Альтэрнатыўны даклад аб правах моладзі ў Беларусі

Альтэрнатыўны даклад аб правах моладзі ў Беларусі

БНМС “РАДА” накіраваў альтэрнатыўны даклад аб правах моладзі ў Беларусі ў Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Мы назіраем працяглую дыскрымінацыю моладзі ў Беларусі. Падвышаючы дасведчанасць аб гэтых пытаннях, мы хацелі б падкрэсліць важнасць садзейнічання актыўнаму ўдзелу моладзі ў дэмакратычным жыцці, уцягванні структураваных моладзевых арганізацый у інклюзіўныя працэсы ўдзелу, а таксама развіцця супрацоўніцтва паміж арганізацыямі.

Прававая сітуацыя ў Беларусі радыкальна пагоршылася пасля выбараў у жніўні 2020 года. Больш за 400 няўрадавых арганізацый былі ліквідаваны. Многія з іх працавалі ў галінах, звязаных з эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі.

Для многіх прадстаўнікоў і прадстаўніц гэтай сферы гэта азначае канец іх працы, паколькі за дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі прадугледжана крымінальная адказнасць.

Па стане на 12.11.2021 было зафіксавана 492 выпадкі затрымання студэнтаў і студэнтак Міністэрствам унутраных спраў і 529 выпадкаў ціску з боку адміністрацый ВНУ (296 з якіх скончыліся адлічэннем). Гэта сведчыць пра беспрэцэдэнтны наступ не толькі на сацыяльныя і культурныя правы моладзі ў Беларусі, але і пра немагчымасць для ўсіх маладых беларусаў і беларусак мець права на адукацыю.

Аналіз дадзеных, распрацаваных беларускім праваабарончым цэнтрам “Вясна”, паказвае, што больш за 439 палітвязняў маюць дату нараджэння пасля 01.01.1986 г., гэта значыць з’яўляюцца маладымі людзьмі. Гэта відавочнае і беспрэцэдэнтнае парушэнне правоў маладых людзей у Беларусі.

Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” у 2020 годзе прадставіў Універсальны перыядычны агляд па правах маладых беларусаў і беларусак у Савет па правах чалавека ААН. Мы па-ранейшаму лічым, што правы моладзі ў Беларусі застаюцца пад пагрозай і працягваюць парушацца.

Альтэрнатыўны даклад аб правах моладзі ў Беларусі ў Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах


Даклад будзе разгледжаны на 71-й сесіі Камітэта па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, якая пройдзе з 14 лютага па 4 сакавіка 2022 года. Трансляцыя пасяджэння Камітэта будзе дасяжная тут.