У Беларусі выканалі чарговы смяротны прысуд
Праваабаронцы кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі атрымалі дакументальнае пацверджанне прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду ў адносінах Віктара Паўлава.
Судзячы па дакументах, прысуд быў прыведзены ў выкананне 13 траўня 2021 года. У пасведчанні аб смерці, выпісаным на імя Віктара Паўлава, месца смерці пазначана як горад Мінск, графа аб прычынах смерці – пустая.
У чэрвені 2021 года, родная сястра Паўлава распавяла праваабаронцам, што ад Віктара паўтары месяцы не было лістоў. Калі жанчына сабралася ехаць да брата на спатканне, яна як звычайна патэлефанавала начальніку СІЗА і паспрабавала дамовіцца на канкрэтную дату і час. Раней гэта было звычайнай працэдурай, улічваючы што яна з Віцебску.
Але гэтым разам у СІЗА ёй адмовілі ў прызначэнні спаткання, а таксама не паведамілі інфармацыі пра стан брата. У сувязі з гэтым па просьбе сястры Віктара ў СІЗА пайшла адвакатка, якой паведамілі, што Віктара Паўлава там няма.
Ужо тады сястра Паўлава меркавала, што ўсе гэтыя факты сведчаць аб тым, што яе брата расстралялі. Хоць афіцыйных дакументаў аб прывядзенні ў выканне прысуду сям’я Віктара на той момант не атрымлівала.
Праваабаронца Павел Левінаў, які рыхтаваў зварот ад імя Віктара Паўлава ў Камітэт ААН па правах чалавека так пракаментаваў сітуацыю:
Сястра Віктара Паўлава атрымала дакументы аб выкананні прысуду ў ліспадзе 2021 года. Увесь гэты час (ад красавіка 2021 года), як прыпынілася з ім ліставанне, доўгія месяцы, нягледзячы на шматлікія запыты і просьбы, улады хавалі факт расстрэлу Віктара Паўлава, узмацняючы пакуты яго сваякоў. Больш за тое, смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне нягледзячы на тое, што яго справа па-ранейшаму знаходзіцца на разглядзе Камітэта ААН па Правах чалавека.
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда:
Гэта сістэмны выпадак, калі лёс прыгаворанага да смяротнага прысуду невядомы доўгі час. Як ужо сталася сістэмай і ігнараванне ўладай міжнародных абавязальніцтваў, расстрэл нягледзячы на разгляд справаў у Камітэце ААН па правах чалавека.
Акрамя гэтага Палуда адзначыў, што на дадзены момант праваабаронцам невядомы лёс яшчэ двух чалавек асуджаных да смяротнага пакарання: Віктара Скрундзіка і Віктара Сергеля.
Крыніца: Смяротнае пакаранне ў Беларусі