БРСМ: Учора. Сёння. Заўтра?

БРСМ: Учора. Сёння. Заўтра?

На мінулым тыдні БРСМ адзначыў сваё 20-годдзе. Па словах Вадзіма Гігіна, БРСМ – гэта адна вялікая сям’я. “БРСМ – гэта адна з асноў беларускага грамадства, як правільна сказаў наш Прэзідэнт. Чаму часта нашы апаненты, а то і праціўнікі столькі стрэл абвальваюць на БРСМ? Таму што яны разумеюць, што БРСМ – гэта ў тым ліку і сіла беларускага грамадства. БРСМ багаты вялікай колькасцю мерапрыемстваў, акцый, праектаў, але самае галоўнае – гэта людзі. Сёння тут сабраліся тыя, хто сышоў з арганізацыі па ўзросце ці па нейкіх іншых прычынах, пайшоў на іншую працу шмат гадоў таму, але яны ў душы застаюцца бээрэсэмаўцамі. Гэта самае галоўнае, што мы захоўваем дух адзінства. І калі ён убіраецца, выхоўваецца з маладосці, з юнацкіх гадоў, гэта вельмі важна”.

Сяброўкі Савета “РАДА” ўзгадалі, якім быў іх досвед узаемадзеяння з БРСМ, і, здаецца, мы знайшлі адказы на пытанне, чаму на БРСМ “абвальваецца столькі стрэл”.

Станіслава Цярэнцьева

У школе (спачатку сярэдняй, а потым у гімназіі) патрабавалі ўступаць спачатку ў піянеры, а потым у БРСМ. Я не ўступала ў піянеры – сказала, што ўжо скаўтка. Калі ўсім, хто ўступіў, уручалі значкі, мяне і яшчэ адну вучаніцу хавалі ззаду і саромілі.

Пазней у БРСМ прапаноўвалі ўступіць, абяцалі “плюшкі” пры паступленні, нават прапаноўвалі рэкамендацыю для ўступлення напісаць. Тых, хто не ўступіў, было вельмі мала чалавек.

Моладзевы саюз паважае моладзь і ўлічвае яе інтарэсы.

Марго Ворыхава

У школе ўсе старэйшыя класы збіраліся на перапынку каля актавай залы і выслухоўвалі лекцыю ад супрацоўніцы па выхаваўчай працы з вельмі грубымі выразамі пра ўсе мінусы спробы выхаду з БРСМ.

Нам абяцалі дрэнныя адзнакі на выпускных іспытах, немагчымасць знайсці працу, далейшае дрэннае стаўленне ва ўніверсітэце, адсутнасць сацыяльных гарантый (што б гэта не значыла).

Ва ўніверсітэце аргументацыя змянілася на прэсінг у дачыненні да людзей, адказных за сяброўства навучэнцаў у арганізацыі: пазбаўленне стыпендыі студэнта_кі, якія адказныя за збор унёскаў, традыцыйныя пагрозы аб праблемах са здачай сесіі, аб дрэнных адносінах з боку адміністрацыі, праблемах з працаўладкаваннем.

Не ўступіць у БРСМ не атрымалася. Была ў БРСМ да моманту прыняцця рашэння аб адлічэнні з універсітэта.

Але насамрэч, у школьныя гады факт уступлення не здаваўся такой дрэннай ідэяй. Наколькі я памятаю, нас аўтаматычна ўнеслі ў спісы і аб’явілі аб нашым сяброўстве постфактум. Увесь негатыў ад адміністрацый пачынаецца, як толькі пачынаеш задаваць пытанні, на якія ніхто не хоча адказваць.

БРСМ прымушае людзей, якія працуюць у адукацыі і спрабуюць рабіць сваю працу ў без таго ў рэпрэсіўнай сістэме, паддавацца на пагрозы аб звальненні ці пазбаўленні прэміі і ісці на прасоўванне каштоўнасцяў, якія ніхто не можа растлумачыць.

Моладзевы саюз паважае моладзь і ўлічвае яе інтарэсы.

Моладзевы саюз прадстаўлены моладдзю, якая актыўна ўдзельнічае ў грамадзянскім жыцці не дзеля фінансавай выгады, а дзеля развіцця сацыяльных структур.

Моладзевы саюз – гэта дэмакратычнае аб’яднанне, у якім ва ўсіх ёсць роўныя правы.

Сяброўка Савета “РАДА”

Летам ВНУ прапанаваў студэнтам_кам папрацаваць у будатрадзе. Я была адна з жадаючых.
Гэта супала з перыядам, калі я падала заяву на выхад з БРСМ. Я не памятаю, як уступала туды, быццам з’явілася там аўтаматычна. 

Прыкладна ў гэты ж перыяд такую ж заяву напісала мая сяброўка. Пасля нас чакаў ледзьве не допыт –  навошта і чаму мы хочам выйсці. Па выніку нам сказалі, што з БРСМ можа выйсці толькі адна з нас. А калі разам – то я пазбаўляюся магчымасці працаваць у будатрадзе.

Сяброўства ў БРСМ альбо атэстат

Марына Нікіфарэнка

Не скажу дакладна, у якім класе гэта пачалося, але дакладна яшчэ ў тым узросце, калі я паняцця не мела, што такое моладзевыя арганізацыі. Наша класная кіраўніца расказвала нам пра тое, як класна быць у БРСМ, якія там скідкі на каруселі. Увогуле, спачатку проста агітавалі. Я не захацела ўступаць, таму што было абсалютна не зразумела, чым арганізацыя займаецца і ў чым сэнс уступлення, акрамя платы за сяброўства і “бенефітаў”?

Далей лепш. Аднойчы першага верасня, калі мы зайшлі ў клас, на партах ляжалі формы для ўступлення ў БРСМ, якія мы “павінны” былі запоўніць. Тады ўступленне ўжо стала “добраахвотна-прымусовым”. Я і яшчэ адзін хлопец сталі задаваць пытанні, маўляў, як гэта можа быць прымусова, на што выразнага адказу не было. Я здала пусты фармуляр і не ўступіла. Потым амаль кожную класную гадзіну настаўніца нагадвала пра тое, што “трэба ўступіць у БРСМ” і што я “псую статыстыку” класа. Былі і касыя погляды і каментары аднакласнікаў і аднакласніц.

Пасля выбараў 2010 года мне ўжо стала зразумела, што такое БРСМ, і я была рада, што не ўступіла і, натуральна, не збіралася ўступаць. У 11 класе за пару месяцаў да іспытаў класная кіраўніца сказала, што без сяброўства ў БРСМ нам не дадуць атэстат. Спойлер, атэстат я атрымала.

Ва ўніверсітэце таксама час ад часу запытвалі пра сяброўства ў БРСМ і “прапанавалі” ўступаць. Перад выбарамі 2015 года я была на асабістай гутарцы ў адказнай па ідэалагічнай працы, якая мне сказала, што без уступлення ў БРСМ мне не дадуць дыплом. Ішла размова яшчэ аб тым, што калі я “няправільна” прагаласую, то мяне пазбавяць скідкі на навучанне (якую я атрымала, выканаўшы ўсе нарматывы), але гэта іншая гісторыя. Уступаць у БРСМ я не збіралася. Перад выпускам у 2017 годзе аб “нявыдачы” дыпломаў згадвалася зноў. Але дыплом мне выдалі і без сяброўства ў БРСМ.

Усё добраахвотна?

Любоў Ланіна

Мая гісторыя пра тое, як я спрабавала выйсці з БРСМ у 2020 годзе на апошнім курсе БДУ.

Уся група ўступала ў БРСМ прымусова на першым курсе. Нам проста паклалі анкеты для запаўнення, а потым прадстаўніца БРСМ прайшлася і сабрала іх.

Спрабавала выйсці ў 2020 годзе. Прадстаўніца БРСМ, якой мы з Ксюшай Сырамалот прынеслі нашы заявы на выхад, дваццаць хвілін вяла размову з намі. Яна доўга і настойліва даведвалася, чаму мы хочам гэта зрабіць. Прымушала назваць прычыну выхаду. Казала, што мы гэта робім, бо так зараз модна. Сцвярджала, што БРСМ дапамагае студэнтам_кам і мы можам карыстацца іх “бонусамі”.

У выніку заяву прыняла. Але ўспамін, што на нас крычалі за жаданне выйсці з добраахвотнай арганізацыі, застаўся.