Падтрымка для моладзі
Adukacyja.info збірае актуальныя навіны для студэнтаў і студэнтак з Беларусі, якія па розных нагодах сёння апынуліся ў складанай сітуацыі.
Adukacyja.info спрыяе стварэнню міждысцыплінарнай супольнасці кваліфікаваных экспертаў і экспертак сярод выпускнікоў і выпускніц беларускіх і замежных ВНУ. У першай частцы артыкула – спіс замежных універсітэтаў, дзе сёння адкрытыя адмысловыя праграмы для беларусаў і беларусак, з актуальнымі дэдлайнамі. Другая частка прысвечаная магчымасцям і дапамозе, якую можна атрымаць у Беларусі.
Ёсць актуальная навіна? Пішыце на [email protected].
ВНУ і стыпендыі за мяжой
- Стыпендыя імя Кастуся Каліноўскага (Польшча).
Спецыяльны фонд, створаны для беларускіх студэнтаў і студэнтак, якія не могуць атрымаць адукацыю ў Беларусі. Усе навучэнцы атрымаюць стыпендыю на ўвесь перыяд навучання, таксама будзе прапанаваны курс польскай мовы. Набор на праграму пачаўся 31 жніўня і будзе працягвацца, пакуль будуць месцы. Падрабязнасці тут. - Варшаўскі ўніверсітэт прапаноўвае бясплатнае навучанне ў рамках праграмы імя Кастуся Каліноўскага. Падрабязней тут.
- Універсітэт А.Міцкевіча (Польшча) запрашае на бясплатныя месцы студэнтаў і студэнтак з Беларусі, якія былі адлічаны па палітычных нагодах. Каб атрымаць дапамогу, звяртайцеся да адміністрацыі па кантактах на старонцы ўніверсітэта.
- Сілезкі ўніверсітэт (Польшча) адкрывае дадатковы набор на 40 месцаў для грамадзян Беларусі з падоўжаным тэрмінам прыёму заявак. Універсітэт гатовы падтрымліваць таксама сваіх цяперашніх беларускіх студэнтаў і студэнтак. Дэдлайн падачы заявак: 30.10.2020 г. Сачыце за навінамі на старонцы ўніверсітэта.
- Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Літва). Дае студэнтам і студэнткам магчымасць перавесціся з беларускіх ВНУ на працягу ўсяго года. Зрабіць гэта можна ў любы момант з максімальным перазалікам ужо пройдзеных курсаў. Больш інфармацыі – па спасылцы. Пры пераводзе да канца верасня можна атрымаць грант, які пакрывае ад 50 да 100% кошту навучання ва ўніверсітэце. Падрабязней чытай тут.
- Стыпендыяльная праграма для беларусаў і беларусак ад урада Славакіі. Спіс патрэбных дакументаў і ўмовы можна знайсці на сайце праграмы і на старонцы амбасады Славакіі.
- Універсітэт імя Масарыка (Чэхія) адкрывае стыпендыяльную праграму для студэнтаў і студэнтак, даследчыкаў і даследчыц з Беларусі. Універсітэт прапануе гранты на навучанне і стыпендыю. Больш падрабязна пра ўмовы можна даведацца з інфармацыйнай старонкі. Дэдлайн 31.10.2020.
Падтрымка і дапамога ў Беларусі
- Задзіночанне беларускіх студэнтаў пачынае збор прозвішчаў людзей, якія падвяргаліся ціску і рэпрэсіям з боку адміністрацыі ці выкладчыкаў і выкладчыц праз свае погляды, меркаванні і дзейнасць. Распавядзі пра ціск і рэпрэсіі тут.
- Фонд міжнароднай салідарнасці (ФМС) ужо шмат гадоў падтрымлівае беларускае грамадства ў яго імкненні да свабоды, дэмакратыі і поўнай незалежнасці. Сёлета яны таксама праводзяць мерапрыемствы для тых, хто пастрадаў ад дзеянняў улады. Сачыце за навінамі тут.
- Дабрачынны фонд “Беларусь будучыні”. Фонд плануе аказваць дапамогу ў перападрыхтоўцы, а таксама гуманітарную, юрыдычную, фінансавую і псіхалагічную дапамогу для пацярпелых беларусаў і беларусак. Сачыць за анонсамі можна ў сацсетках і на сайце фонда.
- Дзякую — ініцыятыва, якая звязвае пацярпелых і валанцёраў. На гэтай пляцоўцы можна знайсці ці стаць ментарам і ментаркай, адправіць адрасную матэрыяльную дапамогу ці звярнуцца па яе.
- Рrobono.by — інфармацыйны цэнтр дапамогі. Пляцоўка, якая аб’ядноўвае розныя ініцыятывы па дапамозе пацярпелым. Фактычна, гэта дошка аб’яў, дзе можна не толькі знайсці дапамогу, але і прапанаваць свае здольнасці на карысць тых, хто апынуўся ў складанай сітуацыі. Можна таксама скарыстацца ботам у тэлеграме.
- Каб даведацца аб лакацыях тых, хто прапаноўвае дапамогу і тых, каму яна можа быць патрэбнай, звярніцеся да сайта грамадскай кампаніі Zubr.life.
- Таксама прафесійная перападрыхтоўка, дапамога ў працаўладкаванні і пошуку свайго прафесійнага напрамку прапануецца ініцыятывамі ByChange і Скорая взаимопомощь.
- Спецыяльная праграма падрыхтоўкі для студэнтаў і студэнтак МДЛУ была створана выпускнікамі і выпускніцамі ўніверсітэта. Запоўніце форму, каб атрымаць дапамогу і падтрымку ад ментараў і ментарак.