Адукацыйны курс па ўстойлівым кіраванні мерапрыемствамі

Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр ім. Й. Рау сумесна з Цэнтрам экалагічных рашэнняў запрашаюць да ўдзелу ў адукацыйным курсе па ўстойлівым кіраванні мерапрыемствамі Events for Future.
Вы займаецеся арганізацыяй мерапрыемстваў і даўно думаеце, як рабіць гэта больш экалагічна?
Тады адукацыйны курс Events for Future для вас! На ім вы даведаецеся, як кіраваць мерапрыемствамі, выконваючы прынцыпы ўстойлівасці.
Да ўдзелу ў курсе запрашаюцца:
- прадстаўнікі і прадстаўніцы розных сфер дзейнасці, якія займаюцца арганізацыяй мерапрыемстваў і хацелі б гэта рабіць з захаваннем экалагічных і сацыяльных аспектаў, з клопатам аб цяперашніх і будучых пакаленнях.
Адукацыйны курс Events for Future будзе праходзіць з кастрычніка 2020 г. па люты 2021 г. у фармаце Blended Learning (змешанае навучанне) і ўключаць у сябе 7 анлайн-модуляў з тэставымі заданнямі, 5 вочных семінараў (аднадзённых і двухдзённых), якія пройдуць у Мінску, Гомелі і Брэсце.
Удзельнікі і ўдзельніцы, якія паспяхова завяршаць курс, паўдзельнічаюць у адукацыйнай паездцы ў Германію (пры ўмове спрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі).
На курсе вы даведаецеся аб розных падыходах да ўстойлівага правядзення мерапрыемстваў, пазнаёміцеся з паспяховымі беларускімі і міжнароднымі практыкамі ў галіне ўстойлівага івэнт-менеджменту і зможаце апрабаваць атрыманыя веды на практыцы.
Падчас навучання вы атрымаеце:
- практычныя веды ў сферы ўстойлівага правядзення мерапрыемстваў і івэнт-менеджменту
- гатовыя чэк-лісты для арганізацыі мерапрыемстваў на прынцыпах устойлівасці
- магчымасць прымяніць атрыманыя веды на практыцы дзякуючы практычным заданням і атрымаць рэкамендацыі і зваротную сувязь ад экспертаў і экспертак курса
Вочныя семінары пройдуць у цеснай звязцы з экспертамі і эксперткамі з грамадскіх арганізацый і ініцыятыў у сферы ўстойлівага развіцця. Працуючы разам са спецыялістамі і спецыялісткамі з розных абласцей, вы зможаце не толькі пашырыць свае веды, але і ўсталяваць новыя карысныя кантакты.
Удзел у курсе бясплатны: выдаткі на праезд, пражыванне і харчаванне пакрываюць арганізатары і арганізатаркі.
Для ўдзелу ў курсе неабходна запоўніць анлайн-заяўку да 27 верасня 2020 г. уключна.
Па ўсіх пытаннях, калі ласка, звяртайцеся на электронную пошту [email protected].