Жыццё ў выгнанні

Жыццё ў выгнанні

IJAB вырашыў узяць серыю інтэрв’ю ў маладых беларусаў_к, якія вымушана з’ехалі з Беларусі пасля жніўня 2020 года. Пераклад інтэрв’ю сяброўкі Савета “РАДА” Дар’і Рублеўская чытайце ніжэй (версія на англійскай).

Дар’я Рублеўская была адной са шматлікіх студэнтаў_к, якія летам 2020 года вырашылі пратэставаць супраць фальсіфікаваных выбараў у Беларусі. Пасля хвалі арыштаў яна вырашыла пазбегнуць нарастаючых пагроз і адправілася ў эміграцыю ў Літву.

Міжнародны сакратар Беларускага нацыянальнага моладзевага савета РАДА Лявон Марозаў пагутарыў з Дар’яй Рублеўскай пра ролю студэнтаў_ак і яе асабісты ўдзел у падзеях у Беларусі.

Дар’я працуе юрысткай у праваабарончым цэнтры «Вясна», з’яўляецца сакратаркай па знешніх сувязях Задзіночання беларускіх студэнтаў і чаліняй Савета РАДА.

«Маладыя беларусы змагаюцца за тое, што атрымалі іх еўрапейскія аднагодкі ў мінулым стагоддзі»

Лявон Марозаў: Расскажы, як было займацца актывізмам у Беларусі? Што вы рабілі, чым адрозніваліся ўмовы ад еўрапейскіх, і ў чым асаблівасць беларускай моладзі?

Дар’я Рублеўская: Да 2020 году актывізм у Беларусі нагадваў гульню ў Джэнгу: ты паступова і акуратна выцягваеш тое, што табе трэба з непаваротлівай сістэмы і спадзяешся, што не лясне. Тады было важна шукаць шляхі ўцягнення маладых людзей у грамадскае жыццё пры тым, што  палітызаванасць грамадства была на нулі, як і разуменне важнасці самакіравання, дэмакратычных каштоўнасцяў, удзелу ў жыцці дзяржавы.

Мы рабілі адвакацыйныя кампанія наперамешку з гучнымі моладзевымі фэстывалямі, хайповымі (але безабіднымі) акцыямі, адукацыйнымі праграмамі. Фокус быў на тым, каб уцягнуць моладзь у жыццё грамадства, студэнцтва – у кіраванне сваімі ўніверсітэтамі. Пра вялікія пратэстныя акцыі ва ўніверсітэтах мы тады і не марылі, былі рэалістамі і працавалі з тым і тымі, што было.

Ад еўрапейскай наша моладзь адрознівалася (і працягвае адрознівацца) некалькімі момантамі: кантэкстам выхавання і сталення, запытамі і апалітычнасцю.

Мы раслі ў пост-саўку, нацягнутым на спробы ў зручную дэмакратыю, ва ўмовах кантролю на ўсіх прыступках выхавання і рэпрэсій за дзейнасць. У еўрапейскай моладзі праблемы і запыты зусім іншага ўзроўню, бо як мінімум іх не хвалюе цалкам імаверная магчымасць быць затрыманым ва ўніверсітэце за налепку на ноўтбуку.

Беларуская моладзь зараз змагаецца за тое, што еўрапейская моладзь атрымала яшчэ ў мінулым стагоддзі. Напрыклад, зараз у Украінскага нацыянальнага моладзевага савета адна з прыярытэтных місій заключаецца ў змяньшэнні ўзроставага цэнзу для галасавання да 16 год. Мы пакуль яшчэ на стадыі змагання за простыя чалавечыя дэмакратычныя выбары.

«Я фатаграфавала сінякі, пераломы, вывіхі і іншыя траўмы»

Лявон Марозаў: Якую ролю беларуская моладзь (студэнцтва) адыграла ў пратэсте? Яны былі асноўным рухавіком пратэстаў, ці хутчэй ішлі за астатнімі?

Дар’я Рублеўская: Тут варта разумець, што разам з “агульнай” рэвалюцыяй студэнцтва ладзіла сваю ўласную, студэнцкую рэвалюцыю ва ўніверсітэтах.

Студэнты_кі хадзілі на тэматычныя суботнія маршы, выходзілі студэнцкімі блокамі на нядзельныя маршы з агульнымі патрабаваннямі беларускага грамадства (адмена вынікаў выбараў, спыненне гвалту і выпуск палітвязняў, новыя дэмакратычныя выбары), але разам з гэтым ладзілі і лакальныя студэнцкія пратэстныя акцыі ва ўніверсітэтах. Атрымліваецца, што студэнцтва адначасова шло разам з іншымі і было рухавіком сваёй уласнай рэвалюцыі. 

Калі казаць пра агульную ролю, то менавіта студэнцтва было той сацыяльнай групай, якая да апошняга трымалася лозунгу “кожны дзень” і пратэставала без перапынку на выходныя і адпачынкі. Студэнцтва натхняла многіх сваёй імпульсіўнасцю, дзёрзкасцю, смеласцю і крэатыўнасцю. Мы выходзілі на сумесныя акцыі з пажылымі людзьмі, з жанчынамі, ладзілі акцыі салідарнасці з завадчанамі і дагэтуль падтрымліваем амаль усе кампаніі палітычных актараў.

Лявон Марозаў: Чым ты займалася непасрэдна падчас пратэстаў? Чаму табе прыйшлося пакінуць краіну?

Дар’я Рублеўская: З ліпеня я працавала аператаркай гарачай лініі: прымала звароты ад тых назіральнікаў_ц, якія паведамлялі пра парушэнні заканадаўства, альбо каго затрымлівалі за “пікетаванне”. Паралельна з гэтым удзельнічала ў кампаніі незалежнага назірання за мірнымі акцыямі, дзе мы фіксавалі ход правядзення акцый па зборы подпісаў за кандыдатаў, перадвыбарчых мітынгаў у розных гарадах краіны, іншыя пікеты.

Пасля падзей 9 жніўня я пачала працаваць над дакументаваннем катаванняў – фіксаваннем фактаў гвалту і катаванняў над удзельнікамі_цамі акцый пратэсту: слухала і запісвала іх гісторыі, фатаграфавала сінякі, крывападцёкі, пераломы, вывіхі і іншыя калецтвы.

Паралельна з гэтым мы ў ЗБС рыхтаваліся да пачатку навучальнага году. Дапамагалі стачкамам фармавацца, прадумваць фарматы актыўнасцяў і тое, як уцягнуць як мага больш студэнцтва ў рух за свае правы. Паступова ўсё перайшло ў штодзённыя брэйнштормы і арганізацыю лакальных акцый пратэстаў, дапамогу стачкамам у выпадках рэпрэсій і затрыманняў, юрыдычную дапамогу пры ціску адміністрацыі.

Выехаць з краіны давялося за падзеі ў дзень выбараў: я тады была незалежнай назіральніцай за мірнымі сходамі і фіксавала падзеі, якія адбываліся ў цэнтры горада, ля Стэлы. Натавала светла-шумавыя гранаты, вадамёты, збіванні мірных пратэстуючых, слезатачывы газ і іншае. Пра гэта даведаліся сілавікі і перадалі праз адвакатку зняволенай каляжанкі, што інтэрпрэтуюць гэту дзейнасць як актыўны ўдзел у пратэстах і рыхтуюць маё затрыманне. 

«Рэпрэсіі і сапраўдны пераслед моладзі нарастаюць»

Лявон Марозаў: Што для цябе аказалася самым цяжкім у вымушаным пераездзе і эміграцыі?

Дар’я Рублеўская: Не бачыць маці цэлы год і не мець магчымасці прыехаць на Дзень народзінаў да малодшай сястры.

У астатнім складанасці хутчэй бытавога характару: легалізацыя, вывучэнне мовы, сацыялізацыя. Цяжка эмацыйна не мець магчымасці прыехаць дамоў, калі хварэюць блізкія, калі ідзе суд над сябрамі і сяброўкамі, калі памірае дзядуля ці нараджаецца пляменніца. Адчуванне, нібы сапраўднае і звычайнае жыццё засталося ў Беларусі, а табе да яго ніяк немагчыма дабрацца, і застаецца толькі жыць у вакууме з працы і актывізму з-за мяжы.

Лявон Марозаў: Ці працягваеш ты сваю дзейнасць за мяжой? Ці знаходзіць гэта водгук сярод вашай аўдыторыі ўнутры краіны?

Дар’я Рублеўская: Безумоўна, працягваем працаваць і з тымі, хто застаецца ў Беларусі, і з тымі, хто быў вымушаны з’ехаць. Розныя запыты, розная праца, таму і водгук розны. Зараз усё складаней працаваць з моладззю, якая застаецца ў Беларусі праз раскручванне рэпрэсій, рэальнага пераследу моладзі, аднак мы не плануем спыняць дзейнасць.

Лявон Марозаў: Апроч студэнцкай працы, ты займаешся праваабаронай. Кожны дзень табе даводзіцца перажываць і прапрацоўваць вялізную колькасць негатыву. З чым табе даводзіцца сутыкацца і як табе ўдаецца з гэтым спраўляцца?

Дар’я Рублеўская: Я працую з ахвярамі палітычнага пераследу і іх сваякамі. Напрыклад, чалавека затрымліваюць па крымінальным артыкуле і змяшчаюць у Следчы ізалятар. Сваякі перапужаныя, разгубленыя і не ведаюць, дзе наймаць адваката, як збіраць перадачы, куды дасылаць лісты і іншыя выклікі – я кансультую іх.

Гэта даволі эмацыйна затратная дзейнасць, бо ў кожны выпадак варта ўключацца, разбірацца і падтрымліваць. Людзі заўсёды чакаюць эмпатыі, ім патрэбны праваабаронцы, якія нягледзячы ні на што цвяроза падыходзяць да справы і ведаюць адказы прыкладна на ўсе пытанні.

Мне даводзіцца штодзень сутыкацца з негатывам, з сумнымі навінамі, з катаваннямі, з гвалтам і жорсткім абыходжаннем, з парушэннем правоў, з абяссіленымі ад гора сваякамі, з расчараванымі вязнямі. Гэта мая праца. Думка, што я валодаю чымсьці, што можа дапамагчы дзясяткам людзей перажыць гэты час прасцей, падтрымаць іх дадае моцаў дзейнічаць далей.

«Мая паштоўка была адзіным пасланнем свабоды»

Лявон Марозаў: Яшчэ адзін твой занятак – ініцыятыва па адпраўцы лістоў палітвязням. Чаму ты вырашыла гэтым заняцца?

Дар’я Рублеўская: Ад пачатку гэта было вельмі імпульсіўнае рашэнне: увесну 2020 па краіне пракацілася хваля адміністрацыйных затрыманняў, у ліку якіх быў мой калега, магілёўскі праваабаронца. Я не ведала, як падтрымаць яго, таму намалявала паштоўку з галінкай бэзу, папшыкала любімай парфумай і акуратна вывела “Вясна прыйдзе”. Пасля яго выхаду апынулася, што мая паштоўка была адзінай вестачкай з волі, якую перадалі – яна духмяна пахла на ўсю камеру і нагадвала пра тое, колькі людзей звонку чакаюць яго. Ён літаральна плакаў, калі распавядаў пра гэта! Тады я зразумела, як шмат падтрымка праз паштоўкі вызначае для тых, хто за кратамі.

З кожным адказам цяпер усё складаней шукаць словы, бо ад пачатку фразу накшталт “Хутка пабачымся” ці “Дабро пераможа” адгукаліся і падаваліся лагічнымі, праўдзівымі і рэалістычнымі. Зараз я пра гэта не пішу. Нібыта зусім недарэчна і веры на хуткія змены няма ні ў мяне, ні ў адрасатаў_к.

Лявон Марозаў: Наколькі ведаю, сярод палітвязняў ёсць і твае сябры-студэнты. Чаму яны ў турме і ці ўдаецца табе падтрымліваць з імі кантакт? Як яны з гэтым спраўляюцца, і пра што вы маеце зносіны?

Дар’я Рублеўская: Гэта вельмі сумная тэма, вельмі асабістая. 12 рабят і дзяўчат, якіх затрымалі увосень 2020 году, былі асуджаны па “справе студэнтаў” да 2 і 2.6 гадоў калоніі. Да гэтага яны правялі ў заключэнні год пад следствам без магчымасці бачыцца са сваякамі, не кажучы ўжо пра сябраў, ім блакавалі карэспандэнцыю і ціснулі на тое, што іх дзейнасць была дармовай, што пра іх усе забыліся і здрадзілі агульным каштоўнасцям.

Яны ў турме з-за выключна сфабрыкаванай палітычнай справы, дзе яны выстаўленыя нібыта арганізатарамі_камі студэнцкіх пратэстаў ва ўніверсітэтах і кіраўнікамі стачкамаў. Але гэта няпраўда, гэта толькі спроба запужаць увесь студэнцкі рух і паказаць, наколькі беспрынцыпнай могуць быць сілавікі, затрымліваючы і здзекваючыся з 18-гадовых рабят і дзяўчат.

Іх затрымалі аднамаментна: 11 чалавек, а праз тыдзень затрымалі яшчэ і Таню Екельчык. Проста ў адзін момант у агульны чат пачалі прыходзіць паведамленні “мне грукаюцца ў дзверы”, “за мной, здаецца, прыйшлі” і г.д. Мне ад найлепшай сяброўкі – Ксюшы Сырамалот – прыйшлі SOS-паведамленні з GPS-кропкамі: спярша з яе дома, потым з будынка СІЗА КДБ. Тады я зразумела, што не пабачу іх мінімум пару год.

Пакуль яны былі ў СІЗА, мы камунікавалі праз лісты. Гэта вельмі дзіўная і да вар’яцтва архаічная рэч у 21 стагоддзі: пісаць ад рукі ліст, ісці на пошту, слюнявіць марку і дасылаць у канверце. Прыкладна 80% маіх лістоў і паштовак былі знішчаны цэнзарамі і ў выніку не патрапілі ў рукі да адрасатаў_к, дагэтуль, напрыклад, мая сяброўка Алана Гебрэмарыям не атрымала ад мяне ніводнай вестачкі, хоць бы я пішу ёй роўна раз у тыдзень.

Зараз яны ўсе ўжо пераведзеныя ў калоніі для адбыцця пакарання. Дзяўчаты займаюцца пашывам вопраткі, а хлопцы працуюць на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах. Ліставанне стала лепей, часам ім нават дазваляюць спатканні са сваякамі. Аднак не забываюцца на галоўную мэту зняволення: зламіць, пераламіць, знявважыць.  На іх ціснуць, забараняюць камунікаваць з іншымі зняволенымі, крычаць і блакуюць перапіску, адмяняюць спатканні, шантажуюць адменай перадач і іншае. Усё для таго, каб яны “пакаяліся” і прызналі віну, папрасілі памілавання ў прэзідэнта. Ведаю, што ўсе яны добра трымаліся ў СІЗА, іскрэлі ў судзе, мелі намер выстаяць гэты шлях годна. Зараз усе ў розным стане, яны стаміліся ад пастаяннага ціску і гвалту.

«Я ніколі не адчуваю сябе ў поўнай бяспецы»

Лявон Марозаў: Як удаецца надаваць увагу такой колькасці людзей, і пры гэтым працягваць жыць сваім жыццём?

Дар’я Рублеўская: У пэўны момант я прыняла рашэнне, што больш не магу і не хачу жыць адной толькі рэвалюцыяй. Зараз я дакладна разумею, што з’яўляецца маёй працай і актывізмам, ды ведаю, што гэта толькі частка мяне. Часам даводзіцца прымушаць сябе пакінуць частку сябе для ўласнага жыцця, не аддаваць усе сілы іншым, але гэта няпросты працэс. Я прытрымліваюся правілаў 5,5 працоўных дзён, хаджу ў адпачынкі і перадышкі, маю хобі і сяброў_вак па-за актывісцкім колам. Даводзіцца яшчэ вывучаць мову, сачыць за целам, таму жыццё ўсё адно жывецца!

Лявон Марозаў: Ці адчуваеш ты сябе ў бяспецы?

Дар’я Рублеўская: У поўнай – ніколі. І мне здаецца, што гэта немагчыма пасля перажытага досведу выламвання дзярэй уласнай кватэры. Я ведаю, што ў Літве і іншых краінах нашмат бяспечней за Беларусь, натуральна, але і гэта не таблетка ад усіх хвароб: за мяжой ёсць агенты беларускіх сілавых структур, кейс з пасадкай Ryanair паказаў бескампраміснасць паводзінаў рэжыма ў дачыненні да палітычна актыўных беларусаў_к у эміграцыі. 

Мне і іншым актывістам_кам намагаліся ўзламаць акаунты, нашыя асабістыя дадзеныя выварачвалі і публікавалі ў праўладных тэлеграм-каналах з мэтай дыскрэдытаваць дзейнасць, націснуць і загнаць у вугал. У мяне сям’я ў Беларусі, я сама зараз жыву вельмі блізка да Беларусі, таму пачуцця бяспекі ў мяне няма.

Лявон Марозаў: Ці ўдаецца пры такой колькасці негатыву жыць сваім жыццём і радавацца яму? Бо ў большасці тваіх аднагодкаў няма ў інтарэсах адпраўкі лістоў у турмы, дапамогі арыштаваным і тд. Ці атрымліваецца сумяшчаць такую ​​дзейнасць і паўнавартаснае, напоўненае жыццё?

Дар’я Рублеўская: Я не ведаю, што разумеецца пад класічным “напоўненым і поўнавартасным жыццём”. У мяне была магчымасць абраць “звычайнае і спакойнае, стабільнае”, але мне гэтага падалося мала, недастаткова для чагосьці больш за задавальненне ўласнага эга.

Мне хочацца жыць у лепшым свеце, што ў Беларусі адразу разумецца як нейкая незаконная дзейнасць. А я проста хачу свабодных выбараў, адмены смяротнага пакарання, ювенальнай юстыцыі. Якое без гэтага спакойнае жыццё? Няхай, у кагосьці і атрымліваецца жыць без уцягнення ў гэтую позву. Я разумею іх: пастаянны негатыў, сум і немагчымасць уплываць на змены сапраўды дэматывуе. Мяне таксама дэматывуе, але ў мяне сябры сядзяць у турме, то ці час апускаць рукі? Мяркую, яшчэ паваюем.

Здаецца, што зараз я пражываю цікавую маладосць. Шмат выпрабаванняў, але я заўсёды рабіла і працягваю рабіць тое, што лічу важным, што падабаецца мне самой. Калі б можна было адматаць час назад, то я з радасцю пражыла б усе падзеі яшчэ раз, мне не сорамна за свой выбар. 

Лявон Марозаў: Калі крыху адысці ад палітыкі, наколькі табе камфортна (ці не камфортна) у Еўропе? Калі ўсё ж такі з’явіцца магчымасць вярнуцца дадому пры гэтым рэжыме, ты гатовая пайсці на гэта? Ці пры якіх умовах ты гатова вярнуцца дадому?

Дар’я Рублеўская: Мне падабаецца жыць у Літве. Вільня спакойная і ўраўнаважаная, жыць тут сапраўды прыемна і камфортна, але дома ўсё адно лепей. Часта пра гэта любяць запытвацца мясцовыя таксісты, маўляў, збіраецеся заставацца, раз уж тут харашо? Я ўдзячна Літве іншым краінам, якія адкрываюцца для беларускай эміграцыі, але заставацца ўсё ж хочацца дома. А мой дом у Беларусі.

Зараз я праходжу па некалькіх  крымінальных справах, таму не магу бяспечна вярнуцца ў краіну. То бок фактычна, канешне, мне ніхто не забараняе вярнуцца, але заведзеныя крымінальныя справы і працэсуальны статус вызначае наступнае зняволенне. А быць другой Калеснікавай я дакладна не збіраюся, геройства далёка не мой канёк. Я вярнуся тады, калі гэта можна будзе зрабіць бяспечна і калі стане магчымым займацца праваабаронай у краіне без пераследу. Вяртацца проста дзеля вяртання я не бачу сэнсу, апроч самога па сабе сентыменту вяртання дамоў ёсць яшчэ і ацвярджальнае разуменне прызначэння і важнасці працы, якой у Беларусі з гакам.