Моладзь пад рэпрэсіямі

Моладзь пад рэпрэсіямі

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца кожны месяц, тыдзень, дзень і знаходзяцца на ранейшым узроўні. Рэгулярна з’яўляюцца навіны аб катаваннях крымінальна затрыманых і адміністрацыйна арыштаваных. А месяц таму Следчы камітэт заявіў аб стварэнні відэатэкі для вылічэння ўдзельнікаў і ўдзельніц пратэстаў. Таму мы лічым асабліва важным збіраць і публікаваць выпадкі парушэнняў правоў моладзі. Артыкулы на гэту тэму вы можаце знайсці ў нашым раздзеле Крызіс 2020.


6 верасня студэнтам ЕГУ, актывістам праваабарончай арганізацыі “Вясна” Марфе Рабковай і Акіхіры Гаеўскаму-Ханадзе прысудзілі 15 і 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыма адпаведна і штраф 22400 рублёў кожнаму. Прысуд вынесены па запыце пракурора Рамана Бізюка суддзём гарадскога суда Сяргеем Хрыпачом. Пасля абвяшчэння прысуду на выхадзе з будынку былі затрыманыя сваякі, сябры і знаёмыя абвінавачаных, у т.л. прадстаўніца дыпламатычнага корпуса, павераная ў справах ЕС у Беларусі Эвеліна Шульц.


26 жніўня Брэсцкі абласны суд вынес прысуд першакурсніку адной з мінскіх ВНУ Андрэю Маславу, затрыманаму падчас спробы перасячэння беларуска-ўкраінскай мяжы з мэтай аказання дапамогі Украіне ў вайне з Расіяй. За “падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны” (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК) юнак быў асуджаны на 2,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма, нягледзячы на тое, што, па яго словах, ён не збіраўся “брацца за зброю”.


Суд Савецкага раёна г. Мінска 15 верасня вынес прысуд па крымінальнай справе былога актывіста Моладзі БНФ, палітзняволенага Арсенія Дзядка. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо ўдзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Сваю віну ў судзе Арсеній прызнаў. Суд пастанавіў пакараць палітвязня абмежаваннем волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.


З настаўніцай вышэйшай катэгорыі бабруйскай школы № 27 Ларысай Секержыцкай, якую затрымлівалі і судзілі ў сакавіку за жоўта-блакітную стужку ў валасах, не падоўжылі кантракт на працу ў школе, нягледзячы на ейны 17-гадовы стаж. Секержыцкая звярнулася да грамадскасці сваіх рэпетытарскіх паслуг, а таксама дала вялікае інтэрв’ю бабруйскаму выданню 1387.by, у якім расказала пра ціск школьнай адміністрацыі, падтрымку калектыва і вучняў і жыццё беларускамоўнага педагога ва ўмовах сучаснай беларускай школы.


1 верасня падчас лінейкі ў гімназіі No 1 г. Наваполацка падчас мілітарысцкага выступу з удзелам дзяцей адна з глядачак выйшла на імправізаваную сцэну з паднятымі рукамі, паказваючы знак “вікторыя”. Дзяўчына была затрыманая і аштрафаваная, аднак не выйшла на свабоду, нягледзячы на тое, што з’яўляецца маці малагадовага дзіцяці.


3 верасня быў затрыманы кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі БДМУ Уладзімір Пікірэня за тое, што, па яго словах, міліцыянтам “не спадабалася рамка нумароў — не тых колераў” (верагодна, аўтамабільнага нумара, — заўв. рэд.). Пазней стала вядома, што мужчына выйшаў з аддзялення міліцыі на свабоду.


7 верасня быў затрыманы студэнт 5 курса лячэбнага факультэта БДМУ Аляксей Жыбуртовіч. “Пакаяльнае” відэа з яго ўдзелам было пазней апублікаванае на адным з праўладных тэлеграм-каналаў.


6 верасня на волю выйшла 20-гадовая Сафія Малашэвіч, якая знаходзілася ў зняволенні два гады, асуджаная за нанясенне малюнкаў на элементы сістэмы “Рубеж” падчас аднаго з мінскіх пратэстных маршаў.


8 верасня на волю выйшаў 21-гадовы студэнт МДЛУ Ілля Тананка, раней асуджаны на 1,5 гады “хіміі” за нанясенне надпісу “Балаба – забойца” на сцяну дома, дзе пражываў начальнік мінскага АМАПа Дзімітрый Балаба.


Крыніца: дайджэст “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай