дакрызісны перыяд: атрыманне якаснай адукацыі, працаўладкаванне, павышэнне ўзроўню жыцця. Сталі больш значнымі праблемы, звязаныя са знешняй мабільнасцю, інфраструктурай баўлення вольнага часу, бяспекай жыцця ў краіне.

У цэлым, беларуская моладзь адаптуецца да сітуацыі, аднак трэба зазначыць даволі высокі ўзровень міграцыйных настрояў. Толькі траціна з апытаных у пачатку 2022 года (да пачатку гарачай фазы вайны ва Украіне) дакладна не мелі планаў ці жадання пакінуць краіну. Можна выказаць меркаванне, што пасля 24 лютага 2022 года доля тых, хто хацеў бы з’ехаць з Беларусі, вырасла. Зразумела, што жаданне з’ехаць з краіны далёка не заўсёды прыводзіць да рэальнай эміграцыі, аднак гэтыя паказчыкі выглядаюць даволі трывожна і як мінімум характарызуюць узровень псіхалагічнага дыскамфорту ў краіне.

Сёння палітыка беларускага рэжыму засяроджаная на знішчэнні любых формаў іншадумства і незалежнай актыўнасці людзей, у якой бы прадметнай сферы гэтая актыўнасць не адбывалася. Гэта з непазбежнасцю адбіваецца на беларускай моладзі, яе ўцягнутасці і цікавасці да палітычнай і грамадскай дзейнасці.

Моладзевыя грамадскія арганізацыі, якія і раней не былі так ужо добра вядомыя ў шырокіх колах беларускай моладзі, на фоне масавай ліквідацыі АГС, ад’езду значнай часткі актывістаў_ак, рэпрэсій супраць тых, хто застаўся, страцілі значную частку тых магчымасцяў, якія мелі раней.

Дадзеныя апытання паказваюць, што ў параўнанні з 2020 годам інтарэс да палітычнай і грамадскай дзейнасці, і так не надта высокі, у моладзевым асяроддзі знізіўся болей чым у два разы.

Праявіць ініцыятыву ўсё цяжэй не толькі ў палітычнай і грамадскай дзейнасці, але і ў бізнесе, прадпрымальніцтве, сферы самаадукацыі, культурнага развіцця, рэкрэацыі. Пры гэтым запыты на аднаўленне актыўнасці або развіццё ў розных сферах – ад бізнесу і нефармальнай адукацыі да ўдзелу ў прыняцці рашэнняў – растуць.

Наколькі рэалістычныя і наколькі дэкларатыўныя гэтыя жаданні, сказаць цяжка. Магчыма, гэта псіхалагічны эфект закрытасці і праблемнасці жыцця двух апошніх гадоў, калі спачатку з-за каранавіруса, а затым падчас разгортвання палітычнага крызісу закрываліся або знікалі разнастайныя магчымасці, жыццё рабілася ўсё меней і меней насычаным і інтэнсіўным. На гэтым фоне хочацца марыць пра вяртанне нармальнага жыцця, пра розныя магчымасці і да т.п.

Адмова ад публічнасці. Дастаткова складана, аднак у большасці выпадкаў неабходна перабудоўваць арганізацыю дзейнасці, практычна цалкам адмаўляючыся ад выкарыстання звыклых інструментаў як у працы з мэтавымі групамі, так і ў прэзентацыі і распаўсюджванні вынікаў (СМІ, сацыяльныя сеткі, любыя шырокія рассылкі і да т.п.). У арганізацыі дзейнасці, мерапрыемстваў, праграм даводзіцца выкарыстоўваць метады індывідуальнага адбору і снежнага камяка, у гэтай сітуацыі рэзка ўзрастае значэнне асабістых кантактаў і знаёмстваў, шырыня сацыяльных сувязяў. Адна з цяжкасцяў, якой арганізацыі і ініцыятывы не ў стане даць рады самі, – гэта тое, як пашырыць кола ўцягнутых або ўсталяваць сувязі паміж рознымі коламі. Тут патрэбная дапамога парасонавых структур, якія маглі б выконваць функцыю сувязі паміж рознымі асобнымі групамі або распаўсюджваць інфармацыю пры наяўнасці ўзаемнага даверу і належнай увагі да пытанняў бяспекі.

Ёсць і яшчэ адна праблема. З-за адмовы ад публічнасці цяжэй рабіць аналіз дзеянняў арганізацыі, не стала ацэнкі іх паспяховасці, а таксама абмеркавання і карэкціроўкі спосабаў і метадаў працы, фіксацыі вынікаў. Усе гэтыя функцыі раней выконваліся за кошт публічнай прэзентацыі дзейнасці і атрымання зваротнай сувязі як ад мэтавых груп, так і ад калег_жанак, партнёраў_ак. Неабходна шукаць фарматы, у якіх гэтыя функцыі змогуць выконвацца ў новых умовах. Гэта будзе спрыяць не толькі абмену досведам і павышэнню эфектыўнасці дзейнасці, але і падтрыманню пачуцця значнасці сваёй працы для беларускіх актывістаў_ак.

Стварэнне структур-дубляў. Для ініцыятыў і арганізацый, якія прэтэндуюць на ўстойлівасць, усе ключавыя пазіцыі павінны мець падваенне, каб захаваць функцыянальнасць, калі канкрэтныя людзі выпадуць з дзейнасці.

Гнуткасць и адаптыўнасць планавання дзейнасці. Нягледзячы на даволі абмежаваныя гарызонты планавання, характэрныя сёння для актывістаў_ак, якія працуюць у Беларусі, працэс адаптацыі да сітуацыі нявызначанасці прайшоў, і працоўныя планы і праекты могуць выбудоўвацца ў перспектыве ад месяца да года. Пры гэтым трэба быць гатовым (і псіхалагічна, і арганізацыйна), што планы могуць запатрабаваць перабудовы ў любы момант.

У падтрымцы дзейнасці беларускіх арганізацый і ініцыятыў неабходна арыентавацца на ўяўленні і ацэнкі людзей, якія жывуць і працуюць у краіне, і з улікам гэтага ставіць мэты і задачы, выбіраць фарматы. Пазітыўнай практыкай з’яўляецца абмеркаванне любых мерапрыемстваў і праграм, якія плануецца рэалізаваць у Беларусі, з людзьмі на месцах, якія могуць ацаніць іх патэнцыйную эфектыўнасць і бяспеку.

Спецыяльныя мерапрыемствы для беларускіх актывістаў_ак за межамі Беларусі.

Трэнінгі, адукацыйныя альбо арганізацыйныя сустрэчы, якія праводзяцца ў іншых краінах рэлакаванымі актывістамі_камі і АГС, запатрабаваныя. Аднак пры іх правядзенні трэба ўважліва ставіцца як мінімум да дзвюх асаблівасцяў:

  1. З пункту погляду публічнасці і бяспекі мерапрыемствы павінны арганізоўвацца з тымі ж перасцярогамі, як і ўнутры краіны;
  2. Усё большы разрыў жыццёвых светаў тых, хто сёння працягвае працаваць у Беларусі, і тых, хто працуе за яе межамі, неабходна ўлічваць у арганізацыі камунікацыі.

Псіхалагічная дапамога і падтрымка робяцца не разавымі дзеяннямі, а сталым клопатам. У дадатак да разнастайных формаў такой падтрымкі (курсы, псіхалагічная дапамога, кансультацыі) было б карысна ўвесці ў практыку перыядычную дыягностыку (самадыягностыку). Акрамя прафесійнай дапамогі запатрабаваныя фарматы, накіраваныя на арганізацыю зносін. Такога кшталту мерапрыемствы могуць засноўвацца на любой тэме або актыўнасці, якая не патрабуе высокага інтэлектуальнага або дзейнаснага напружання, але дазваляюць арганізаваць сумеснае баўленне часу, умацаваць давер і чалавечыя стасункі, падзяліцца сваімі трывогамі і спадзяваннямі, псіхалагічна разгрузіцца.

Спампаваць даследаванне на беларускай мове

Спампаваць даследаванне на ангельская мове