Аднаўленне крымінальнай адказнасці за арганізацыю ці ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных арганізацый
Мы, саюз трыццаці двух дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам — Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:
Сёння, 22 студзеня, ўступае ў сілу закон нумар 144-3 ад 4 студзеня, які аднаўляе ў Крымінальным Кодэксе артыкул 193-1 аб адказнасці за арганізацыю або ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных або пазбаўленых рэгістрацыі арганізацый, а таксама дадае частку 7 у артыкул 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, згодна з якой уводзіцца адказнасць за збор сродкаў для кампенсацыі расходаў, абумоўленых прыцягненнем да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.
У адпаведнасці з артыкулам 193-1 арганізатары або ўдзельнікі дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, у адносінах да якіх ёсць рашэнне ўпаўнаважанага дзяржоргана, якое ўступіла ў сілу, аб ліквідацыі або прыпыненні дзейнасці будуць карацца штрафам, арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў. Таксама такое пакаранне прадугледжана за арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю.
Асаблівым парушэннем прававых норм мы лічым выкарыстанне шырокіх фармулёвак, якія даюць магчымасць у рамках дысфункцыянальнай судовай сістэмы прыцягваць да адказнасці шырокае кола асоб. Варта ўзгадаць, што ва ўмовах прававой сістэмы ўзнікаюць выпадкі адмовы ў рэгістрацыі па фармальных прычынах. Прыкладам з’яўляецца спроба рэгістрацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, якому некалькі разоў адмаўлялі ў дзяржрэгістрацыі.
Мы лічым, што гэты закон з’яўляецца чарговым інструментам ціску на грамадзянскую супольнасць Беларусі і спробай дзяржавы спыніць дзейнасць людзей у арганізацыях, якія з’яўляюцца носьбітамі правоў і свабод, тым самым спадзяючыся на дэмаралізацыю і прыгнёт грамадства ў цэлым. Такая пазіцыя дзяржавы адносна грамадскага сектара ў цэлым пацвярджае сумневы ў кампетэнтнасці асоб, якія прымаюць рашэнні. Нагадаем, што грамадскі сектар з’яўляецца адным з ключавых элементаў узаемадзеяння ўрада і народа, асноўным ініцыятарам сацыяльнага прагрэсу. Ва ўмовах нефункцыянальнасці дзяржавы менавіта грамадскі сектар здольны рэагаваць на праблемы і аператыўна іх вырашаць.
У сувязі з гэтым, мы:
- Асуджаем прыняцце закона аб увядзенні крымінальнай адказнасці за араганізацыю або ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных або пазбаўленых рэгістрацыі арганізацый, і лічым яго прамым парушэннем права на свабоду асацыяцый.
- Заклікаем скасаваць змены ў заканадаўства, прынятыя законам 144-3 ад 4 студзеня.
- Заклікаем садзейнічаць правядзенню дыскусій з партнёрамі і ўрадамі на міжнародным узроўнях з мэтай распрацоўкі ідэй па рэфармаванні заканадаўчай структуры для забеспячэння абароны прасторы для працы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
- Заклікаем нашы сяброўскія арганізацыі дзяліцца адзін з адным перадавымі практыкамі падтрымкі арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія сутыкаюцца ў Беларусі з абмежавальнымі ўмовамі.
- Заклікаем дэмакратычныя ўрады і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, міжнародныя фінансавыя ўстановы і адпаведныя шматбаковыя і рэгіянальныя арганізацыі, падтрымаць НДА Беларусі і заахвоціць урад Беларусі да захавання нормаў міжнароднага права неабходнымі метадамі.