Падтрымай зняволеных праваабаронцаў у дзень 26-годдзя “Вясны”

Падтрымай зняволеных праваабаронцаў у дзень 26-годдзя “Вясны”

26 красавіка Праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае сваё 26-годдзе. Менавіта ў гэты дзень пасля сілавога разгону Чарнобыльскага Шляху ў 1996 годзе неабыякавыя актывісты аб’ядналіся, каб дамагаць затрыманым і іх сем’ям.

З той пары “Вясна” стала адной з вядучых праваабарончых арганізацый у Беларусі, дзейнасць якой была накіраваная на дапамогу пацярпелым ад уладаў і абарону правоў чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўні. За гэтыя 26 год “Вясна” вырасла колькасна і якасна і працягвае адстойваць правы беларусаў, нягледзячы на жорскія рэпрэсіі і ціск з боку рэжыму.

За сваю мірную і выключна праваабарончую дзейнасць цяпер за кратамі знаходзіцца сем сябраў арганізацыі: старшыня Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік Гомельскага аддзялення Леанід Судаленка, валанцёры Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

Шмат год яны былі першымі, хто аказваў юрыдычную дапамогу і інфармацыйную падтрымку простым грамадзянам, і менавіта за гэта самі апынуліся ў зняволенні.

Больш за тое, менавіта напярэданні ўгодкаў “Вясны” ў Мінскім гарадскім судзе распачнецца разгляд крымінальнай справы супраць Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, якія знаходзяцца за кратамі 19 месяцаў. Марфу вінавацяць адразу па 10 артыкулах крымінальнага кодэкса, ён пагражае да 20 год зняволенне. 

“Да той пары, пакуль апошні вясновец будзе на свабодзе, мы будзем працягваць сваю працу”, – казаў Алесь Бяляцкі.

Павіншуйце вясноўцаў з 26-годдзем арганізацыі праз лісты салідарнасці, віртуальную дошку, а таксама распавядзіце пра іх ці вашу гісторыю, звязаную з “Вясной”, у сацсетках з хэштэгам #FreeViasna.