Заява РАДА супраць ціску на студэнцкі рух і выкладчыкаў і выкладчыц у Беларусі
Мы, саюз дваццаці васьмі дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам — Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:
Мы выказваем занепакоенасць абранай адміністрацыямі навучальных устаноў тактыкай адлічэння і запужвання студэнтаў і студэнтак — удзельнікаў і ўдзельніц мірных сходаў. Хамства, адмовы ў размове, псіхалагічны ціск, шантаж выплатамі стыпендый і прэмій і выклікі АМАП супраць мірных акцый студэнтаў і студэнтак — тое, што мы бачым у дзеяннях з боку адміністрацый навучальных устаноў апошнія два месяцы. Так, апошнімі днямі былі затрыманы і адлічаны каля 200 студэнтаў і студэнтак па ўсёй краіне, а яшчэ больш знаходзяцца ў спісах на адлічэнне.
Мы занепакоены новымі фактамі адмоваў у перасячэнні мяжы ў бок Беларусі беларускім студэнтам і студэнткам. Гэта з’яўляецца грубым парушэннем з боку Дзяржаўнага памежнага камітэту нормаў заканадаўства Беларусі, у тым ліку Закона аб парадку выезду і ўезду ў краіну грамадзян Беларусі, а таксама Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Мы не можам мірыцца з выпадкамі пранікнення супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у межы навучальных устаноў для затрымання студэнтаў і студэнтак — гэта парушэнне акадэмічных свабод і прынцыпаў Вялікай Хартыі Універсітэтаў. Менавіта такім чынам быў затрыманы ў корпусе ўніверсітэта Зміцер Мазура, студэнт БДУІР, які пасля быў арэставаны агульна на 38 дзён і дагэтуль знаходзiцца за кратамі (Зміцера адпусцілі 2 лістапада рэд.).
Мы лічым абуральнымі выпадкі са збіццём студэнтаў пасля затрымання. Траўмы, якія атрымалі студэнты, дакументальна зафіксаваныя і мы спадзяемся, што яны стануць падставай для расследавання і пакарання асоб, здзейсніўшых гвалт.
Асабліва нас засмучае затрыманне і адлічэнне Сафіі Цярэнцьевай — сяброўкі савета РАДА, студэнткі “Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжу” філіяла БДТУ, якую затрымалі падчас адзіночнага пікета ў будынку ўстановы адукацыі, а пасля і адлічылі.
Таксама мы лічым непрымальным масавае звальненне не менш 20 выкладчыкаў і выкладчыц устаноў адукацыі ў сувязі з іх грамадскай актыўнасцю і адкрытай салідарнасцю са студэнтамі і студэнткамі. Мы лічым, што такі падыход адміністрацый навучальных устаноў пярэчыць духу ўніверсітэта і прывядзе да хуткага калапсу навучальнага працэса.
Улічваючы далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу, Вялікую хартыю еўрапейскіх універсітэтаў і дарожную мапу па ўваходжанні Беларусі ў міжнародную акадэмічную супольнасць, мы вельмі занепакоеныя выступам Лукашенкі А.Р. пра непрызнанне дыпломаў замежных навучальных устаноў.
У сувязі з гэтым мы:
- Патрабуем спынення гвалту, адлічэнняў і парушэння грамадскіх і палітычных правоў у дачыненні да студэнтаў і студэнтак навучальных устаноў з боку адміністрацый гэтых устаноў і прадстаўнікоў і прадстаўніц органаў унутраных спраў;
- Патрабуем забараніць прадстаўнікам і прадстаўніцам органаў унутраных спраў доступ у межы навучальных устаноў, паколькі функцыі правааховы выконваюць ўнутраныя службы;
- Патрабуем скасаваць усе загады на адлічэнне студэнтаў і студэнтак з-за грамадскай актыўнасці і ўдзелу ў студэнцкім руху і аднавіць іх;
- Патрабуем скасаваць усе загады аб звальненні выкладчыкаў і выкладчыц за іх грамадскую пазіцыю і салідарнасць са студэнтамі і студэнткамі і аднавіць іх на пасадах;
- Патрабуем ад Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі неадкладна дазволіць усім студэнтам і студэнткам, як і ўсім іншым грамадзянам Беларусі, перасячэнне мяжы на ўезд без абмежаванняў;
- Выказваем падтрымку і салідарнасць усёй студэнцкай супольнасці і заклікаем іх да ўсеагульнай салідарызацыі і сумеснага негвалтоўнага адстойвання сваіх патрабаванняў;
- Заклікаем выпускнікоў і выпускнiц, як і выкладчыкаў і выкладчыц, адкрыта падтрымаць беларускі студэнцкі рух;
- Заклікаем адміністрацыі ўніверсітэтаў змяніць тактыку ў адносінах да студэнтаў і студэнтак з рэпрэсій на дыялог;
- Заклікаем міжнародныя студэнцкія і моладзевыя арганізацыі выказаць сваю салідарнасць з беларускімі студэнтамі і студэнткамі;
- Звяртаемся да Балонскага камітэту заклікаць беларускія ўніверсітэты і Міністэрства адукацыі да спынення гвалту і адміністрацыйных рэпрэсій у дачыненні да студэнтаў і студэнтак і да выкладчыкаў і выкладчыц;
- Заклікаем Міністэрства адукацыі і Сакратарыят Балонскага працэсу пракаментаваць заяву Лукашэнкі А.Р. аб непрызнанні міжнародных дыпломаў у Беларусі і тых наступствах, якія гэта прынясе акадэмічнай супольнасці Беларусі;
- Заклікаем міжнародныя фонды і праграмы, у тым ліку Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, спыніць супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі Беларусі і адміністрацыямі беларускіх навучальных устаноў да выканання патрабаванняў студэнцкага руху, спынення ціску адміністрацый і адначасова пашырыць праграмы супрацы і абмену для студэнцтва і выкладчыкаў і выкладчыц.