Заява “РАДА” ў сувязі з палітычна матываваным захопам самалёта Ryanair у паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь

Заява “РАДА” ў сувязі з палітычна матываваным захопам самалёта Ryanair у паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь

Учора ўвесь Свет стаў сведкам і моцна хваляваўся за лёс больш за 100 пасажыраў самалёту Ryanair кірункам Афіны – Вільнюс. Ён выконваў пералёт па маршруце ў межах ЕЗ, але быў перахоплены ў паветранай прасторы Беларусі і апынуўся на 7 гадзін у Нацыянальным аэрапорце Мінск. Увесь гэты час людзі знаходзіліся ў закладніках рэжыму, які сістэматычна парушае правы чалавека, а лёс 2 маладых людзей дагэтуль пад пагрозай.

Мы асуджаем адкрытае палітычна матываванае паляванне дзяржаўнымі органамі Беларусі на людзей і рызыку жыццём грамадзян іншых краін. Мы моцна хвалюемся аб наступствах для затрыманых Рамана Пратасевіча (26 гадоў) і Сафіі Сапега (23 гады) ў Беларусі. Дагэтуль іх сем’ям і адвакатам не далі магчымасці сустрэцца, а па Сафіі наогул няма інфармацыі дзе яна, на якой падставе затрымана і ў якім статусе знаходзіцца.

Нагадаем, што ўлады Беларусі ўнеслі Рамана Пратасевіча ў ліст арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. У сувязі з гэтым Пратасевічу пагражае як мінімум пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў.

Больш за тое, Раман з’яўляецца калегам і сябрам палітзняволенага Ігара Лосіка, які ўжо амаль год (з 25 чэрвеня 2020) знаходзіцца ў турме і да якога ўжываліся катаванні. Мы ўпэўнены, што да Рамана таксама будуць ужывацца катаванні, каб атрымаць дадзеныя аб інфармацыйных каналах, да якіх ён быў датычны. Гэта выключна непрымальна і забаронена шэрагам міжнародных дакументаў, якія Беларусь мусіць выконваць.

Учорашнія дзеянні беларускіх уладаў у чарговы раз паказалі Свету, што сённяшні палітычны рэжым Беларусі не шануе правы чалавека і дзейнічае насуперак міжнародным дамовам, разбураючы давер да сябе ўнутры краіны і за мяжой.

У сувязі з гэтым мы:

  • Выказваем рашучы пратэст любым дзеянням беларускіх уладаў, якія ставяць пад пагрозу жыццё грамадзян.
  • Патрабуем ад ICAO міжнароднага расследавання інцыдэнту і справядлівага пакарання ў яго межах.
  • Патрабуем вызваліць Рамана Пратасевіча і Сафію Сапега, і транспартаваць іх у Вільнюс.
  • Патрабуем ад дзяржаўных органаў Беларусі выконваць міжнародныя дамоўленасці.