Грамадская дыскусія «Новая адукацыя для новай Беларусі»

Грамадская дыскусія «Новая адукацыя для новай Беларусі»

У снежні 2020 года Офіс па адукацыі кабінета Святланы Ціханоўскай пачаў падрыхтоўку рэформы сістэмы адукацыі. Самай важнай часткай гэтага складанага і доўгага працэсу каманда бачыць грамадскія дыскусіі з удзелам усіх зацікаўленых бакоў — ад школьнікаў да адміністратараў.

Менавіта ў гэтым і заключаецца прынцыповае адрозненне падыходу Офіса: яны лічаць, што неабходна не папраўка існуючай сістэмы на падставе прадстаўленняў бюракратаў ад адукацыі, а яе карэнная перабудова з улікам патрэб усіх удзельнікаў і ўдзельніц адукацыйнага працэсу пры экспертнай падтрымцы нацыянальных і міжнародных спецыялістаў і спецыялістак. У выніку дыскусій павінны быць сфармуляваны місія і стратэгічныя прыярытэты рэформы, на падставе якіх будуць распрацаваны аператыўныя планы для розных сегментаў сістэмы.

У першай анлайн-дыскусіі ў фармаце брэйншторма 15 снежня прынялі ўдзел больш за 120 чалавек.

Пры рэгістрацыі ўдзельніцы і ўдзельнікі апісалі больш за 300 выклікаў, якія, на іх думку, стаяць перад нашай сістэмай адукацыі. Арганізатары і арганізатаркі рэзюмавалі гэтыя адказы, падрыхтавалі апытальнік і папрасілі ўдзельнікаў і ўдзельніц дыскусіі выбраць адзін-два прыярытэты па наступных напрамках: палітыка, акадэмічная свабода, адукацыйны працэс, адміністраванне, матэрыяльна-тэхнічная база і фінансы, адносіны паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу, даследчая дзейнасць, сувязь з рынкам працы, павышэнне кваліфікацыі.

Аўтары самых поўных і абгрунтаваных адказаў агучылі іх на сустрэчы; паралельна іншыя ўдзельнікі і ўдзельніцы пакідалі каментары ў чаце, а мадэратары рэзюмавалі розныя выказванні ў працэсе дыскусіі.

Гэта дазволіла зрабіць першы накід «карты праблем» беларускай адукацыі. Важнымі практычна для ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц сталі бюракратызацыя, строгая цэнтралізацыя, немагчымасць праявіць ініцыятыву і творчасць, ціск кантралюючых органаў, фармалізм пры ацэньванні дасягненняў вучняў і працы выкладчыкаў, адсутнасць акадэмічнай свабоды, самакіравання навучэнцаў, прапаганда лаяльнасці да аўтарытарнага рэжыму на ўсіх узроўнях — аж да дзіцячага сада (ідэалагічная работа).

Шмат гаварылі таксама аб:

  • недахопе рэсурсаў і адсутнасці эфектыўнай сістэмы фінансавага стымулявання працы выкладчыкаў;
  • гендарнай няроўнасці;
  • праблемах адукацыі дзяцей і дарослых з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця;
  • некампетэнтнасці кіруючых чыноўнікаў;
  • неадпаведнасці дзяржзаказу на спецыялістаў патрэбам рынку працы;
  • абясцэньванні адукацыі і нізкіх патрабаваннях да ведаў студэнтаў;
  • неадпаведнасцi зместу навучання сучасным патрабаванням і, у прыватнасці, патрабаванням рынку працы;
  • неабходнасці распрацоўкі новых падыходаў да навучання, новых методык і прадметаў;
  • абавязковым прызыве.

Зараз Офіс працягвае аналіз першага грамадскага абмеркавання з тым, каб сфармаваць спіс праблем, па якіх будуць арганізаваны асобныя дыскусіі з запрашэннем экспертаў і экспертак, якія будуць адыгрываць не вядучую, а рэсурсную ролю. Затым будуць арганізаваны фокус-групы па сектарах і праблемах, агульных для ўсіх узроўняў адукацыі, — гэта дазволіць глыбей зразумець спецыфіку праблем і магчымыя падыходы да іх вырашэння. Дыскусійная пляцоўка таксама будзе выкарыстоўвацца для абмену вопытам з калегамі з іншых краін.