Кароткі гайд аб тым, што і як пісаць маладым палітвязням за краты

Кароткі гайд аб тым, што і як пісаць маладым палітвязням за краты

21 траўня – Дзень палітвязня ў Беларусі, якіх цяпер налічваецца больш за 1200* чалавек. Сярод гэтай агромістай колькасці не меньш за 773 чалавек – маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 35 год. Мы заклікаем падтрымліваць іх грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі салідарнасці.

Разам з ініцыятывай “Майстэрня паштовак салідарнасці” распрацавалі некалькі важных тэхнічных і сэнсоўных парадаў.

Як пісаць? Блок з тэхнічнай інфармацыяй па адпраўцы карэспандэнцыі салідарнасці за краты

Каб даслаць ліст з пошты, спатрэбіцца аркуш паперы, канверт і паштовая марка.

Канверт можа быць адразу з прадрукаванай паштовай маркай, а можа быць простым, на які варта будзе наклеіць марку з літарай “А” для простага адпраўлення ці з літарай “К” для адпраўлення 1-ым класам.

Такая ж інструкцыя і датычна паштовак: марку можна альбо наклеіць адразу на паштоўку, альбо пакласці ў канверт з маркай і даслаць з бліжэйшага аддзялення пошты / паштовай скрыні.

Мы раім укладаць дадаткова канверт для магчымасці адказу на ваш ліст, а таксама чыстую паштоўку альбо аркуш паперы. Можна ўкладаць таксама налепкі, паштовыя маркі і раздрукаваныя размалёўку, аднак памятайце, што максімальная колькасць укладанняў у канверт – 2.

Важна таксама карэктна падпісаць канверт, абавязкова па правілах “Белпошты”. Гэта паскорыць працэс сартыроўкі супрацоўнікамі_цамі пошты і выкрэсліць магчымасць траплення вашага адпраўлення ў сметнік аддзялення Белпошты.

Што пісаць? Ідэі і парады для вестачак салідарнасці маладым зняволеным

Варта разумець, што ліст маладым палітвязням не мусіць адрознівацца ад вашага звычайнага, стандартнага стыля камунікацыі з людзьмі. То бок важна прытрымлівацца як мінімум правілаў камунікацыйнага этыкету: павітацца напачатку, распытаць як вас завуць і чалавек маецца, сачыць за “дыялогавацю” вашай вестачкі і развітацца напрыканцы. 

Мы раім таксама прастаўляць дату і нумар на кожным адпраўленні. Дата дапаможа вязню зразумець, колькі да яго ці яе фактычна ідуць лісты і паштоўкі, а нумар дазволіць не згубіцца ў адпраўляемых вестачках і адсачыць, колькі адпраўленняў у гэтым віры было згублена.

Пісаць можна на беларускай альбо рускай мовах, пазбягаючы абрэвіятур і патэнцыйна небяспечных тэм (палітычныя лозунгі і заклікі, геапалітычныя навіны, узгадкі пра правапарушэнні ці злачынствы).

Што напісаць:

  • Пра ваш акадэмічны досвед. Многія зняволеныя пазбавіліся магчымасці паступіць ва ўніверсітэт альбо працягнуць вучобу, таму задумваюцца пра тое, як і дзе працягваць свой акадэмічны шлях пасля вызвалення. Распавядзіце пра месца, дзе вы навучаецеся ці навучаліся, чаму яно (не) крутое і якія месцы вучобы вас асабіста вабяць, цікавяць, натхняюць.
  • Пра навінкі фільмаў, серыялаў, музычных твораў. Да зняволення моладзь была моладдзю: слухала падборкі Споціфая і сачыла за навінкамі Нэтфлікса. Зняволенне стварае ізаляцыю ад хуткацечнага свету, аднак вы сваімі лістамі можаце падтрымліваць іх у курсе ўсіх справаў! Распавядайце пра навінкі фільмаў / серыялаў і вашыя ўражанні ад іх (абавязкова, але без спойлераў!), пра новыя альбомы Адэль і Макса Каржа, а таксама вынікі Оскара ці Грэмі. Гэта дакладна парадуе атрымальнікаў_ц вестачак!
  • Радкі, вытрымкі з трэкаў папулярных выканаўцаў. Часта вязні ладзяць чытанні вершаў у камеры альбо спеўныя вечарынкі (так-так), таму словы любімых знаёмых спеваў (Макс Корж, NAVIBAND, Nizkiz і інш.) могуць стаць добрай запамогай для спеўнікаў.
  • Мемы. Друкаваць, маляваць, распавядаць трэнды – гэта заўсёды файная ідэя. 
  • Гісторыі з маладосці, студэнцкага жыцця. У затачэнні не хапае чалавечых уражанняў, эмоцый і перажыванняў. Распавядзіце гісторыю, смешную ці крынжовую, па-добраму сумную ці ўражваючую – гэта ўздыме настрой, магчыма, не толькі атрымальніку_цы ліста, але і ўсёй камеры!
  • Топы. Складайце ўласныя топы вашых месцаў для вандровак, краін, музеяў у гарадах і нават дакументальных серыялаў на ВВС, абгрунтоўвайце выбар і заахвочвайце вязня прыдумляць свае. Гэта разнастаіць вашу перапіску.

Галоўнае пісаць тое, што адгукаецца, што хочацца распавесці. Шчырасць у вестачках – гэта галоўнае.

Пішыце, распавядайце пра ваш досвед і заставайцеся салідарнымі нягледзячы ні на што!


* на 19 траўня 2022 г.