Заява “РАДА” у сувязі з палітычна матываванымі затрыманнямі ўдзельнікаў і ўдзельніц мірных сходаў у Беларусі
Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” з вялікай занепакоенасцю адзначае гіганцкі рост агрэсіі ў грамадстве, выкліканы шматлікімі парушэннямі і перашкодамі з боку органаў улады ў рэалізацыі народам Беларусі сваіх правоў і свабод падчас электаральнай кампаніі 2020 году.
Мы звяртаем асаблівую ўвагу на той факт, што маладыя людзі складаюць значную частку ўдзельнікаў і ўдзельніц мірных сходаў па ўсёй Беларусі. Мы ганарымся і рады, што моладзь Беларусі актыўна шукае магчымасці для мірнай і дэмакратычнай дэманстрацыі сваіх поглядаў. І мы выказваем пратэст агрэсіўным, празмерным і недэмакратычным метадам, якія ўжываюць беларускія ўлады і іх прыхільнікі.
Мы са шкадаваннем адзначаем, што моладзь становіцца ахвярай ідэалагічнай прапаганды і палітычных маніпуляцый і яе актыўна правакуюць на праяву агрэсіі. Так, маладыя людзі, якія ўдзельнічалі ў пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты Лукашэнкі А.Р., накідваліся і блакавалі працу журналістаў Радыё Свабода.
Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць затрыманых удзельнікаў і ўдзельніц мірных сходаў і прызнаць неправамернымі адміністрацыйныя пакаранні, неадкладна вызваліць прадстаўнікоў і прадстаўніц штабоў кандыдатаў і кандыдатак у прэзідэнты, затрыманых па палітычна матываваных падставах, і забяспечыць правядзенне сумленных і дэмакратычных выбараў па міжнародных стандартах.
Мы заклікаем Арганізацыю Аб’яднаных Нацый выказаць стаўленне да парушэнняў правоў і свабод у Беларусі, а таксама заклікаць беларускія ўлады выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў адпаведнасці са Статутам ААН і Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека.
Поўны тэкст Заявы чытайце тут.