«Мы не здадзімся»

«Мы не здадзімся»

Аня — гісторык у адным з музеяў Мінска, прымала ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Яна распавяла IJAB аб некаторых падзеях, звязаных з акцыямі пратэсту, у якіх ужо некалькі тыдняў прымае ўдзел вялікая колькасць маладых людзей. Яна кажа: «Нам патрэбна ваша падтрымка!»

Аня – не сапраўднае імя нашай суразмоўцы. Па меркаваннях бяспекі яна хоча застацца невядомай. Варта адзначыць, яе сапраўдная асоба вядомая рэдакцыі IJAB.

ijab.de: Аня, кіраўніцтва беларускай апазіцыі складаецца з жанчын. На фотаздымках буйных дэманстрацый шмат жанчын, асабліва маладых. Ваша рэвалюцыя — гэта жаночы твар?

Аня: Не, я думаю, што не. Што рухае людзьмі на вуліцах — гэта страх і адчай. Мужчыны і жанчыны адчуваюць гэты страх аднолькава. Але справа ў тым, што жанчын арыштоўвалі і збівалі ў меншай ступені. Напэўна дрэнна выглядае для органаў бяспекі, калі яны збіваюць мірных жанчын на адкрытай вуліцы і зацягваюць іх у машыны. Наш чароўны наступ, безумоўна, можна разглядаць як зброю, і жанчыны гуляюць у гэтым асаблівую ролю.

ijab.de: Пратэсты працягваюцца ўжо больш за месяц. Ці азначае гэта, што людзі страцілі страх перад дыктатурай?

Аня: Не, цяпер мы баімся нават больш, чым тады, калі пачаліся пратэсты. Я ў тым ліку баюся, што ўсе мае сябры могуць быць арыштаваныя або збітыя. Але сядзець дома і нічога не рабіць? Гэта забівае мяне больш, чым падвяргаць сябе гэтаму страху. Мы распрацавалі стратэгіі для барацьбы з гэтым. Напрыклад, у пачатку пратэстаў мы заўсёды хадзілі на дэманстрацыі вялікімі групамі. Мы думалі, што гэта робіць нас менш уразлівымі. Цяпер мы ходзім маленькімі групамі. Гэта змушае паліцыю распаўсюджвацца па ўсім горадзе. Мы змянілі тактыку.

Увесь мінулы месяц здаецца адным днём. Мы знаходзімся пад пастаянным эмацыйным стрэсам. Нам з сябрамі ўсё яшчэ вязе, нікога не арыштавалі і не збілі. Толькі мая машына была канфіскаваная на 30 дзён.

ijab.de: Адной з выбітных характарыстык пратэстаў з’яўляецца іх абсалютная міралюбнасць. Гвалт заўсёды зыходзіў ад паліцыі, а не ад пратэстоўцаў. Адзін польскі сябар аднойчы сказаў мне: «Ведаеш, чаму рух »Салідарнасць« быў такім мірным? Таму што ў нас быў экстрэмальны вопыт гвалту падчас Варшаўскага паўстання». Ці ёсць у Беларусі супастаўная гістарычная траўма, якая тлумачыць міралюбнасць?

Аня: Вядома, ёсць шмат паралеляў з польскай гісторыяй, у тым ліку і ў дачыненні да Другой сусветнай вайны. У нас таксама ёсць гістарычныя траўмы. Але што важней: мы не зможам перамагчы, калі пратэсты перарастуць у гвалт. Рэакцыя Лукашэнкі ў гэтым выпадку была б больш рэпрэсіўнай, трэба памятаць што і ў Расіі ёсць зброя ў нашай краіне (вайсковыя базы). Я кажу не толькі аб забойстве людзей, але і аб нашай незалежнасці. Мы павінны пазбягаць усяго, што магло б даць Лукашэнку падставу «прымусіць» Расію паслаць сваё войска да нас. Ужо зараз журналістаў на дзяржаўным тэлебачанні змянілі расійскія журналісты, і мы ведаем, што Расія гатовая да барацьбы супраць беларусаў.

ijab.de: Як вы думаеце, наколькі верагодная руская інтэрвенцыя?

Аня: Я нічога не маю супраць рускіх, яны нашы суседзі, а некаторыя нават сказалі б, што яны нашы браты. Але ясна адно: мы не адзін народ і не хочам, каб намі кіравалі з-за мяжы. Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, не адлюстравана ў расійскіх падручніках. Таму расійскі ўрад не ведае, як з гэтым справіцца. Дагэтуль яны абмяжоўваліся гібрыдным умяшаннем, напрыклад, падтрымкай прапаганды Лукашэнкі. Але мы бачым гэта, мы ведаем, што яны робяць.

ijab.de: Давайце яшчэ раз пагаворым аб незалежнасці. Паўсюль на дэманстрацыях мы бачым бела-чырвона-белы сцяг, які быў нацыянальным сцягам, калі Беларусь абвясціла сваю незалежнасць у канцы Першай сусветнай вайны. Сёння афіцыйны сцяг натхнёны Савецкай Рэспублікай Беларусь. Ці зʼяўляецца бела-чырвона-белы колер таксама заявай аб незалежнасці?

Аня: З большага я згодная, але не ўсе ведаюць гісторыю нашага сцяга. Людзі хутка забываюць. Многія не ведаюць, што Беларусь таксама здабыла незалежнасць з бела-чырвона-белым сцягам у 1991 годзе, і Лукашэнка змяніў яго толькі пазней. Але я думаю, што важна яшчэ тое, што бела-чырвона-белы сцяг набыў новае значэнне, незалежна ад яго гісторыі. Сёння ён выступае за адзінства ўсіх беларусаў і беларусак. Гэта азначае адраджэнне Беларусі як нацыі.

ijab.de: Ты працуеш у музеі. Мы чулі аб забастоўках у музеях. Вы таксама страйкуеце?

Аня: Усё, пра што я ведаю, гэта тое, што музей у Віцебску, які знаходзіўся ў стане пастаяннай забастоўкі, ужо зачыніўся. Многія іншыя практыкуюць тое, што мы называем «італьянскай забастоўкай». Гэта значыць, што супрацоўнікі робяць толькі самае неабходнае. Падчас перапынкаў яны выходзяць на вуліцы, трымаюць плакаты і выказваюць сваё меркаванне. Некаторыя ўжо былі арыштаваныя за гэта. Іншыя прафесійныя групы пацярпелі мацней. Мы нават ведаем аднаго лекара, які быў арыштаваны па дарозе ў аперацыйную.

ijab.de: Якая падтрымка неабходна беларускаму дэмакратычнаму руху з-за мяжы?

Аня: Калі б тыя, каго збівалі ў турмах і на вуліцах, маглі атрымаць медыцынскую і псіхалагічную дапамогу за мяжой, гэта было б карысна. Польшча і Літва ўжо прапанавалі гуманітарныя візы. Да іх могуць далучыцца і іншыя краіны. Нам таксама патрэбна дапамога з інфармацыяй. Многія журналісты былі збітыя або высланыя з краіны. ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да некаторых асоб. Гэта добра, але нам гэта не вельмі дапамагае, таму што пацярпелыя ўсё роўна не могуць зʼехаць з краіны. Нам патрэбны больш актыўныя меры, таму што тут забіваюць людзей, але санкцыі не павінны прычыняць шкоды звычайным людзям. Мы заўсёды будзем рады таксама маральнай падтрымцы.

ijab.de: Што будзе далей?

Аня: Людзі стаміліся, але мы не здадзімся. Занадта многае пастаўлена на карту. Мы пераможам. Калі гэта скончыцца, мы ўсе адсвяткуем разам.

Photo by Andrew Keymaster on Unsplash