Твой стартап у Літве
Літва ўмацоўваецца сярод краін свету, найбольш спрыяльных для стварэння новых прадпрыемстваў.
Падымаючыся ў шэрагу рэйтынгаў, гэтая невялікая еўрапейская краіна ператвараецца ў ідэальны эпіцэнтр для ўсё большай колькасці бізнес-ініцыятыў. Магутная экасістэма стартапаў і высокая якасць жыцця ў спалучэнні з нізкім яго коштам зрабілі яе магнітам для інавацыйных і прадпрымальных.
Месца для інавацыйнага бізнесу
Літоўская экасістэма стартапаў – адна з найбольш дынамічных у Еўропе. Асабліва моцна яна праяўляецца ў галінах фінансава-інфармацыйных тэхналогій, медыка-біялагічных навук і гульнявых сістэм.
Не варта забывацца на знакамітую літоўскую IT-інфраструктуру, адну з самых хуткіх і надзейных у свеце. Паводле хуткасці публічнага Wi-Fi Літва займае першае месца ў свеце, паводле дасягальнасці 4G – дзявятае. Краіна таксама трымае пятую пазіцыю сярод краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы (ЦУЕ) паводле долі распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння сярод працоўнага насельніцтва. Пры гэтым узровень інфармацыйна-камунікацыйнай пісьменнасці ў кадравым рэзерве Літвы – найвышэйшы ў ЕС, каля 50% жыхароў валодае прынамсі дзвюма замежнымі мовамі, а амаль 100% маладых спецыялістаў размаўляюць па-англійску.
У плане лёгкасці вядзення бізнесу Літва займае 11-ую пазіцыю са 190 эканомік свету. Ёй належыць другое месца ў свеце і першае – у рэгіёне ЦУЕ паводле дасканаласці працэдур пачатку новага бізнесу.
Бадзёрая экасістэма
За апошнія гады экасістэма стартапаў у Літве развівалася сямімільнымі крокамі – паўстаў цэлы комплекс інкубатараў, навукова-тэхналагічных паркаў, “пясочніц”, актыўных фондаў венчурнага капіталу і паскаральнага фінансавання. Фонды супольнага фінансавання інвестуюць разам з мецэнатамі бізнесу, што стварае лепшыя магчымасці для стартапаў, якія імкнуцца прыцягнуць інвестыцыі.
У Літве працуе больш за 1030 стартап-прадпрыемстваў, сярод якіх стартап Vinted. За 2019 год літоўскія стартапы прыцягнулі 168,9 мільёнаў еўра інвестыцый не толькі ад мясцовых, але і ад вядомых замежных інвестараў. Паводле Dealroom.co, цягам мінулых гадоў інвестыцыі выраслі на 135%, што з’яўляецца самым шпаркім ростам у рэгіёне.
Як сцвярджае кіраўнічка Startup Lithuania (аддзелу Enterprise Lithuania, які займаецца развіццём экасістэмы стартапаў) Рабэрта Рудакене, за апошнія гады тэмп развіцця экасістэмы новых прадпрыемстваў у Літве значна паскорыўся. Не толькі вырас лік стартапаў і аб’ём інвестыцый, але і сама экасістэма пастаянна папаўняецца новымі гульцамі.
Цэнтр для замежных спецыялістаў і спецыялістак
Дзякуючы невялікаму памеру Літва можа прапанаваць не толькі выбітную стартап-экасістэму, але і цудоўную магчымасць пабудаваць больш збалансаваны лад жыцця. Яе выгоды – ад шарму сталічнага Старога гораду да зялёнага ляснога краявіду, малой загружанасці дарог, чыстага паветра і выдатнай інфраструктуры – штогод прывабліваюць усё болей заснавальнікаў новых прадпрыемстваў. Таму ні для каго не стала нечаканасцю, калі міжнародны даведнік для падарожнікаў Lonely Planet назваў Вільнюс адным з найлепшых гарадоў для экспатрыянтаў.
Не дзіва, што такія кампаніі як Revolut, Booking.com, Mambu, Vinted, Trafi, Transfergo абралі Літву для развіцця бізнесу. На думку Р. Рудакене, гэта робіць экасістэму стартапаў Літвы месцам, дзе можна стварыць і выгадаваць стартап, які будзе канкурэнтаздольны ў дынамічным міжнародным асяродку.
Праграмы ўключэння замежных стартапаў у літоўскую экасістэму
У 2017 годзе з’явілася Startup Visa Lithuania – спрошчаная міграцыйная працэдура для стартапаў з-за межаў ЕС. З таго часу ў Літву перамясцілася звыш 60 заснавальнікаў стартапаў з сем’ямі, з якіх у 61% за перыяд функцыянавання ў Літве павысіўся ўзровень інвестыцый.
“У дадатак да нашай праграмы Startup Visa мы разглядаем магчымасць новай праграмы для замежных стартапаў, якія маюць вялікі патэнцыял да развіцця,” – гаворыць кіраўнічка Startup Lithuania Р. Рудакене. – “Адабраным стартапам, накіраваным на пераадоленне глабальных выклікаў, можа быць прапанаваная адмысловая субсідыя на рэлакацыю, індывідуальная падтрымка і кансультацыі. Літва становіцца яскравай зоркай сусветнай стартап-сцэны, і мы запрашаем далучыцца ўсіх, хто хоча стаць часткай гэтай захапляльнай экасістэмы маладога бізнесу”.