Як распавесці гісторыю – вучымся рабіць сторытэлінг

Як распавесці гісторыю – вучымся рабіць сторытэлінг

Сторытэлінг – гэта інструмент, які дазваляе ўздзейнічаць на эмоцыі людзей. Любая гісторыя, падзея, здарэнне, якое вы падаеце так, каб вашай аўдыторыі было цікава, каб гэтая гісторыя ўздзейнічала на чытачоў_ак, слухачоў_ак, гледачоў_ак.

У традыцыйнай літаратуры і інтэрнэт-прасторы любая гісторыя будуецца па пэўных законах: жанравых і псіхалагічных. Акрамя таго, практычна любая гісторыя ахоплівае псіхалагічны складнік, то бок яна накіраваная на тое, каб выклікаць эмоцыі, што і з’ўляецца галоўнай мэтай сторытэлінгу. Калі людзі адчуваюць эмоцыі, яны пойдуць туды, куды вы іх накіруеце. 

Пачнем з падачы двух серый адных і тых жа фактаў. Першая серыя – гэта проста факты, а другая – сторытэлінг.

Першая гучыць так: дзве нагі сядзелі на трох нагах, елі адну нагу. Прыйшлі чатыры нагі, скралі адну нагу ў дзвюхног. Дзве нагі пабілі чатыры нагі трыма нагамі і вярнулі сабе адну нагу. Немагчыма запомніць. Вы не ўзгадаеце, хто там, што там, дзе і колькі ног.

А цяпер мы зробім сторытэлінг. Хлопчык (2 нагі) сядзеў на зэдліку (3 нагі), еў ножку кураняці (1 нага). Прыйшоў сабака (4 нагі), скраў ножку (1 нага). Хлопчык (2 нагі) пабіў сабаку (4 нагі) зэдлікам (3 нагі) і вярнуў сабе ножку (1 нага). Калі адвярнуцца ад выявы і прыгадаць гэтую гісторыю, можна па парадку ўзнавіць, дзе якая колькасць ног была. Гэта падцверджанне таго, чаму сторытэлінг неабходны і навошта сухія факты замяняць на цікавую гісторыю.

4 галоўныя прынцыпы сторытэлінгу

1. Неабходна дакладна ўсведамляць мэту, з якой вы распавядаеце гісторыю. Распавядаючы гісторыю, вы павінны хаця б прыкладна разумець, чым яна скончыцца.

2. Неабходна выклікаць у аўдыторыі канкрэтную эмоцыю. Безэмацыйны сторытэлінг не працуе. Таму старайцеся распавядаць гісторыю з жыцця.

Увогуле лепш за ўсё спрацоўвае праўдзівы аповед. Не намагайцеся выдумляць сферычнага каня ў вакууме. Лепш распавядаць пра вас і вашае наваколле. Будзьце шчырымі з аўдыторыяй. Калі вы радуецеся альбо злуецеся, то распавядзіце, чаму вы так сябе адчуваеце. Вельмі важна перадаваць не толькі тое, што адбываецца, – як гэта было з фудпорна ў інстаграме 10-х гадоў, без аніякага каментара альбо эмацыйнага мэсэджу – але і даваць тлумачэнні і свае каментары.

3. Ваш сторытэлінг павінен адначасова завабліваць, быць цікавым і збліжаць аўдыторыю з вамі. Задавальненне і цікаўнасць – базавыя эмоцыі чалавека. Але вы не абавязаныя быць клоўнам. Цяпер павестка не пазітыўная, але яна знойдзе водгук і спачуванне ў людзей, бо яны таксама не адчуваюць шмат пазітыву.

4. Акрамя таго, гісторыя павінна быць да месца, то бок быць рэлевантнай патрэбам аўдыторыі ў бягучы момант. Гэтая тэза выведзеная з маркетынгу, згодна з якой мы павінны чытаць, што пішуць нам кліенты_кі, які ў іх боль, запыты. Гэта працуе як у камерцыйных, гэтак і ў асабістых блогах. Сусветны настрой павінен адлюстроўвацца і ў вас. 

Гэтыя 4 прынцыпы сторытэлінгу можна прымяняць як у асабістых, так і ў камерцыйных блогах. Напрыклад, возьмем прэзентацыю сябе як персоны. Можна пералічыць пра сябе набор сухіх фактаў, а можна распавесці такую гісторыю, якую чалавек ніколі не забудзе.

Напрыклад, вы распавядаеце пра свой адукацыйны курс, які ён класны, паказваеце тэзісы, спіс экспертаў_ак. Пры гэтым людзі не ідуць да вас, не адчуваюць дастатковага даверу да вас. Пачынаюцца пытанні накшталт: «А чаму курс бясплатны?» альбо «Чаму так дорага?». Вы распавядаеце гісторыю пра класную дзяўчыну Машу, якая хацела вучыцца на СММ, але ў яе не было грошай на курс. Вы паглядзелі на гэтую дзяўчыну, на сябе і вырашылі стварыць курс па СММ. А курс стаў бясплатны, бо гэта першыя запускі. Вось такая гісторыя выклікае давер. А калі будзе яшчэ больш падрабязнасцяў, то і даверу да вашага прадукту будзе больш.

Віды сторытэлінгу

1. Прагрэў пакупкі

Напрыклад, перад тым, як запусціць адукацыйны курс ці абвесціць трэнінг, можна распавесці пра тое, як такая ідэя ўзнікла, як вы прыйшлі да гэтага (у гэтай гісторыі можна падкрэсліць вашу экспертнасць), каму гэту курс ці трэнінг будзе карысны, умовы і г.д.

2. Прыцягненне ўвагі

Увагу людзей можа прыцягнуць недарасказаная гісторыя, якая часова спыняецца на кульмінацыі. Гэта запамінаецца. На наступны дзень чалавек палезе гартаць сторыз, каб даведацца пра развязку гісторыі. Такі від сторытэлінгу вельмі падвышае ахопы.

3. Завабліванне

Гэта калі вас просяць быць датычнымі да таго, што адбываецца ў гісторыях. Дзяўчына прапануе віртуальную вандроўку па заапарку і пытаецца ў сторыз, ці будзе вам цікава паназіраць за такой атракцыяй, ці будзеце вы яе чакаць. Тады ў гледача_чкі ствараецца ўражанне, быццам ён_яна уплывае на дзеянні блогера_кі.

4. Аповед пра свой шлях

З дапамогай сторытэлінгу зручна паказваць пра пачатак, кропку А, ад якой вы адштурхнуліся, да кропкі Б, у якую вы прыйшлі. Асабліва ўражвае, калі вы ў сваёй справе эксперт_ка і можаце прадэманстраваць свой шлях цалкам. 

5. Заахвочванне на дыскусію

Людзі любяць раіць і спрачацца.

Інструменты сторытэлінгу

Сторытэлінг можа быць не толькі ў фармаце сторыз. Гэта могуць быць і пасты, і рылзы.

Калі вы публікуеце сторытэлінг у пастах, старайцеся скарачаць, пакідаць сутнасць, але не страчваць асноўную думку аповеду. Пасты, пададзеныя як цікавая гісторыя, а не клубок пачуццяў, чытаюцца і каментуюцца нашмат лепш.

Для сторытэлінгу ў інстаграме важна:

1. Добры візуал.

2. Невялікі аб’ём тэксту. Калі гэта пост, то павінен быць лід, які чапляе. Што такое лід? Гэта самые першыя некалькі радкоў, якія бачныя перад плашкай «Паказаць болей…». Добрыя загалоўкі важныя паўсюль, асабліва пры наладах рэкламы.

3. Карткі ў сторыз. Раздзяліце тэкст на некалькі сторыз і дадайце некалькі фатаздымкаў, якія будуць іх суправаджаць. Напрыклад, вось так можна распавесці пра анонсы магчымасцей – з завязкай, развіццём думкі і заканчэннем.

Калі вы прывучыце сябе кожны дзень  выкладаць сторыз, з часам вы засвоіце выкладанне безперапыннага сторытэлінгу, у якім апісваеце, што з вамі адбываецца. Нават калі адбываюцца дробныя падзеі, за дзень можна весці некалькі сюжэтных ліній, якія людзі будуць убіраць у сябе, запамінаць. І такім чынам давер да вас будзе павышацца.

У паспяховага сторытэлінгу ёсць істотны складнік: чытач_ка павінен нешта адчуць – эмоцыі тут першасныя, у прыярытэце.


Стварэнне сторытэлінгу вельмі падобна на стварэнне любога мастацкага твору. У сторытэлінгу заўсёды ёсць сюжэт, які складаецца з некалькіх частак:

  • персанаж, ягоны характар, наваколле;
  • мэта і матывацыя героя_іні. Перашкоды, якія паўстаюць на шляху героя_іні да мэты;
  • інтрыга;
  • учынкі героя_іні, дзеянні ў напрамку да мэты;
  • развіццё гісторыі;
  • вынік або мараль.

Без персанажу складана рабіць сторытэлінг. Такая гісторыя не будзе цікавай. Напрыклад, расповеды пра жывёл усё ж менш ахвотна слухаюць, чым казкі пра прынцаў і прынцэс. Людзі любяць слухаць гісторыі пра людзей. Без мэты лепш не распавядаць гісторыі. Гэтак жа працуе і ў жыцці. Мэтай можа быць пашырэнне ахопу ці заахвочванне старой аўдыторыі, атрыманне рэакцыяў, продаж, пошук думкі, валанцёраў і валанцёрак.

Напрыклад, блогерка Аляксандра Мітрошына. Яна запытала ў аўдыторыі, наколькі паспяховым ці правальным быў яе новы праект. І пазней яна распавяла, што атрымалася ўсё добра. На такую рэакцыю яна і разлічвала. Другі прыклад – заахвочванне да дыялогу. Яна распавядае пра тое, што сама адчувае. Пакуль вы самі нешта не скажаце, мажліва, для іншых людзей гэта не будзе відавочным.

Персанаж і абставіны

Гісторыя заахвочвае, калі чытач_ка разумее характар героя_іні, наваколле і абставіны жыцця. Такі кантэкст можа зацікавіць. Таму блогеры_кі час ад часу пішуць пост знаёмстваў, бо да іх прыходзяць новыя людзі, якія іх не ведаюць. Варта памятаць, што да нас прыходзяць новыя людзі, для якіх гартаць 300 пастоў уніз нязручна, каб адшукаць той самы пост-самапрэзентацыю.

www.instagram.com/nasta.bazar

Мэта і матывацыя

Мэта і матывацыя – моцныя трыгеры, у якіх чытач_ка можа пазнаць сябе. Яны могуць быць рознымі:

1) доўгатэрміновыя: чалавек марыць набыць сабе машыну, аб’ехаць свет. Гэта вялікая мэта, якая ідзе праз усё ваша ўзаемадзеянне з аўдыторыяй.

2) кароткатэрміновыя: скончыць навучанне, з’ездзіць у госці, зрабіць падарунак. Пра гэта можна распавесці з дапамогай 2-3 сторыз, кожны дзень.

3) складаныя: пабудаваць дом уласнымі рукамі, стаць экспертам_кай.

Людзям цікава глядзець за тым, як людзі дасягаюць нейкіх вышыняў, вялікіх ці малых.

Перашкоды

Перашкоды бываюць знешнія і ўнутраныя. Напрыклад, Аляксандра Мітрошына, якой заміналі DDOS-атакі праводзіць мерапрыемства. Яна распавядала пра тое, як ёй было страшна, і як яна пераадолела гэта. Абавязкова распавядайце пра свае няўдачы. Ува ўсіх штосьці часам не атрымліваецца. Прадстаўляйце гэта як перашкоду на вашым шляху, якія можна пераадолець.

Дзеянні і ўчынкі героя_іні

Гэта тое, што чалавек транслюе так, каб іншыя людзі былі падобныя да яго. Напрыклад, дзяўчына распавядае пра свой шлях да беларускай мовы.

www.instagram.com/sedun_nadzeya

Развіццё гісторыі

Сторытэлінг неабавязкова павінен быць толькі ў пастах, толькі ў рылз альбо толькі ў сторыз. Развіваючы гісторыю, можна распавядаць, як герой_іня пераадолеў_ла перашкоды, пачуцці і турботы. Для гэтага можна перакідваць гісторыю з паста ў сторыз і наадварот. А потым выставіць вынікі гісторыі, напрыклад у рылз.

Прыклад: хлопец-мадэль напісаў, што закрыў свой профіль у Інстаграме. А ягоная мэнаджарка распавяла, чаму хлопец так зрабіў у сябе ў сторыз. Праз сябе ён адрэкламаваў сваю мэнаджарку. Я палезла да той мэнаджаркі глядзець, чаму ён зачыніў профіль, што здарылася. А выявілася, што ў яго зачынены профіль праз атакі ботаў.

У канцы павінен быць вынік, да якога аўтар_ка хацеў_ла бы падвесці чытачоў_ак. Гэты элемент не абавязкова павінен быць пазітыўным. Ён можа выклікаць шырокі спектр эмоцый: радасць, спачуванне, здзіўленне, абурэнне, журбу. Часцей за ўсё з дапамогай гэтых вынікаў нешта прадаюць.

Фішкі сторытэлінгу

Трэба не апісваць пачуцці, а выклікаць іх.

Не распавядайце, што вы адчуваеце самі. Не кажыце: «Мне спякотна», скажыце лепш: «Сёння такі дзень, што кроплі пота сцякаюць па маёй спіне».

Трэба паказваць характар героя_іні праз учынкі. Не кажыце: «Ён быў уважлівы», а скажыце: «Ён заўсёды заўважаў, што ягоная дзяўчына любіць ружы, але тут нечакана яна сказала нешта…» Такім чынам, праз серыю дзеянняў вы пакажаце, што ён уважлівы хлопец. Надзяляйце героя_іню рознымі рысамі характару, як светлымі, гэтак і цёмнымі.

Пішыце жывой мовай, старайцеся не карыстацца канцылярызмамі, штампамі. Гэтая тэндэнцыя вельмі распаўсюджана ў рускамоўнай прасторы. Не пішыце так, быццам вы пішаце дыпломную працу. Чым прасцей, тым лепш.

Рабіце тэкст рытмічным.

Гэта значыць, што не варта нагрувашчваць тэкст кучай турботаў, эмоцый. Чым карацейшы тэкст, чым лепш ён разбіты на нейкія сэнсоўныя часткі, тым лягчэй ён успрымаецца, чытаецца і тым хутчэй чалавек яго дачытае да канца.

Папулярныя прыёмы стварэння гісторый:

Sparklines

Гэта сторытэлінг у фармаце параўнання, калі распавядаецца, як ёсць і як павінна быць.

Пялёсткі

Структура пялёсткаў уключае ў сябе некалькі гісторый вакол адной канцэпцыі альбо праблемы. Напрыклад, мяне ўжо некалькі гадоў суправаджае тэма спорту. Час ад часу я распавядаю пра спробы новых відаў спорту, як я выпадаю са спорту і вяртаюся ў яго. Я пастаянна распавядаю пра адную і тую ж тэму ў розных гісторыях.

Фальстарт

Гэта зразумелая прадказальная завязка, але потым усё перарываецца і пачынаецца наноў.