Як уплывае на Беларусь ад’езд абітурыентаў_ак у замежныя ВНУ

Як уплывае на Беларусь ад’езд абітурыентаў_ак у замежныя ВНУ

Цяжка падлічыць, колькі беларускіх студэнтаў і студэнтак навучаецца ў замежных ВНУ. Але нават маючы кропкавыя даныя, можна адсачыць пэўную тэндэнцыю ад’езду будучых маладых спецыялістаў і спецыялістак. “Беларусь.Экспертыза” прыводзіць некаторыя з іх.

Беларускія абітурыенты і абітурыенткі ў замежных ВНУ

Набор у ЕГУ ў 2022 годзе павялічыўся практычна ў два разы. Такія звесткі ў інтэрв’ю “Беларусь. Экспертыза” прывяла кіраўніца аддзела камунікацыі і развіцця і службы па справах студэнтаў і студэнтак Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Анастасія Радзівонава.

У гэтай прыёмнай кампаніі да залічэння было рэкамендавана 677 абітурыентаў і абітурыентак, калі ў 2021 годзе колькасць тых, хто паступіў, была роўная 281 чалавеку. Каля 85% тых, хто паступіў, — беларусы і беларускі.

Абітурыенты_кі, якія паступілі ў ЕГУ

Экспертка BEROC Анастасія Лузгіна прапануе зірнуць на дадзеныя па Польшчы. Напрыклад, яшчэ ў 2012 годзе ў польскія ВНУ паступіла каля 2,3 тысячы беларусаў і беларусак, а ўжо ў 2021 годзе гэты паказчык перавысіў 11 тысяч.

Беларусы_кі, якія паступілі ў ВНУ Польшчы

Важны момант — у 2012 годзе з беларускіх школ выпусціліся амаль 69 тысяч чалавек. А ў 2021 і 2022 гадах колькасць выпускнікоў і выпускніц склала прыкладна 53 тысячы за год. Гэта значыць, колькасць выпускнікоў і выпускніц школ скарачаецца ў сувязі з дэмаграфічнымі праблемамі, а колькасць людзей, якія з’язджаюць вучыцца за мяжу, расце.

Але беларусы і беларускі едуць вучыцца не толькі ў заходнія ўніверсітэты.

Педагог Яўген Лівянт гаворыць аб тым, што за апошнія гады радыкальна павялічыўся ад’езд беларускіх абітурыентаў і абітурыентак у Расію. Ён лічыць, што такая дынаміка звязана з тым, што ў лютым 2021 года Расія прыраўняла вынікі ЦТ да вынікаў АДЭ, а таксама тое, што цяпер беларусы і беларускі могуць падаваць дакументы ў расійскія ВНУ анлайн.

Анастасія Лузгіна сцвярджае, што мы можам меркаваць аб сітуацыі толькі па кропкавых звестках. Бо студэнты і студэнткі з’язджаюць не толькі ў пералічаныя вышэй краіны. Яны едуць таксама ў Чэхію, Нямеччыну, ЗША ды іншыя краіны. Але нават тыя ўрыўкавыя звесткі, якія мы маем, паказваюць: усё больш маладых людзей выбіраюць замежныя ВНУ.

Праблемы са студэнтамі і студэнткамі ў краіне

“Пра тое, што ўзнікаюць праблемы са студэнтамі ўнутры краіны, гаворыць мінулы год, калі быў недабор студэнтаў. А сёлета загадзя вырашылі скараціць план па наборы. У параўнанні з мінулым годам колькасць месцаў была скарочана больш за на тысячу. Пры гэтым па выніках уступнай кампаніі заставаліся вакантныя бюджэтныя месцы. Было абвешчана працяг набору на некалькі дзён. У выніку ўсё роўна прыкладна на 80 бюджэтных месцаў не знайшлося ахвочых. Па сённяшніх звестках, у беларускія ВНУ паступіла 48 тысяч чалавек, але яшчэ будзе набор завочнікаў на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Таму дакладнай карціны пакуль няма”, — кажа Анастасія Лузгіна.

Таксама, паводле яе слоў, у Беларусі павялічваецца колькасць бюджэтнікаў і бюджэтніц, якія ўключаюць у сябе “мэтавікоў”. Гэта значыць тых людзей, якія будуць патрэбны канкрэтнай галіне і павінны будуць адпрацоўваць кошт навучання на канкрэтным прадпрыемстве на працягу 5 гадоў.

“Рост гэтых “мэтавікоў” — не заўсёды добра, бо людзі звычайна паступаюць туды па ніжэйшым прахадным бале, і, адпаведна, з менш глыбокімі ведамі і недастатковай матывацыяй. Калі б у ВНУ быў высокі конкурс, то туды паступалі б людзі высока матываваныя. А зараз для залічэння на некаторыя спецыяльнасці нават на бюджэт можна паступіць з 10 баламі па рускай ці беларускай мове. У той жа час высока матываваныя абітурыенты звычайна з’яўляюцца найбольш адукаванымі. І менавіта яны часта з’язджаюць за мяжу”, – тлумачыць экспертка.

Чаму ад’езд беларускіх абітурыентаў і абітурыентак — гэта дрэнна?

Паводле слоў Анастасія Лузгінай, у перспектыве для Беларусі ад’езд маладых людзей азначае тармажэнне не толькі эканамічнага, але і сацыяльнага развіцця краіны.

“З аднаго боку, калі мы гаворым пра студэнтаў, то з’язджаюць таленавітыя людзі, якія маглі б стаць высакакласнымі беларускімі спецыялістамі і актывізаваць развіццё краіны. З іншага боку, трэба разумець, што яшчэ ёсць сацыяльныя і дэмаграфічныя аспэкты. Студэнты — гэта маладыя людзі, адпаведна, яны будуць ствараць свае сем’і. А ва ўмовах старэючай нацыі, калі ў Беларусі нізкая нараджальнасць, адток маладых людзей адаб’ецца на нагрузцы на ФСАН з-за сацыяльных выдаткаў, будзе расці доля ўзроставага насельніцтва, а моладзь працягне рэлацыравацца”, — распавяла экспертка.

Крыніца “Беларусь. Экспертыза”